«Некалі як нож, некалі як брусок»: кім быў і застанецца для нас Алесь Пушкін?

У турэмных засценках загінуў Алесь Пушкін — абсалютна, да неверагоднасці і нерацыянальнасці, не здатны да кампрамісаў творца.

Ён сам выбраў свой лёс: вяртаючыся з Кіева, мастак быў у курсе, што на радзіме на яго завялі крымінальную справу. На адной з апошніх фатаграфій ён трымае пальцы рук скрыжаванымі: ведае, што яго чакае. Хоць меў запрашэнне і ўсе магчымасці застацца ва Украіне, дзе апошні раз у жыцці ўдзельнічаў у мастацкай выставе.

Сэрца мастака спынілася падчас аперацыі, аднак сапраўдная прычына яго гібелі ўсім вядомая — вінаваты антыбеларускі рэжым.

Творчасць Алеся Пушкіна лёгка паддаецца класіфікацыі: акцыяніст і мастак нон-канфарміст. Аднак творчасць Алеся Пушкіна — з’ява нашмат большая, чым пэўныя мастацкія кірункі, а як аўтар ён большы, чым нон-канфарміст.

Яго жыццё ніякім чынам не аддзялялася ад яго мастацтва, а мастацтва не аддзялялася ад яго жыцця, якое ў выніку нагадвала нейкі бясконцы перформанс. Нават на судзе ён парэзаў сабе жывот… Дзейнічаў як мастак, бо выкарыстаў сваё цела як палатно, яму падуладнае. Мастацтва заўсёды было яго зброяй, якую ён лічыў даволі эфектыўнай і ўжываў яе своечасова і па прызначэнні.

…Некалі як нож, некалі як брусок. У Караткевіча ёсць верш «Паэт», напісаны ў год яго смерці — у 1984-м. Верш пра тое, што брусок (творца) точыць зброю для вырашальнай бітвы.

Заканчэнне там такое:

Спявае нож у час вайны за волю, / Брусок — у рабства час спявае ён. / Калі ж залье крывёй радзімы пожні, / І пойдзе гнеў да эшафотных стром, / І зломіцца аб сталь кінжал апошні —/ Ну што ж? / Тады ўжо можна і бруском.

Алесь Пушкін. Палатно, кроў мастака. 1989.

Ён «адступаў», рыхтаваў тылы: у «мірны час» у Віцебску заснаваў галерэю «У Пушкіна», у «рабства час» расціў дзяцей, займаўся рэстаўрацыяй гістарычных роспісаў і сам распісваў рэлігійныя будынкі, пісаў нацюрморты і краявіды амаль у духу Пітэра Брэйгеля, не зважаючы на сусветныя мастацкія трэнды, таму што мастацтва — зброя, а не самамэта, і таму што яго Беларусь была менавіта такой — чыстай, глыбокай і таямнічай; ладзіў Купалле і іншыя актыўнасці.

Алесь Пушкін. Дома.

А калі лічыў патрэбным, то выходзіў, аднойчы з віламі, хоць скарыстаўся імі сімвалічна. У 1999-м усадзіў вілы ў тачку з гноем, праткнуўшы партрэт прэзідэнта, такім чынам мастак «падзякаваў» за пяцігоддзе яго кіравання. Усё гэта адбывалася каля прэзідэнцкай адміністрацыі.

Ён не аддзяляў сябе ад сваіх герояў. Запачаткаваў гэту тэндэнцыю, калі быў студэнтам: у 1989 годзе напісаў палатно сваёй крывёй. Рух крыві стварыў бел-чырвона-белы сцяг, зверху мастак пакінуў адбітак рукі. Гэта палітычны маніфест, і мастацкі, безумоўна… Усе яго палотны ад таго часу будуць пра Беларусь. А партрэт Яўгена Жыхара, за які яго затрымалі ў сакавіку 2021-га, асабліва цяпер выглядае як яго Alter ego.

Алесь Пушкін. Яўген Жыхар. Фота: mostmedia.io

Яўген Жыхар, адзін з удзельнікаў беларускага паваеннага антысавецкага рэзістансу, паводле адной з версій, загінуў у баі ад рук міліцыі, паводле іншай — пакінуў для сябе апошні патрон. Такія розныя гісторыі, як пра меч і брусок, і такія паміж сабой звязаныя.

Абсалютна неверагодна ўявіць сабе такую сітуацыю, што беларускае мастацтва пасля яго смерці не стане іншым.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!