Не стала Яёі Кусама, японскай мастачкі, якая ператварыла свае страхі ў найбольш пазнавальную мову сусветнага мастацтва

Культура
Яёі Кусама на інсталяцыі "Апантанасць гарошкам", 2012. © Yayoi Kusama, прадастаўлена Ota Fine Arts (Токіа/Сінгапур), Victoria Miro Gallery (Лондан), David Zwirner (Нью-Ёрк).

У Токіа на 98-м годзе жыцця памерла Яёі Кусама — мастачка, якую свет ведаў як «каралеву гарошку». Яе фонд паведаміў, што Кусама сышла яшчэ 14 жніўня, але да апошніх дзён не выпускала з рук пэндзаль.

Фірмовы гарошак Кусамы, які пасля скарыў дызайнераў Louis Vuitton і галерэі Tate Modern, нарадзіўся не з камерцыйнага пошуку. Гэта быў вынік дзіцячых галюцынацый і цяжкага псіхічнага разладу. У дзесяць гадоў яна ўпершыню пабачыла, як узор на абрусе пачынае разрастацца і закрываць сабой увесь пакой, сцены і яе ўласнае цела. Замест таго, каб хавацца ад гэтых фантомаў, Кусама пачала іх маляваць, супакойваючы свой страх праз бязмежнае тыражаванне аднаго і таго ж элемента.

Не стала Яёі Кусама, японскай мастачкі, якая ператварыла свае страхі ў найбольш пазнавальную мову сусветнага мастацтва
«Бясконцы люстэркавы пакой — Поле фаласаў», 1965 год, галерэя Кастэлане, Нью-Ёрк. Фота: https://kitsunelands.pl.

У 1950-я яна збегла з кансерватыўнай Японіі ў Нью-Ёрк, дзе практычна без грошай і ведання мовы ўварвалася ў мужчынскі свет абстрактнага экспрэсіянізму. Яна ладзіла аголеныя хэпенінгі на Бруклінскім мосце, спаборнічала ў папулярнасці з Эндзі Уорхалам і пакрывала фірмовымі кропкамі ўсё — ад палотнаў да аўтамабіляў.

Не стала Яёі Кусама, японскай мастачкі, якая ператварыла свае страхі ў найбольш пазнавальную мову сусветнага мастацтва
Фота: https://kitsunelands.pl.

З 1977 года мастачка па сваёй волі пераехала жыць у псіхіятрычную клініку ў Токіа. Штодня яна проста пераходзіла дарогу, каб адпрацаваць змену ў сваёй майстэрні, і вярталася ў палату. Менавіта гэтая закрытасць ад знешняга свету нарадзіла яе знакамітыя «Бясконцыя люстэркавыя пакоі» (Infinity Rooms) — ілюзіі бязмежнага космасу, у якія ў XXI стагоддзі людзі стаялі ў шматгадзінных чэргах, каб патрапіць у музеі і зрабіць адно фота для сацсетак.

Не стала Яёі Кусама, японскай мастачкі, якая ператварыла свае страхі ў найбольш пазнавальную мову сусветнага мастацтва
Яёі Кусама, «Усё маё вечнае каханне да гарбузоў», Музей Хіршхорна і Сад скульптур, Вашынгтон, акруга Калумбія. Фота: https://kitsunelands.pl.

Кусама ператварыла сваю псіхалагічную траўму ў метафару, а свет у адказ аддаў ёй усе магчымыя лаўры. Яна стала першай жанчынай, якая прадстаўляла Японію на Венецыянскай біенале, і атрымала Імператарскую прэмію — найвышэйшую ўзнагароду Японіі ў галіне мастацтва. У 2014 годзе часопіс The Art Newspaper афіцыйна прызнаў яе найбольш наведвальнай мастачкай у свеце, а часопіс TIME уключыў у спіс 100 самых уплывовых людзей планеты. У Токіа яшчэ пры яе жыцці адкрыўся персанальны музей Яёі Кусамы, а яе працы прадаваліся на аўкцыёнах за мільёны долараў, робячы яе найбольш прызнанай і самай дарагой з жывых мастачак сучаснасці.

Сама Яёі Кусама пайшла за межы люстэркавых пакояў, але яе бязмежны космас ужо не сцерці ні з гісторыі мастацтва, ні з нашай стужкі ў сацсетках.

Не стала Яёі Кусама, японскай мастачкі, якая ператварыла свае страхі ў найбольш пазнавальную мову сусветнага мастацтва
Яёі Кусама, «Бясконцы люстэркавы пакой — Душы за мільёны светлавых гадоў адсюль», музей The Broad, Лос-Анджэлес (2013).

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!

REFORM.news
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.