Беларускі ПЭН апублікаваў хроніку парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры за перыяд 1–15 верасня 2023 года.
На 15 верасня 2023 года: людзей слова ў няволі – не менш за 32, дзеячаў культуры ў няволі – не менш за 128.
1. 5 верасня ў Віцебскім абласным судзе ў закрытым рэжыме пачаўся разгляд крымінальнай справы мужа і жонкі – відэааператара Вячаслава Лазарава і настаўніцы рускай мовы Таццяны Пыцько. Вячаслава Лазарава абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 361.4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, учыненае паўторна або групай асоб па папярэдняй змове), супраць Таццяны Пыцько – паводле ч. 1 арт. 361.4 Крымінальнага кодэкса (вярбоўка, іншае ўцягванне асобы ў экстрэмісцкую дзейнасць, навучанне, а таксама іншае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).
2. 11 верасня ў Мінскім гарадскім судзе пачаўся разгляд крымінальнай справы саліста музычнага гурта «Закон гуку» Аляксея Кузьміна. Яго абвінавачваюць паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 130 (дапамога ў распальванні варожасці або разладу) і арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
3. 11 жніўня з’явілася інфармацыя, што Ларыса Шчыракова не стала падаваць апеляцыйнай скаргі ў Вярхоўны суд на рашэнне Гомельскага абласнога суда. Ларысу Шчыракову этапуюць з СІЗА ў жаночую калонію ў Гомелі на вуліцы Антошкіна, 4. 31 жніўня ў Гомельскім абласным судзе Ларысе Шчыраковай быў вынесены прысуд – 3,5 года калоніі і штраф 3500 рублёў (1386 долараў) паводле арт. 369.1 Крымінальнага кодэкса (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь) і арт. 361.4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Ларыса Шчыракова – журналістка, краязнаўца, рэжысёрка-дакументалістка, папулярызатарка гісторыі і культуры, выканаўца народных песень, рэканструктарка народных абрадаў, каардынатарка праекта ўшанавання памяці рэпрэсаваных «Забітыя і забытыя». Выканаўца ролі рэпрэсаванай і расстралянай беларускай палітычнай дзяячкі Палуты Бадуновай у фільме «Палута Бадунова: успомніць і не забыць».
4. 14 верасня ў Гомельскім абласным судзе ў закрытым рэжыме пачаўся разгляд крымінальнай справы музыкаў гурта «Tor Band» Яўгена Бурло, Дзмітрыя Галавача і Андрэя Ярэмчыка. «Tor Band» – беларускі гурт, яго кліпы на песні «Мы – не народец», «Жыве!», «Кто, если не ты?!» маюць больш за мільён праглядаў на YouTube. Музыкі гурта «Tor Band» былі затрыманы 28 кастрычніка 2022 года, ім некалькі разоў запар прызначалі 15 сутак арышту. У студзені 2023 года Дзмітрыя Галавача, Яўгена Бурло і Андрэя Ярэмчыка перавялі ў СІЗА ў Гомелі, у дачыненні да іх была распачата крымінальная справа. Падчас знаходжання музыкаў у зняволенні гурт быў прызнаны ўладамі «экстрэмісцкім фарміраваннем».
1. 1 верасня ў Талачыне паводле адміністрацыйнай справы асудзілі Таццяну Пабяржыну – загадчыцу аддзела абслугоўвання і інфармацыі цэнтральнай бібліятэкі Талачына. Яе аштрафавалі на 1110 рублёў (435 долараў) за падпіскі ў сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі» на «Зеркало» і «Белсат». Таццяна Пабяржына была затрымана 31 жніўня.
2. 7 верасня ў Мінску паводле ч. 2 арт. 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях (распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў) на 13 сутак арыштаваны прадавец «экстрэмісцкай» кнігі пра забойства Вільгельма Кубэ, паведаміла Генеральная пракуратура. Пракуратура Першамайскага раёна Мінска знайшла ў інтэрнэт-краме «Wildberries» кнігу гісторыка Алега Усачова пад рэдакцыяй Анатоля Тараса «Хто, як і навошта забіў Вільгельма Кубэ». Імя арыштаванага не называецца.
3. 11 верасня ў Верхнядзвінску затрыманы Антон Бубала (1942 года нараджэння) – публіцыст, паэт (друкаваўся ў газетах «Народнае слова», «ЛіМ»), аўтар зборнікаў гумарэсак «Паехалі», паэтычнага зборніка «Бяроза над затокай», адзін з аўтараў кнігі «Памяць. Верхнядзвінскі раён», краязнаўца, папулярызатар беларускай культуры, ганаровы грамадзянін Верхнядзвінска, вязень нацысцкага канцлагера ў Саласпілсе.
1. 2 верасня ў Лідзе на музычным фестывалі «LidBeer», які вырашылі правесці ўпершыню за тры гады пад лозунгам «Аб’ядноўваем розных», затрымалі двух чалавек за тое, што яны крычалі «Жыве Беларусь!».
2. 11 верасня стала вядома, што ў Ваўкавыску за нібыта распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў затрыманы Віталь Крысюкевіч. Пры ператрусе ў яго знайшлі бел-чырвона-белую сімволіку. Віталя Крысюкевіча арыштавалі на 10 сутак паводле арт. 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях.
3. У Магілёве ўладальніцу салона прыгажосці затрымалі і аштрафавалі на 3700 рублёў (1465 долараў) за манікюр з бел-чырвона-белай сімволікай.
У калоніі ў Наваполацку Андрэй Аляксандраў на працягу 7 месяцаў быў пазбаўлены перадач і званкоў. Андрэй Аляксандраў – журналіст, медыяменеджар, паэт, аўтар тэкстаў песень. 6 кастрычніка 2022 года яго асудзілі на 14 гадоў зняволення ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
1. 4 верасня Ваўкавыскі раённы суд вынес рашэнне паводле пазову Ваўкавыскага аддзела культуры да мецэната Паўла Падкарытава аб скасаванні дамовы 2013 года па набыцці маёнтка ў Падароску. Суд скасаваў дамову за нібыта «невыкананне ўмовы па ўводзе аб’ектаў у гаспадарчы абарот». Сядзіба ў Падароску – шляхецкі маёнтак, які на працягу 8 гадоў аднаўляўся як музей беларускай шляхты і турыстычны цэнтр. Павел Падкарытаў плануе абскарджваць рашэнне суда ў вышэйшых інстанцыях.
2. 8 верасня стала вядома, што ўлады ў Гродне прыбралі з вуліц турыстычныя стэнды, прысвечаныя жыццю пісьменніцы Элізы Ажэшкі. 10 стэндаў з інфармацыяй пра Элізу Ажэшку ўсталявалі летам 2021 года да 180-годдзя з дня нараджэння пісьменніцы. Распрацоўкай праекта займаўся Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. Сродкі вылучыў Еўрапейскі Саюз. Інфармацыя на стэндах была на трох мовах: беларускай, польскай і англійскай.
3. 11 верасня Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 282, накіраваны на завяршэнне рэалізацыі праектаў, фінансаванне якіх ажыццяўлялася з прыцягненнем крэдытных і грантавых сродкаў міжнародных фінансавых арганізацый.
1. Кнігі, якія ў Беларусі прызнаны «экстрэмісцкімі матэрыяламі», будуць выдаваць у бібліятэках «абмежаванаму колу» на падставе «спецыяльнага дазволу». Пра гэта расказаў намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Віктар Пшыбытка ў сюжэце дзяржаўнага тэлеканала «Беларусь 1». З яго слоў, усе кнігі «экстрэмісцкага зместу» складана знішчыць і «часам для напісання навуковых артыкулаў або расследаванняў спецыялісты звяртаюцца і да такога чытва».
2. Са школьнай праграмы выключылі раман Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім», прысвечаны вызвольнаму паўстанню 1863 года.
1. У Беларусі толькі каля 10 % школьнікаў вучацца на беларускай мове, паведаміў міністр адукацыі Андрэй Іванец у эфіры праграмы «Вопрос номер один» на тэлеканале «Беларусь 1». Пры гэтым 40 % школ у Беларусі – беларускамоўныя. «Напэўна, хтосьці скажа, што вельмі вялікі лік і штосьці тут не так, – заявіў Андрэй Іванец. – Так, калі казаць пра колькасць дзяцей, якія вучацца ў гэтых 40 % школ – гэта каля 10 %. Чаму? Таму што гэта пераважна вясковыя школы, у якіх традыцыйна праходзяць навучанне на беларускай мове».
2. 14 верасня ў Мінску кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Сергеенка на рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі пад назвай «Дзяржаўная палітыка ў сферы гісторыі: праблемы і перспектывы захавання гістарычнай праўды і памяці» паведаміў, што Лукашэнка даручыў ураду спыніць выкарыстанне лацінкі ў назвах вуліц і геаграфічных аб’ектаў. Ліквідаваць беларускую лацінку ў тапанімічных назвах, якая для лукашэнкаўскіх уладаў асацыюецца з «заходнімі каштоўнасцямі», плануюць да канца гэтага года.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram