Не менш за 127 дзеячаў культуры ў няволі — Беларускі ПЭН

Беларускі ПЭН апублікаваў хроніку парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры за перыяд 15–30 верасня 2023 года.

На 30 верасня 2023 года людзей слова ў няволі – не менш за 31, дзеячаў культуры ў няволі – не менш за 127.

Крымінальныя палітычна матываваныя справы ў дачыненні да дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў

1. Міністэрства ўнутраных спраў дадало палітзняволеную папулярызатарку беларускай культуры і журналістку Ларысу Шчыракову ў «Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці». Ларыса Шчыракова асуджана на 3,5 года калоніі.

2. У Віцебскім абласным судзе ў закрытым рэжыме вынесены прысуд у крымінальнай справе сям’і відэааператара Вячаслава Лазарава і настаўніцы рускай мовы, маці траіх непаўналетніх дзяцей Таццяны Пыцько. Вячаслава Лазарава асудзілі на 5,5 года пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Таццяну Пыцько – на 3 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Іх абвінавацілі ў нібыта супрацы з тэлеканалам «Белсат», прызнаным у Беларусі «экстрэмісцкім фарміраваннем».

3. 28 верасня ў Гомельскім абласным судзе пачаўся новы закрыты працэс над журналістам, гісторыкам, папулярызатарам беларускай культуры Яўгенам Меркісам. Матывацыйная частка гучыць так: «Іншыя пытанні, звязаныя з прывядзеннем прысуду, вызначэння, пастановы ў выкананне». 30 траўня 2023 года Гомельскі абласны суд прызнаў Яўгена Меркіса вінаватым паводле ч. 3 арт. 361.1 Крымінальнага кодэкса («Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім»), а таксама паводле чч. 1, 2 арт. 361.4 Крымінальнага кодэкса («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці») і асудзіў на 4 гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Яўген Меркіс быў этапаваны ў калонію ў Шклове.

Палітычна матываваныя адміністрацыйныя затрыманні і арышты дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў

8 верасня 2023 года суд Глыбоцкага раёна вынес рашэнне ў адміністрацыйнай справе музыкі Руслана Рагоўскага. Яго арыштавалі на 10 сутак паводле ч. 1 арт. 24.23 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях за нібыта «праведзенае пікетаванне, не дазволенае ўладамі» – два фотаздымкі з гербам «Пагоня» і выявы бел-чырвона-белага сцяга, размешчаныя ў сацыяльнай сетцы «УКантакце».

Суды і арышты за беларускую і ўкраінскую нацыянальную сімволіку

1. Рашэннем суда Сенненскага раёна паводле ч. 1 арт. 24.23 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях за нібыта «праведзенае пікетаванне, не дазволенае ўладамі» на 2220 рублёў (880 долараў) аштрафаваны Вячаслаў Яхнавецкі. «Правапарушэнне» Вячаслава Яхнавецкага ў тым, што пры праверцы дакументаў ён паказаў супрацоўнікам міліцыі пашпарт у вокладцы з гербам «Пагоня».

2. Суд Рагачоўскага раёна разгледзеў адміністрацыйную справу жыхара аграгарадка Лучын Рагачоўскага раёна. На падставе арт. 24.23 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях яго абвінавацілі ў нібыта «несанкцыянаваным пікетаванні» за бел-чырвона-белы сцяг на плоце каля ўласнага дома і аштрафавалі на 740 рублёў (225 долараў).

3. 11 верасня суд Докшыцкага раёна пастанавіў арыштаваць на 10 сутак Валерыя Яцкоўскага паводле ч. 2 арт. 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях за нібыта «распаўсюд экстрэмізму» – размяшчэнне ў сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі» герба «Пагоня» і бел-чырвона-белага сцяга.

4. 22 верасня стала вядома пра затрыманне рабочых Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода. Супрацоўнікі міліцыі знайшлі на тэлефоне ў аднаго з затрыманых відэа застолля, на якім рабочыя выказваюцца ў падтрымку Украіны: «Слава Украіне! Беларусы за родную брацкую Украіну! Героям Слава! Слава Украіне!».

Умовы ў месцах пазбаўлення волі, катаванні зняволеных

У турмах і калоніях палітзняволеных дзеячаў культуры працягваюць абмяжоўваць у ліставанні – лісты даходзяць толькі ад блізкіх сваякоў.

Знішчэнне мясцін памяці

У Магілёве падчас рэканструкцыі праспекта Дзімітрава дэмантавалі крыж на месцы ўшанавання памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій.

Рэпрэсіі ў кніжнай сферы

Пракуратура Мінскай вобласці выявіла наяўнасць у электронных каталогах цэнтральных і сельскіх бібліятэк кніг, прызнаных судамі «экстрэмісцкімі матэрыяламі», і запатрабавала выключыць іх з каталогаў. Падчас адмысловага маніторынгу пракуроры выявілі ў каталогах інфармацыю пра 9 кніг, прызнаных рашэннямі суда Цэнтральнага раёна Мінска «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Пракуроры раёнаў вынеслі кіраўнікам 9 бібліятэк прадпісанні, запатрабавалі выдаліць з каталогаў кнігі, прызнаныя «экстрэмісцкімі». Назваў кніг служба інфармацыі пракуратуры Мінскай вобласці не агучвае.

Скасаванне і забарона культурніцкіх мерапрыемстваў

У Белаазёрску Брэсцкай вобласці ўлады забаранілі праводзіць літаратурна-песенны фестываль «Бабіна лета з Нінай Мацяш». З 2010 года фестываль традыцыйна адбываўся 20 верасня, у дзень нараджэння Ніны Мацяш, у Доме культуры Белаазёрска. У ім удзельнічалі літаратары, школы, бібліятэкі, мясцовыя ўлады. Ніна Мацяш (1943–2008) – паэтка і перакладчыца з нямецкай, польскай і французскай моў, аўтарка кніг для дзяцей.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!