Ліст берасцейскага ваяводы - экспанат Музея Вольнай Беларусі. Фота: facebook/freebelarusmuseum
Музей Вольнай Беларусі пашырае калекцыю, цяпер ён збірае экспанаты, гістарычныя артэфакты розных эпох, якія сведчаць пра шматвяковае змаганне беларускага народа за свабоду і годнасць.
Так, новым экспанатам музея стаў сакрэтны ліст берасцейскага ваяводы, барацьбіта супраць расійскага паглынання. Ліст быў напісаны ў 1773 годзе дзяржаўным дзеячам ВКЛ Янам Антоніем Гараіным, што займаў пасаду берасцейскага ваяводы. Ліст быў напісаны ва ўмовах, калі тэрыторыя Рэчы Паспалітай была наводненая расійскімі і прускімі войскамі, а паміж рознымі палітычнымі групоўкамі ўнутры краіны ішла зацятая барацьба, — тлумачаць у сацсетках музея.
Па гэтай прычыне аўтар ліста прымяніў шэраг мераў засцярогі, усведамляючы ўзровень кантролю за прыватнай карэспандэнцыяй у дзяржаве. Сваё імя на капэрце ён пазначыў як «J. Niaroh», што адкрывала таямніцу аўтара паслання пры прачытанні яго ззаду наперад – «J. Horain».
Ліст быў напісаны 17 ліпеня 1773 года, у тыя часы, калі праходзіў Падзяляльны Сейм, ініцыяваны Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй дзеля ўзаконьвання Першага падзелу Рэчы Паспалітай. У сваім лісце Ян Антоній Гараін кранае розныя палітычныя тэмы, сярод іншага – што яго самога падгаворваюць «падпісаць што-небудзь» (верагодна, размова пра ўзаконьванне Першага падзелу), але на гэта брэсцкі ваявода адзначае – «рэзалюцыі не бяру і на падобныя ўгаворы не згаджаюся».
Ян Антоній Гараін (польск.: Jan Antoni Horain, 1686 — 1777) — дзяржаўны дзеяч і ўраднік Рэчы Паспалітай. Пасаду берасцейскага ваяводы ён займаў з 1768 года і да сваёй смерці ў 1777 годзе. У 1768 годзе ён далучыўся да Барскай канфедэрацыі, якую пакінуў у 1772 годзе.
Набыццё артэфакта стала магчымым дзякуючы падтрымцы Музея Вольнай Беларусі з боку Амбасады Каралеўства Нідэрландаў у Варшаве.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram