Прызначаная дата правядзення аднаго з самых маштабных беларускіх фестываляў Lidbeer. Ён адбудзецца 13 верасня ў Лідзе ў Дзень горада. Таксама абвясцілі старт продажу квіткоў. Першыя квіткі на гала-канцэрт прадаюцца па цане 60 рублёў, VIP-катэгорыя — 195 рублёў. Дзеці да 12 гадоў ці ростам да 140 см у суправаджэнні дарослых змогуць прайсці да сцэны бясплатна. Асноўная зона фестывалю застаецца бясплатнай для ўсіх, а таксама ўсе жадаючыя змогуць наведаць Музей Лідскага бровара без аплаты.
Абяцаюць мноства зон забаў, разнастайны фудкорт, чыл-зоны, горад майстроў і канцэрт на галоўнай сцэне на Дажыначнай плошчы. Падрабязнасці паведамяць пазней.
Фестываль Lidbeer — адзін з найбуйнейшых у Беларусі, штогод ён збірае больш за 100 тысяч гасцей. У 2023-м фестываль адбыўся ў верасні пасля трохгадовага перапынку. Яго прымеркавалі да 700-годдзя Ліды. Фэст быў бясплатны і з іншымі арганізатарамі. Хэдлайнерам стаў беларускі сімфанічны аркестр Classic Energy, чыім кавер-версіям Nirvana, Queen і Bon Jovi падпяваў шматтысячны натоўп.
У 2024 годзе замест фестывалю Lidbeer правялі «ХарчФэст», прысвечаны харчовай прамысловасці Гродзенскай вобласці. Хэдлайнерам канцэрта была Вольга Бузава, якая знаходзіцца пад санкцыямі за падтрымку вайны.
Сачыць за фэстам можна ў тэлеграм-канале і на сайце.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram