«Не думаю, што пасля ад’езду ўкраінцаў і беларусаў пачнецца залатая эра»: польскі журналіст — пра інцыдэнты да і падчас канцэрта Макса Каржа

Канцэрт беларускага рэпера Макса Коржа ў Варшаве выклікаў гарачую дыскусію: якое пакаранне мусяць атрымаць парушальнікі правапарадку, і што (не) хаваецца за рэакцыяй грамадства(ў) на паводзіны прыхільнікаў беларускага рэп-выканаўцы.

Польскі журналіст «Белсата» Якуб Бернат лічыць, што рэакцыя польскай супольнасці на падзеі на канцэрце Макса Коржа — гэта класічны прыклад «маральнай панікі».

Аўтар сцвярджае, што сітуацыя, калі фанаты пераскочылі праз агароджу, была раздзьмутая медыя і тролямі, хаця аналагічныя інцыдэнты адбываліся і раней на канцэртах.

«У 1966 годзе адбыліся сутыкненні з міліцыяй пад Кангрэсавай залай перад канцэртам Rolling Stones. У 1969 годзе на канцэрце The Doors у Афінах успыхнулі беспарадкі. Нават канцэрты стрыманых The Beatles выглядалі як вар’ятня з-за істэрычных фанатак, — прыводзіць ён прыклады. — Я памятаю, як на канцэртах на варшаўскай «Агрыколі» ў 1990-х біліся цэлыя банды панкаў і скіноў, і іх даводзілася разганяць браняванай паліцыі. Гэтым разам усё скончылася пераскокам бар’ераў. Стадыён не быў разбураны, ніякія беспарадкі не перакінуліся на вуліцы».

Якуб Бернат звяртае ўвагу і на кантэкст.

«Усходняя моладзь — у адрозненне ад цяперашняй польскай — значна больш спантанная, анархічная і схільная парушаць нормы. У Польшчы ў выніку дзесяцігоддзяў міру і адноснага дабрабыту наша моладзь проста астарэла і стала больш ветлівай, за выключэннем, хіба што, фанатаў футбольных клубаў».

З якім правапарушэннямі пагаджаецца журналіст — гэта дэманстрацыя сцягоў Правага сектара ў колерах УПА і з сімвалам «Азова».

«Адзінае, што можна было б крытыкаваць, — гэта сцяг Правага сектара ў колерах УПА, які прынёс адзін чалавек на 60 тысяч гледачоў. І адзін сцяг з сімвалам «Азова» — скажам так, украінскай фашысцкай групоўкі, але абсалютна станоўча (паводле афіцыйных заяў) настроенай да Польшчы і палякаў.

Гэта адразу ж было вылаўлена «зацікаўленымі». На відэа, размешчаных у інтэрнэце, відаць, што «нехта» зрабіў спецыяльнае набліжэнне на гэтыя сцягі (ці было гэта зроблена аператарам, ці мантажорам — не ведаю). Гэты выява была размножана ў тысячах экзэмпляраў. Але віноўнік шуміхі ўжо паспеў папрасіць прабачэння ў палякаў, што нейкім чынам засталося незаўважаным».

Не абмінуў увагай Якуб Бернат і спантанны мітынг фанатаў на варшаўскай Волі, які абурыў мясцовых жыхароў.

«Каля 1,5 тысячы фанатаў Макса Каржа сабраліся ў варшаўскай Волі, запалілі фаеры, паспявалі і былі разагнаны паліцыяй. Увага, адбылося «жудаснае разбурэнне» — яны пакінулі на лаўках і тратуарах банкі і бутэлькі з-пад алкаголю.

Усяго затрымалі больш за 100 чалавек, прычым за такія «злачынствы», як распіццё алкаголю ці захоўванне наркотыкаў. Чым гэтыя сітуацыі адрозніваюцца ад прыезду тысяч футбольных фанатаў падчас розных спаборніцтваў? Заўсёды хтосьці выпівае, хтосьці сварыцца і б’ецца. Абмеркаванне гэтага займае літаральна хвіліну», — разважае тэлерэпарцёр.

На думку аўтара, гэтая падзея была выкарыстана для распаўсюджання антыўкраінскіх і антыбеларускіх настрояў. Ён лічыць, што гэта частка інфармацыйнай вайны з боку правых сіл і расійскіх троляў, якія імкнуцца пасварыць палякаў з суседзямі.

«Канцэрт прайшоў без якіх-небудзь інцыдэнтаў. І ўсе спакойна разышліся», — звяртае ён увагу на тое, што шоу Макса Каржа не абмежавалася адно правапарушэннямі.

Аўтар прыходзіць да высновы, што замест таго, каб абвінавачваць усходнюю моладзь у беспарадках, палякам варта паглядзець на свае праблемы. Ён мяркуе, што гэтыя інцыдэнты паказваюць, што пасля ад’езду ўкраінцаў і беларусаў канфлікты ў Польшчы не знікнуць, а толькі пяройдуць у іншую плоскасць.

«Не думаю, што пасля ад’езду ўкраінцаў і беларусаў пачнецца залатая эра», — падсумоўвае аўтар.

Якуб Бернат — польскі журналіст і публіцыст, які спецыялізуецца на тэмах Усходняй Еўропы, у першую чаргу Беларусі. Ён вядомы сваёй працай на тэлеканале «Белсат», дзе аналізуе палітычныя, ваенныя і сацыяльныя падзеі ў рэгіёне.

Нагадаем, што шасцярых беларусаў і 57 украінцаў высылаюць з Польшчы пасля інцыдэнтаў на канцэрце Макса Каржа.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!