Reform.news

Не адзін дзень, а цэлы двухдзённы фэст: на гэтых выходных у Гданьску абвесцяць лаўрэатаў 15-й Прэміі імя Ежы Гедройця

Reform.news · 4 ноября 2026, 17:00

https://reform.news/ne-adzin-dzen-a-cjely-dvuhdzjonny-fjest-na-gjetyh-vyhodnyh-u-gdansku-abvescjac-la-rjeata-15-j-prjemii-imja-ezhy-gedrojcja/

6 і 7 лістапада ў Гданьску адбудзецца свята беларускай літаратуры, кульмінацыяй якога стане ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў 15-й юбілейнай Літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця. Уваход на ўсе мерапрыемствы фэсту і саму цырымонію — вольны.

Сёлетняя эдыцыя прэміі адметная адразу па некалькіх прычынах. Па-першае, яна прымеркаваная да 120-годдзя з дня нараджэння Ежы Гедройця — мысляра, заснавальніка часопіса «Kultura» і аднаго з патронаў 2026 года ў Польшчы, які паслядоўна выступаў за незалежнасць Беларусі і раўнапраўны беларуска-польскі дыялог.

Па-другое, змяніўся сам маштаб падзеі. Калі летась падзея праходзіла ў адзін дзень, то сёлета арганізатары (Беларускі ПЭН і Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў) разгортваюць двухдзённы фэст. Мерапрыемствы распачнуцца ў пятніцу ў Гданьскай філіі публічнай бібліятэкі і працягнуцца ў суботу ў Еўрапейскім цэнтры салідарнасці (ECS).

Хто ж фіналісты?

Нагадаем, што сёлета на галоўную незалежную кніжную ўзнагароду Беларусі прэтэндуюць шэсць фіналістаў: «Цесля жыцця» — Сяргей Дубаўцэвіч (зашыфраваны ўдзел); «Лірнік» — Аляксандр Касцюковіч (зашыфраваны ўдзел); «Радзіна» — Збых Слупоўскі (выдавецтвы «Галіяфы», Maraton); «Халодныя землі» — Аляксандр Карнаўх (Gutenberg Publisher); «Боў і мерць у Хротне» — Дзяніс Трусаў (Kamunikat.org); «Пентаквантар» (кнігі 1 і 2) — Арцём Шуканаў (Gutenberg Publisher).

Шортліст сёлетняй прэміі прапаноўвае спектр разнастайных жанраў: тут і гарадское сюррэалістычнае фэнтэзі ад Дзяніса Трусава, містычны хорар ад Аляксандра Карнаўха, посткіберпанк ад Арцёма Шуканава і амаль сямейная сага ад Збыха Слупоўскага. Хто стане  лаўрэатамі Прэміі даведаемся ўжо неўзабаве.

Што ў праграме двухдзённага фэсту?

6 лістапада (пятніца, Filia Gdańska, ul. Mariacka 42):

Свята адкрыецца а 18:00 творчым вечарам паэта і выдаўца Дзмітрыя Строцава «Памежжа сустрэч». Да сустрэчы далучацца Андрэй Хадановіч, Юстына Чэхоўская і Дар’я Балабай, каб паразважаць пра памяць, эміграцыю і жыццё літаратуры па-за межамі краіны.

7 лістапада (субота, Еўрапейскі цэнтр салідарнасці):

Цэлы дзень у зімовым садзе ECS (з 12:00 да 20:30) будзе працаваць вялікі кірмаш беларускай і польскай кнігі з удзелам выдавецтваў Skaryna Press, Kamunikat, Gutenberg Publisher, Lohvinau, «Кніжны вырай» ды іншых. Паралельна адкрыецца выстава графікі Артура Вакарава і вершаванымі тлумачэннямі Сабіны Брыло «Тутэйшы дзэн».

Праграма суботы насычаная інтэрактывамі і сустрэчамі:

12:00 — Занятак «Мовы Нанова» пра беларускую лаянку і штучны інтэлект «Ці ўмее AI лаяцца па-беларуску?» з Эміліяй Гаўрус і Аляксеем (IT-Борадой) Картыннікам.
13:00 — Перакладчыцкая майстэрня з Андрэем Хадановічам і Яаннай Бэрнатовіч.
14:00 — Дыскусія пра жаночы досвед у літаратуры «Чаго хочуць пісьменніцы?» з удзелам Ганны Янкуты, Таццяны Нядбай, Леры Ваўкагонавай і Валянціны Андрэевай (мадэруе тоні лашдэн).
15:30–18:00 — Аўтарскія сустрэчы і аўтограф-сесіі з фіналістамі Прэміі Ґедройця: Аляксандрам Карнаўхам, Дзянісам Трусавым і Арцёмам Шуканавым.
18:00 — Прэзентацыя зборніка і сустрэча з лаўрэатамі прэміі «Голас пакалення свабоды».

Кульмінацыя і спецыяльны госць

Галоўная падзея вечара распачнецца а 19:00 у галоўнай зале ECS. На 15-й цырымоніі глядачы пабачаць прэм’еры буктрэйлераў усіх шасці кніг-фіналістаў, а журы абвесціць трох пераможцаў 2026 года. Вядучай вечарыны стане акторка Крысціна Дробыш.

Яркім фінальным акордам падзеі стане музычны выступ Лявона Вольскага пры ўдзеле гітараста Паўла Трыпуця.

Сёлетніх лаўрэатаў абірае журы, сярод публічных сябраў якога — пісьменнік і рэдактар Сяргей Календа, журналіст, літаратар і мінулагодні лаўрэат прэміі Сяргей Дубавец, польская перакладчыца і літаратуразнаўца Яанна Бэрнатовіч, драматург і доктар філалагічных навук Сяргей Кавалёў, а таксама пісьменніца, перакладчыца і даследчыца Ганна Янкута.

Адзначым, што анлайн-трансляцыя цырымоніі будзе зладжана на YouTube-каналах PEN Belarus (па-беларуску) і ECS (па-польску).

Час і месца падзеі: 6–7 лістапада, Гданьск, Europejskie Centrum Solidarności (plac Solidarności 1) і Filia Gdańska (ul. Mariacka 42).

Уваход: ВОЛЬНЫ на ўсе падзеі.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Реклама

Добавить комментарий