«Не адмаўляемся ад планаў у свой час прывезці нашу калекцыю на радзіму»: Наталля Задзяркоўская — пра Музей вольнай Беларусі

Главное
Сцяг з імёнамі палітвязняў аўтарства журналісткі Марыі Грыц - музейны экспанат. Фота прадастаўлена Музеем вольнай Беларусі.

Роўна год таму, 17 ліпеня, у цэнтры Варшавы, у гістарычным будынку на вуліцы Фоксаль, 11, быў урачыста адкрыты Музей вольнай Беларусі.

Падставай яго стварэння стала ўсведамленне таго, што ўдзельнікі пратэстнага руху сабралі вялікую колькасць дакументаў і артэфактаў, якія маюць гістарычную і культурную каштоўнасць.

Збіраць і паказваць такія прадметы цяпер у Беларусі небяспечна. Частка іх застаецца ўнутры краіны, а частка вывезена за яе межы людзьмі, якія выехалі па прычыне палітычнага пераследу.

Ідэю стварэння Музея вольнай Беларусі распрацавала Народнае антыкрызіснае ўпраўленне (НАУ), а кіраўніком праекта стала сябра НАУ Наталля Задзяркоўская.

Часавыя рамкі калекцыі з таго часу рассунуліся, тут сабраны экспанаты, звязаныя не толькі з падзеямі 2020 года, напрыклад, ёсць і дакументы 1990-х. Цяпер у Музеі вольнай Беларусі захоўваецца звыш ста прадметаў музейнага значэння.

У першы музейную гадавіну размаўляем са спадарыняй Наталляй пра ўнікальную калекцыю і дынамічную культурніцкую прастору Музея новай Беларусі.

«Не адмаўляемся ад планаў у свой час прывезці нашу калекцыю на радзіму»: Наталля Задзяркоўская - пра Музей вольнай Беларусі
Наталля Задзяркоўская на выставе Цемры «Лазарэт». Фота прадастаўлена Наталляй Задзяркоўскай.

— Вы чакалі памяшканне пад Музей вольнай Беларусі даволі працяглы час… Якія былі планы на гэтую прастору і як яны трансфармаваліся за прамінулы год?

— Так, мы чакалі гэтае памяшканне больш за год. Спачатку ў нас была ідэя стварыць толькі музей, прычым гістарычнага профілю.

Бо мы былі ўражаны тым, як шмат засталося артэфактаў пасля падзей 2020 года. Таму з’явілася жаданне іх захаваць, каб спачатку зрабіць часовую экспазіцыю ў Варшаве, а пасля перамогі завесці іх у Беларусь, зрабіць там асобны музей ці калекцыю ў Нацыянальным гістарычным музеі.

Такая была ідэя.

Аднак, калі мы атрымалі памяшканне, прыярытэты былі пашыраны.

Пляцоўка стала вельмі запатрабаваная творчымі людзьмі, адразу пайшлі прапановы па правядзенню выстаў, бо яна аказалася выдатнай галерэйнай прасторай.

Пасля з’явіліся прапановы па паказу спектакляў.

«Не адмаўляемся ад планаў у свой час прывезці нашу калекцыю на радзіму»: Наталля Задзяркоўская - пра Музей вольнай Беларусі
Спектакль «Паслядзяцінства. Паслябегства» Беларускага Свабоднага тэатра. Фота прадастаўлена Музеем вольнай Беларусі.

— Сапраўды, Музей адкрыўся вельмі моцнай выставай Ігара Цішына, якая ўсе гэтыя вартасці прасторы зрабіла відавочнымі…

— Шчыра кажучы, з выставай Ігара Цішына нам пашанцавала. Мы толькі атрымалі прыгожую, але пустую прастору і не мелі сродкаў на яе напаўненне. А каб зладзіць выставу, патрэбныя спецыяльнае выставачнае асвятленне, рамы і многае іншае.

Можна было год чакаць фінансавання. Аднак мы сталі шукаць, што можна зрабіць у такіх умовах. Арт-менеджарка Вольга Мжэльская падказала Ігара Цішына — як мастака, які можа зрабіць праект без нічога. Прыйсці і зрабіць.

Мы атрымалі ад Рады культуры невялікае фінансаванне пад гэтую выставу. Мастак прыехаў, і памяшканне зайграла так, што мы яшчэ месяц пратрымалі гэту выставу, а можна было і далей яе доўжыць.

І сёлета 22 ліпеня мы хочам адкрыць працяг той выставы Ігара Цішына. Тады творца распрацоўваў ідэю разбураных сцен паміж двума імгненнямі. Сёлетняя выстава стане плёнам яго думак пра Беларусь, пра падзеі, якія адбыліся за гэты год. Яе працоўная назва: «Ад краю да краю»…

Адкрыецца экспазіцыя адначасова са святкаваннем гадавіны Музея, якую мы ўрачыста будзем адзначаць у суботу 22 ліпеня. Карыстаючыся выпадкам, запрашаем наведаць нас у гэты день. Будзе не толькі адкрыццё выставы, але і канцэрт, дзіцячая пляцоўка, арт-маркет.

У гэты дзень мы згадаем лепшае, што адбылося за гэты год, і тых людзей, якім мы удзячныя.

«Не адмаўляемся ад планаў у свой час прывезці нашу калекцыю на радзіму»: Наталля Задзяркоўская - пра Музей вольнай Беларусі
Міністр культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы Пётр Глінскі пакідае запіс у Кнізе ганаровых гасцей музея (адкрыццё выставы «Бела-чырвона-белы»). Фота прадастаўлена Музеем вольнай Беларусі.

— Якраз год таму на адкрыцці Музея вольнай Беларусі Павел Латушка паведаміў, што гэта будзе не толькі музей, а і культурніцкая прастора.

— Так, ужо да адкрыцця ўжо стала зразумела, што зрабіць музей хутка не атрымаецца…

У нас было некалькі сустрэч з польскім Інстытутам музеязнаўства з мэтай атрымаць статус музея. У Польшчы, як, дарэчы, і ў Беларусі, існуюць вельмі сур’ёзныя патрабаванні: бяспека, умовы захоўвання экспанатаў, тэмпературны-вільготны рэжым і многае іншае…

Мы зразумелі, што выкананне ўсіх патрабаванняў зойме даволі працяглы час, а, магчыма, гэты статус нам і не патрэбны. Таму мы, калі адкрываліся, ужо разумелі, што гэта будзе гісторыя не зусім і не толькі пра музей у традыцыйным яго ўспрыманні.

І сёння мы называемся так: Пляцоўка «Музей вольнай Беларусі».

«Не адмаўляемся ад планаў у свой час прывезці нашу калекцыю на радзіму»: Наталля Задзяркоўская - пра Музей вольнай Беларусі
Экспанаты музея. Фота прадастаўлена Музеем вольнай Беларусі.

Аднак ад музейнай справы мы не адмаўляемся, наша асноўная задача — назапашванне. У планах — засвоіць падвальнае памяшканне, стварыўшы там спрыяльныя ўмовы для захавання. Бо цяпер самыя каштоўныя прадметы трымаем не па гэтаму адрасу.

— І іх мала хто бачыць…

— Вось дзеля таго, каб іх убачылі, мы робім музейны пакойчык і выстаўляем туды самыя яркія нашы экспанаты. Назапашваць іх у запасніках — не лепшая справа.
Плануем гэтыя прадметы пасля выкарыстоўваць на тэматычных выставах ці прэзентаваць асобна.

Астатняя прастора застанецца шматфункцыянальнай, найперш працягне працаваць як культурніцкая. Часам гэта складана, бо, напрыклад, для многіх мастакоў важна, каб пляцоўка працавала як галерэя. Так было з мастачкай Цемрай і яе выставай «Лазарэт». Мы выдаткавалі тры тыдні толькі для яе экспазіцыі, цягам якіх тут нічога не праводзілася. Той інтарэс, які выклікала выстава, пацвердзіла правільнасць нашага рашэння. Але такую магчымасць мы не заўсёды можам адшукаць.

«Не адмаўляемся ад планаў у свой час прывезці нашу калекцыю на радзіму»: Наталля Задзяркоўская - пра Музей вольнай Беларусі
Мастачка Цемра на сваёй выставе «Лазарэт». Фота прадастаўлена Музеем вольнай Беларусі.

І трэці кірунак нашай дзейнасці — гэта дыскусійна-палітычная пляцоўка. За гэты год яе выкарысталі практычна ўсе дэмсілы — і Каліноўцы, і Паспалітае рушэнне, і штаб Ціханоўскай, і паседжанне Пераходнага кабінета адбывалася, і нават былі сустрэчы, на якой практычна ўсе сілы збіраліся разам. Для нас гэта вельмі важна — спрыяць аб’яднанню беларусаў.

Вось так за год акрэсліліся тры аноўныя кірункі нашай дзейнасці. Будзем імкнуцца сумяшчаць іх і надалей, трансфармаваць прастору і пад выставы, і пад тэатральныя імрэзы, і пад палітычныя дыскусіі. Запатрабаванасць пляцоўкі высокая і пакуль мы тут, у Варшаве, і нас тут шмат, будзем выкарыстоўваць яе для самых розных беларускіх сустрэч.

У нас якраз набліжаецца да завяршэння рамонт у адным з памяшканняў, таму будзе яшчэ адна, невялікая, але ўтульная прастора.

«Не адмаўляемся ад планаў у свой час прывезці нашу калекцыю на радзіму»: Наталля Задзяркоўская - пра Музей вольнай Беларусі
Вольны Хор на адкрыцці выставы Вольгі Якубоўскай «Малюю наша жыццё». Фота прадастаўлена Музеем вольнай Беларусі.

— Каб мастакам прапанаваць сваю выставу, трэба ведаць канцэпт таго месца, дзе будзе ладзіцца экспазіцыя. Я так разумею, што вы аддаеце перавагу палітычнаму мастацтву?

— Мы адразу вырашылі, што мы не Эрмітаж. Таму калі прыйдуць адначасова два мастакі, адзін з іх вядомы, а другі пачатковец, але працуе з беларускай павесткай, то наш выбар будзе ў яго карысць. У Варшаве шмат галерэй, дзе можна паказваць чыстае мастацтва.

Хацелася б заставацца той пляцоўкай, якая вяртае людзей у беларускую павестку, падтрымлівае яе, каб беларусы не забывалі, чаму мы тут апынуліся.

 

«Не адмаўляемся ад планаў у свой час прывезці нашу калекцыю на радзіму»: Наталля Задзяркоўская - пра Музей вольнай Беларусі
Інсталяцыя «Стол палітзняволенага» на выставе «Вітанкі з Беларусі». Фота: reform.by.

Прайшло тры гады пасля 2020 года, людзі стаміліся пастаянна знаходзіцца ў стане барацьбы, адыходзяць ад яе. Аднак нашыя выставы будуць пра боль, будуць пра надзею, будуць пра Беларусь. Ну, выбачайце, там, на радзіме, у нас канцлагер!

Мы толькі што правялі выставу Паўліны Афонінай, зусім маладзенькай дзяўчыны. Персанальная выстава ў цэнтры Варшавы… Можа, які мастацтвазнаўца падумаў бы, што зарана. Аднак яна прынесла працы, зробленыя пасля 2020 года, у якіх апісала сваю гісторыю. Яна была моцна збіта і выкінутая з міліцэйскага буса ў кепскім стане.

І яе праца пра гэтае: пра страшныя твары АМАПа і ўвесь гэты жах.

Таму беларуская павестка для нас прыярытэтная. Вось літаральна ўчора прыходзілі два польскія мастакі з камерцыйна выгоднай прапановай. У верасні будзе адбывацца Варшаўскі арт-ўікенд — вялікая падзея, у якой за гонар лічаць удзельнічаць усе галерэі горада. Гэтыя хлопцы прапанавалі ўдзел у ўікендзе, і мы вельмі доўга шукалі ў гэтай прапанове беларускі інтарэс. І знайшлі кампраміс: на сваёй выставе гэтыя польскія мастакі арганізуюць сустрэчу беларускіх і польскіх арт-менаджараў.

Мы б таксама хацелі, каб нашы мастацкія праекты праходзілі на высокім узроўні, таму цяпер дамаўляемся з вельмі вядомым беларускім куратарам, каб ён нашу выставачную дзейнасць узяў на сябе. Спадзяюся, атрымаецца.

«Не адмаўляемся ад планаў у свой час прывезці нашу калекцыю на радзіму»: Наталля Задзяркоўская - пра Музей вольнай Беларусі
Вышыўка Руфіны Базловай “Алесь Пушкін” з серыі “Гісторыя беларускай выжыванкі”. Фота: reform.by.

— Застаецца знайсці фінансаванне пад усе гэтыя тры сферы дзейнасці. І на заробак куратару…

— На сённяшні дзень пляцоўка не падтрымліваецца ніводным еўрапейскім фондам. Музей быў і застаецца праектам НАУ і яго прыналежнасць да пэўнай палітычнай структуры, з аднаго боку, добра дапамагае, з іншага — стварае складанасці ва ўзаемадзеянні з фондамі, якія арыентаваны на падтрымку толькі культурных праектаў. Але лічу, што год працы прадэманставаў адсутнасць нейкай аганжаванасці, музей — насамрэч вельмі адкрытая пляцоўка, а таксама паказаў нашу здольнасць рабіць выдатныя культурныя праекты.

І гэта прымушае нас быць мацней, шукаць выйсце. Мы пачалі камерцыялізаваць пляцоўку і за правядзенне канферэнцый ці семінараў бярэм невялікую плату. Арыентуемся тут найперш на польскую публіку.

Таксама мы знайшлі падтрымку ад адной прыватнай асобы, якой вельмі ўдзячны, маем падтрымку данатамі ад людзей, якія сюды прыходзяць.

Нядаўна мы сталі самастойнай юрыдычнай асобай, у статуце якой культурная дзейнасць — асноўны напрамак. Лічу гэта падставай для станоўчых змен у справе пошуку стабільнага фінансавання. Глядзець аптымістычна на сітуацыю з фінансаваннем дазваляе ўпэўненасць у тым, што мы робім карысную і важную справу плюс робім яе фактычна 24/7.

«Не адмаўляемся ад планаў у свой час прывезці нашу калекцыю на радзіму»: Наталля Задзяркоўская - пра Музей вольнай Беларусі
Сустэча з Маляванычам. Фота прадастаўлена Музеем вольнай Беларусі.

— Колькі чалавек тут працуе?

— Я і мая памочніца Алена, якая засталася з першых валанцёраў, яна, як адміністратар, будзе займацца камерцыялізацыяй пляцоўкі.

Ёсць хлопец, які прыходзіць ставіць гук і святло на мерапрыемствах, і дзяўчына, якая за зусім невялікія грошы дапамагае нам весці інстаграм і фэйсбук.

Вось такімі намаганнямі тут усё і рабілася. І канечне намаганнямі творцаў, з якімі мы супрацоўнічалі.

— Чым папоўнілася ваша калекцыя апошнім часам?

— Больш актыўна збіраецца архіўная, папяровая, частка, сабралі шмат дакументаў дэмсіл, усе яны захоўваюцца ў офісе НАУ.

З самага апошняга — кубкі каманды Сашы Івуліна. У яго падтрымку былі створаны некалькі каманд аматарскага футбола, быў праведзены турнір. І гэтыя прызы яны прынеслі і прапанавалі для музея. Мы з удзячнасцю ўзялі, бо гэта яскравае сведчанне салідарнасці паміж беларусамі.

«Не адмаўляемся ад планаў у свой час прывезці нашу калекцыю на радзіму»: Наталля Задзяркоўская - пра Музей вольнай Беларусі
Кубкі з турніра, праведзенага ў знак салідарнасці з Аляксандрам Івуліным. Фота: reform.by.

Ад былых палітвязняў мы атрымалі некалькі цікавых прадметаў, асабістых рэчаў.

Абяцаюць яшчэ прынесці. Ёсць такі момант, што з такімі рэчамі складана раставацца. Нехта іх адразу спальвае, а нехта не можа аддаць.

Каштоўныя артэфакты — гэта, безумоўна, лісты палітвязняў. Маем нават дзённік палітвязня, вельмі сціплы, але каштоўны сшытачак — сваеасаблівую штодзённую хроніку падзей за кратамі.

— А як паступаюць гэтыя артэфакты: больш прыносяць людзі ці вы самі знаходзіце?

— Мы пастаянна шукаем інфармацыю, і калі заўважаем, што нейкая цікавая рэч з’яўляецца, як сімвал гэтых часоў, то дамаўляемся пра перадачу.

Гэтую працу па пошуку і назапашванню музейных прадметаў плануем зрабіць прыярытэтнай. Не адмаўляемся ад планаў у свой час прывезці нашу калекцыю ў Беларусь.

Дапамагчы дзейнасці музея можна тут, прызначэнне пляцяжу — darowizna na cele statutowe.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.news


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: