«Навагодняя дачка» або «Кіношнікі». Вызначаецца пераможца конкурсу кінапраектаў на вытворчасць фільма-дэбюта

Культура
Кадр з фільма "Дастыш Фантастыш" Аляксандра Канановіча, дэбютнай карціны аўтара, якая была створана на кінастудыі "Беларусьфільм" у 2010 годзе. Фота: kinopark.by.

Толькі адна са шматлікіх прапаноў ад Міністэрства культуры Беларусі на вытворчасць ігравых кінастужак за апошнія месяцы дайшла да этапа вызначэння пераможцы. Гаворка ідзе пра лот на вытворчасць дэбютнай карціны ў ігравой форме на Рэспубліканскім конкурсе кінапраектаў.

Да конкурсу «на закупку паслуг па вытворчасці фільма ў ігравой форме — дэбютнай працы рэжысёра-пастаноўшчыка» прыняты прапановы ад двух удзельнікаў — Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» і прыватнай кінакампаніі «Медыя Куб», вядомай, у прыватнасці, па стужцы «Забароненая зона» Мітрыя Сямёнава-Алейнікава. «Беларусьфільм» выступае з праектам «Кіношнікі», вытворчасць якога ацэньваецца ў 799 997,55 рублёў.  «Медыя Куб» з праектам «Навагодняя дачка» — яго кошт 904 528,23 рублёў. Пакуль імёны рэжысёраў-дэбютантаў не агучваюцца.

"Навагодняя дачка" або "Кіношнікі". Вызначаецца пераможца конкурсу кінапраектаў на вытворчасць фільма-дэбюта
Дэбютная карціна Дзмітрыя Дзядка і Аляксея Грыневіча «Гэта я, Мінск», створаная на кінастудыі «Беларусьфільм», так на экраны і не выйшла. Фота: belarusfilm.by.

Арыентаваны кошт закупкі вымяраўся ведамствам у 500 000 рублёў. Але разглядалася магчымасць фінансавання да 800 тыс рублёў.

Жанр фільма акрэсліваўся як фестывальная/сацыяльная драма; камедыйная/лірычная меладрама; вострасюжэтны фільм (па выбары выканаўцы). Хранаметраж — не менш як 70 хвілін.

На дадзены момент камісія пры Міністэрстве культуры параўноўвае заяўкі і неўзабаве аб’явіць пераможцу.

Што да іншых лотаў, пра якія шмат пісалі СМІ, конкурс на большасць з іх не адбыўся з прычыны адсутнасці конкурсантаў. Адзіным удзельнікам, што падаваў заяўкі, быў «Беларусьфільм».

Праўда, цікавая сітуацыя склалася на тэндары на вытворчасць карціны-экранізацыі па творах беларускай літаратурнай класікі. На конкурс было пададзена ажно тры прапановы — ад «Студыі Р-2», «Першай КінаВідэаКампаніі» і зноў Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм». Але камісія не дапусціла ўсе тры заяўкі да разгляду «ў сувязі з тым, што прапановы ўдзельнікаў не адпавядаюць патрабаванням конкурсных дакументаў».

Іншыя лоты — напрыклад, «на вытворчасць паўнаметражнай карціны, прысвечанай 105-годдзю Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь», «тэлевізійнай карціны ў ігравой форме, прысвечанай дасягненням сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі» папулярнасцю з боку кінаігракоў прыватнага сектара не карысталіся. Падавалася зноў толькі Нацыянальная кінастудыя.

Ды нават «свежыя» конкурсы на вытворчасць фільма-кінаальманаха кароткаметражных студэнцкіх фільмаў, на «аказанне паслуг па вытворчасці фільма ў ігравой форме для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі» зноў перазапушчаны, бо прапановы тут сыходзілі толькі ад «галоўнай кінафабрыкі краіны». Дарэчы, прыём заявак тут яшчэ адкрыты да 17 снежня.

Мяркуем, што і вытворцам новай карціны, прысвечанай «увековечиванию памяти жертв геноцида беларусского народа в годы Великой Отечественной войны», конкурс на якую зараз знаходзіцца ў стадыі «разгляду прапаноў», стане «Беларусьфільм».

Можам сказаць, што гэта будзе яшчэ адзін ганаровы «нацыянальны праект» для дырэктара Нацыянальнай кінастудыі Уладзіміра Карачэўскага пасля «народнай карціны» «Мы — адзіны» — «пра цяжкія часы польскай акупацыі».

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.news


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: