Андрэй Куціла, Максім Швед, Арцём Лобач, Ягор Сурскі, Максім Буйніцкі, Барыс Бабок, Анастасія Карповіч, Вольга Воранава… — фільмы гэтых і іншых беларускіх рэжысёраў і рэжысэрак сёння можна паглядзець на YouTube-канале «Белсат Doc». Асобная пляцоўка была створана з мэтай прасоўвання беларускага айчыннага кіно, «каб зрабіць яго даступным для кожнага беларуса незалежна ад яго поглядаў».
За 17 гадоў «Белсат Doc» стварыў каля 200 дакументальных фільмаў, цыкл «Невядомая Беларусь», цыкл рэпартажаў «Без рэтушы», сотні тэлерэпартажаў… Да 2020 года канал выступаў альтэрнатывай дакументальнай студыі «Беларусьфільма», даючы магчымасць беларускім кінематаграфістам здымаць фільмы на вострыя і надзённыя тэмы, спрабаваць сябе ў іншых варунках. Зараз пасля пратэстаў і падзей 2020-2023 гадоў канал застаўся, бадай, адзінай пляцоўкай, дзе сёння магчымае ўзнікненне беларускага дакументальнага кіно без цэнзуры.
На канале сёння можна знайсці больш за паўтары сотні фільмаў, але што важна — платформа з тыдня ў тыдзень папаўняецца новымі стужкамі кінематаграфістаў, створанымі за апошні час.
У прыватнасці, сярод апошніх вартых увагі дакументальных фільмаў — «Да апошняга» рэжысёркі Анастасіі Карповіч. Карціна, створаная ў 2023 годзе, распавядае пра жыхароў вёскі Białkowo (Белкава), якая знаходзіцца на мяжы Польшчы і Германіі. У Белкава жывуць палешукі — вымушаныя перасяленцы з Заходняй Беларусі. Адразу пасля Другой сусветнай вайны, у 1945 годзе, людзей сілком выселілі з дамоў і адправілі на іншы канец Польшчы.
За гэта час ужо змяніліся тры пакаленні.
«Унукі і праўнукі эмігрантаў, народжаныя ў іншай краіне, не бачаць асаблівага сэнсу ў стараннях старэйшых сваякоў. Роднае Палессе знікае, але не знікла зусім — яно жыве ва ўспамінах, родных словах і песнях, і будзе жыць да апошняга», — так гучыць анатацыя да фільма.
Варта вылучыць рэжысуру карціны — у нетаропкім аповедзе адбываецца знаёмства са старажыламі-палешукамі, якія ўтрымліваюць у сябе палешуцкі код, і будуць захоўваць яго да скону. Ці ўдасца ім хоць на дзянёк вярнуцца ў Беларусь? — гэта пытанне, якое сёння задаюць сабе не толькі палешукі-перасяленцы, але і новае пакаленне беларусаў, вымушанае пасля 2020 года з’ехаць з краіны з-за пагрозы рэпрэсій. У еўрапейскай стужцы Анастасіі Карповіч мінулае і сучаснасць злучаюцца, каб задаць пытанне кожнаму з нас наконт галоўных каштоўнасцей.
Сачыць за навінкамі беларускага дакументальнага кіно можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: