Разам с сэрвісам ByMapka завіталі ў беларускамоўную кавярню «Какао» ў Варшаве. Даведаліся і пра бізнес, і пра філасофію, і пра гасцей.
Кавярня «Какао» знаходзіцца на вуліцы Grochowska, 248. Звонку яе можна і не заўважыць. Уладальнік Яўген кажа, што планаваў зрабіць прыкметнае аздабленне, але гарадскія службы папярэдзілі, што будзе рамонт на фасадзе будынку, таму лепш пачакаць. «Абяцалі скончыць усе працы да канца восені, але вось ужо канец зімы – а ўсё працягваецца».
Заходзім у кавярню – унутры толькі сам за стойкай. Адразу пытаецца, якой кавай пачаставаць. Канечне, абіраем раф – чамусьці так скалалася, што гэты напітак стаў такім звычайным у Беларусі, а вось у Польшчы яго амаль не знайсці. Таму кавярня «Какао» – адно з вельмі нямногіх месцаў, дзе раф прапануюць.
«Вучыўся ў Польшчы, але карысць жадаў прыносіць на радзіме»
Падчас прыгатавання кавы Яўген распавядае, што на працягу жыцця некалькі разоў вучыўся ў Польшчы. Першы раз – пасля выбараў 2006 года, калі хлопца і сотні іншых студэнтаў адлічылі з універсітэтаў. Потым – па стыпендыяльнай праграме Лэйна Кіркланда пісаў там дыплом пра фінансаванне самакіравання. А яшчэ пазней – працаваў над дыпломам пра развіццё прыгранічнага турызму.
– На той час я ўжо жыў у Берасці, займаўся турызмам. Мы дапамагалі палякам прыехаць у Беларусь, даведацца больш пра нашу краіну. І усё б было добра, але потым здарыўся каронавірус, закрылі межы, паток турыстаў скончыўся. Пазней адбыліся выбары. А я быў адным з тых, хто падпісаў петыцыю да мясцовых уладаў с патрабаваннем выпусціць палітвязняў. І неўзабаве ўсіх падпісантаў сталі правяраць: у фірмы прыязджалі падаткавая, розныя інспекцыі, спецслужбы. Я таксама атрымаў позву ў пракуратуру, але вырашыў не хадзіць.
Нейкі час атрымлівалася шыфравацца ў Беларусі, але гэта было складана, цяжка, дорага і бессэнсоўна. Тады я выехаў у Польшчу з разлікам на месяц – спадзяваўся, што хутка ўсё скончыцца і я змагу вярнуцца дадому. Але рэпрэсіі набіралі абароты – і вось уже мой планаваны месяц ператварыўся ў больш за 2,5 гады.
Трэба дадаць, што з’язджаць з Беларусі я ўвогуле ніколі не збіраўся. Наадварот, усе атрыманыя ў Польшчы веды я хацеў выкарыстоўваць на радзіме, прыносіць карысць менавіта там.
«Дапамагаў рэпрэсаваным беларусам, але вакол усе займаліся выпечкай»
Першы час у Польшчы Яўген займаўся дапамогай рэпрэсаваным беларусам. Кажа, што паток званкоў быў бясконцым, людзі тэлефанвалі 24/7. Такая валанцёрская справа хутка выматала, і праз некалькі месяцаў Яўген вырашыў, што трэба ад гэтага адпачыць. Таму знайшоў сабе працу з мінімальнай адказнасцю і такім чынам «разгружаў мазгі».
Так склалася, што падчас працы Яўген пазнаёміўся з вялікай колькасцю прадстаўнікоў польскага бізнесу, якія рабілі падказкі і вучылі, як весці сваю справу менавіта ў Польшчы.
– І яшчэ так атрымалася, што вакол мяне ўсе займаліся выпечкай – і прыйшла ідэя гэта ўсё прадаваць. У Польшчы зроблены ўсе ўмовы, каб рабіць гэта легальна. Так справа і дайшла да адкрыцця ўласнай кавярні.
Пакуль што працэсы наладжаныя такім чынам, што ўся выпечка робіцца дома, на месцы гатуецца толькі кава і іншыя напоі. У будучыні Яўген плануе пашырацца і абсталёўваць усе неабходнае для выпечкі ў самой кавярні.
Госці: паміж сабой размаўляюць на расейскай, з Яўгенам – на беларускай
– Дзень добры! – у кавярні з’яўляюцца першыя падчас нашага там знаходжання наведвальнікі. Імі аказваюцца сябры Яўгена, якія жывуць на раёне непадалёк.
Пасля іх з’яўляюцца і іншыя госці, потым яшчэ і яшчэ – і вось ужо ў маленькай кавярні стаіць чарга. Адны прыйшлі спецыяльна за сочнікамі, другія пытаюцца, ці ёсць тыя самыя макароны дор-блю. Ёсць сярод наведвальнікаў і палякі. Усім без выключэнняў Яўген распавядае пра конкурс: можна напісаць свой інстаграм-нік на кавалку паперы і апусціць яго ў банку. Пасля працоўнага тыдня кожную нядзелю Яўген выцягвае адну паперку – пераможца атрымоўвае каву і дэсерт бясплатна.
За наведвальнікамі цікава назіраць. Вось, напрыклад, дзяўчынкі – паміж сабой размаўляюць на расейскай, а калі падыходзяць да стойкі, ужо на беларускай пытаюцца, якія ёсць гарбаткі ў наяўнасці. А вось тыя самыя сябры, выходзячы з перапоўненага памяшкання на вуліцу крычаць, што заплацяць пазней. Нават кур’ер Glovo завітвае са сваей вялікай жоўтай сумкай і на беларускай мове купляе сабе трубачку са згушчонкай.
Пакуль на ўсё гэта глядзіш, нават забываешся, што знаходзішся ў Польшчы – сапраўдны куток Беларусі ў варшаўскай Празе. Трэба дадаць, што сам Яўген нарадзіўся ў Зэльве і з дзяцінства размаўляе па-беларуску – да гэтага хоча прызвычаіць і гасцей, і персанал.
«Каб адчыніць кавярню, спатрэбілася каля 11 000 еўра»
Калі наведвальнікі разыходзяцца і кавярня зноў пусцее, вяртаемся да размовы з Яўгенам. Высвятляецца, што беларус атрымаў у Польшчы міжнародную ахову. На падставе гэтага меў магчымасць аформіць ІП – кажа, што такая форма дзейнасці больш простая, чым спулка (кшталту беларускага ТАА), і цалкам падыходзіць для кавярні.
– Усе афармленні можно зрабіць анлайн – патрэбны толькі пашпарт і карта пабыту. Сеў, зарэгістраваў – і гатова. У маім выпадку, праўда, прыйшлося паехать у мясцовую адміністрацыю, бо была нейкая памылка ў сістэме. Маю праблему вырашылі на працягу 15 хвілін. Нават асобны банкаўскі рахунак не абавязкова было адкрывать новы – можна карыстацца сваім асабістым.
А яшчэ калі адкрываеш першую асабістую дзейнасць, то на працягу першых дзвух гадоў прадастаўляюцца ільготы на ўплату ЗУСа (так званага нашага ФСАН). Першыя 7 месяцаў я плаціў 280 злотых, а зараз ужо буду аддаваць 500 з нечым – і ў параўнанні са стандартнымі платамі гэта вельмі мала.
На тое, каб адчыніць кавярню, у Яўгена пайшло 50 000 злотых (каля 11 000 еўра). І гэта не аднаразовы ўнесак, а выдаткі прыкладна за паўгады, пакуль кавярня не пачала штосьці зарабляць. Больш за ўсё грошы пацягнулі рамонт, аплата арэнды, купля неабходнага абсталявання.
– Мне заўсёды здавалася, што на тое, каб адкрыць кавярню, патрэбна 100 000 еўра, ці нават 200 000. А як селі і падлічылі – аказалася, што не так страшна. І не такія вялікія грошы, каб не рызыкнуць.
Канечне, з адной такой кавярні не разбагацееш. Нават калі стаіць чарга, кожны з наведвальнікаў купіць каву і, напрыклад, кавалак пірага – гэта 20-30 злотых. І колькі такіх наведвальнікаў трэба ў дзень, каб стаць багатым?
«Беларусы пытаюцца пра кошты, палякі – пра складнікі»
Па словах Яўгена, першы час пра новую кавярню амаль ніхто не ведаў, таму людзі проста праходзілі міма. Потым паступова пачыналі заходзіць, цікавіцца, у многіх ужо з’явілася звычка забягаць па дарозе.
– Хтосьці проста гуляў з сабакам і зайшоў па каву – а ў нас і вада для жывёл, і заўсёды частуем чымсьці смачным. Я ўжо потым даведаўся, што многія кавярні робяць так адмыслова. Наступным разам сабака будзе памятаць, што ў гэтым месцы частуюць, і можа ўжо і сам прыцягнуць гаспадара – нават калі той і не збіраўся заходзіць. Некалькі такіх выпадкаў ужо было.
Добра працуе і «сарафаннае радыё», інфармацыя ў СМІ прайшла – людзей стала прыходзіць больш. Некаторыя нават з іншых гарадоў прыязджаюць, што для нас вельмі прыемна. Многія заходзяць, каб па-беларуску паразмаўляць – асабліва тыя, хто даўно не быў на радзіме.
Яўген кажа, што з моманту адкрыцця кавярні прайшло ўжо 5 месяцаў – і кожны дзень (акрамя аднаго тыдня канікулаў) ен сам стаіць за стойкай. З аднаго боку, гэта цяжка, з другога – вельмі цікава, бо кожны дзень прыходзяць розныя людзі. Бывае, хтосьці на хвілінку за кавай забяжыць, а за размовамі і некалькі гадзін прабудзе.
– За час працы я ўжо правёў сваё даследаванне. Напрыклад, заўважыў, што беларусы ў першую чаргу пытаюцца пра кошты, а палякі – пра складнікі. Для іх важна, напрыклад, якога памолу мука ці колькі цукру ў булачцы. Прыходзіцца тэлефанаваць вырабніку і прасіць гэта ўсё распавесці ці падлічыць. Не ведаю, для чаго людзям гэтая інфармацыя, але як даведваюцца, звычайна сыходзяць задаволеныя.
Па словах уладальніка, некалькі гасцей прыходзіла і з сэрвісу ByMapka. Але колькі дакладна – сказаць цяжка, бо людзі часта кажуць, што даведаліся з інтэрнэту. «Нават калі прапануеш зніжку, не ўсе ёй карыстаюцца – кажуць, што не хочацца лезці ў кішэню за тэлефонам». А хтосьці і адмыслова дае болей грошай, чым патрэбна – проста каб падтрымаць сваіх.
Калі вы таксама любіце падтрымліваць сваіх, заходзьце на мапу ByMapka и шукайце там бізнесы, адкрытыя беларусамі за мяжой. Там знойдзеце не толькі бары і кавярні, але і паслугі фатографаў, перакладчыкаў, масажыстаў, фларыстаў і шмат чаго іншага.
І якія планы на будучыню?
Яўген кажа, што дакладна трэба думаць пра іншыя кавярні, бо на адной нічога не заробіш. Але іншых планаў пакуль няма.
– Шчыра кажучы, я ніколі не марыў аб тым, каб стаяць за прылаўкам і прадаваць булачкі, – усміхаецца Яўген. – Зараз мне гэта падабаецца, але не ведаю, што будзе далей. Можа, прыдумаю сабе новую справу.
Што тычыцца менавіта «Какао», то дакладна магу сказаць, чаго б мне на 100% не хацелася б – каб наша сетка ператварылся ў звычайную, якіх шмат. Як гэта было з запраўкамі «А-100» у Беларусі. Яны заяўлялі аб сабе як аб беларускамоўных запраўках, а насамрэч касір мог толькі «Добры дзень» і «Да пабачэння» на мове сказаць.
Мне ж хочацца захаваць сваю філасофію, сабраць вакол сябе крутую беларускамоўную каманду і працягваць не толькі частаваць людзей смачнымі беларускімі выпечкамі, але і распавядаць ім пра нашу краіну, наш народ, звычаі і традыцыі. Каб ведалі не толькі пра Лукашэнку і дыктатуру, а і ўвогуле пра нацыю.
Партнёрскі матэрыял
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: