Чарговы трыумф нявесткі Аляксандра Лукашэнкі на «галоўным музычным конкурсе краіны» — «Песні года Беларусі». Гэта разам вядомая аўтарка тэкстаў Ганна Сялук (псеўданім Ганны Лукашэнкі, жонкі сярэдняга сына Дзмітрыя Лукашэнкі) была адзначана ў намінацыі «За ўнёсак у развіццё эстраднай песні». Да прыкладу, у мінулыя гады лаўрэтамі ў гэтай намінацыі станавіліся: Васіль Раінчык, Анатоль Ярмоленка, Эдуард Ханок…
Відаць, каб у гэтай сітуацыі не абмінуць увагай Аляксандра Саладуху — для яго прыдумалі незапланаваную намінацыю «Ён такі адзіны».
Да агульнай карціны трэба дадаць, што «Песняй года» была абрана кампазіцыя «Не здраджвай» («Не предавай») у выкананні Вікторыі Алешкі. Аўтары гэтай песні: кампазітар Алег Шаумараў, а аўтарка слоў — зноў жа Ганна Сялук.
Спявачка, лейтэнант міліцыі, салістка аркестра Галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Мінгарвыканкама Ганна Благава стала пераможцай у намінацыі «Выканальніца году». Нагадаем, што кар’ера Ганны пайшла ўгару пасля таго, як у яе рэпертуары з’явіліся песні… здагадайцеся каго? Правільна, Ганны Сялук.
«Ганаруся тым, што ў суаўтарстве з Ганнай Сялук напісалі шэраг кампазіцый: гімн сталічнай міліцыі «Мы там, дзе патрэбныя», «Сюіта Перамогі» і «Гімн народнага адзінства». Першая была прэзентавана ў 2022 годзе ў Дзень Незалежнасці Беларусі. Цяпер гэтая песня гучыць усюды, стала негалосным гімнам усёй беларускай міліцыі», — распавядала пра супрацоўніцтва з Ганнай Лукашэнка спявачка. Нагадаем, што летась і сёлета «Гімн народнага адзінства» гучаў на ўсіх канцэртах прапагандысцкай акцыі «Марафон адзінства».
Не засталіся без прызоў і іншыя прапагандысцкія артысты, што зрабілі свой унёсак у «выбарчую кампанію 2025 года».
Руслан Алехно перамог у намінацыі «Выканаўца году».
А праўладны гурт Аura, аўтары «галоўнай кампазіцыі «Марафону адзінства» «Час абраў нас» («Время выбрало нас») былі адзначаны наступны чынам. Аўтар музыкі вышэйназванай песні Яўген Алейнік быў прызнаны «Найлепшым аўтарам музыкі». А «Найлепшай аўтаркай слоў» стала адпаведна Юлія Быкава, салістка Аura і аўтарка тэкста да кампазіцыі, што «прагучала ў кожным рэгіёне нашай краіны».
Алёну Ланскую вылучылі ў намінацыі «Найлепшы музычны кліп». «Дуэт года» — Лера Бернатовіч і Арцём Скароль. Пераможца ў намінацыі «Стыль» Тэа і Вольга Рыжыкава. «Гурт года» — Cosa Nostra. «Найлепшы радыёвыканаўца» — Наста Краўчанка. «Адкрыццё года» — Nevika.
Нагадаем, што Ганна Сялук перамагала ў намінацыі «Найлепшая аўтарка словаў» тры гады запар — у 2022, 2023 і адпаведна ў 2024 годзе.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram