Беларуская рэжысёрка, збіральніца фальклору і нацыянальных строяў Воля Дземка ўжо пяць гадоў змагаецца з рэдкім і невылечным аўтаімунным захворваннем. Творца зноў вымушана папрасіць дапамогі, бо ў выніку хваробы і інтэнсіўнага лячэння ў яе назапасілася каля 19 тысяч долараў медыцынскіх даўгоў.
Вольга хварэе на рэдкае захворванне, якое разбурае пратэіны ў клетках скуры. Ужо колькі гадоў яна прымае стэроіды, якія дапамагаюць ёй прадоўжыць жыццё, аднак нясуць сур’ёзныя пабочныя эфекты. У прыватнасці, лячэнне прывяло да страты зубоў і разбурэння сківічнай косткі. Вольга хацела трапіць на эксперыментальную тэрапію, але ў выніку рэакцыі яе арганізма на лекі не падышла ў якасці кандыдата на эксперыментальнае лячэнне.
«Што зараз? Лімба. Проста чакаем, назіраем. Да ўсяго ў мяне ўвесну знайшлі другаснае аўтаімуннае захворванне (нешта кшталту Хашымота), якое ўціхара разбурае шчытавідку (прывітанне, Чарнобыль), прапісалі дадатковую гарманальную тэрапію. Агулам зараз я адчуваю сябе значна лепей», — з чорным гумарам апісвае сваю бальнічную «адысею» Воля.
Нядаўна з-за інфекцыі беларускай рэжысёрцы спатрэбіліся дзве складаныя аперацыі на сківіцы, кожная з якіх каштавала 6 тысяч долараў. Акрамя таго, Воля прайшла курс біяхімічнай тэрапіі, якая каштавала 16 тысяч долараў за дзень. Нягледзячы на тое, што большую частку гэтых выдаткаў пакрыла страхоўка, асабісты ўнёсак пацыенткі склаў каля 7 тысяч долараў. Увогуле, агульная сума даўгоў дасягнула 19 тысяч долараў.
Воля Дземка працягвае працаваць, але фізічна не можа гэта рабіць на поўную стаўку. Яна таксама дадала, што праблемы са здароўем перашкаджаюць ёй браць дадатковыя праекты для заробку. Менавіта таму сябры і блізкія вырашылі арганізаваць публічны збор сродкаў, каб дапамагчы ёй пакрыць гэтыя выдаткі.
Нагадаем, што Вольга Дземка — складальніца вялікай калекцыі беларускіх нацыянальных строяў, якую збірала на працягу 10 гадоў, купляючы элементы аддзеня ў розных людзей. Яна зняла дакументальную стужку «Песні старой Еўропы» аб беларускіх народных песнях — у фільм яна ўкладала, у тым ліку, уласныя сродкі. Альбом «Традыцыйныя народныя строі», створаны Вольгай, гэта яшчэ адзін крок на шляху да музея беларуская традыцыйнай культуры, які дзяўчына марыць адкрыць у Сіэтле.
У прамежку паміж прыёмамі чарговай дозы стэроідаў Воля працягвае ствараць — у чэрвені 2025 года калекцыя яе строяў прыняла ўдзел у Тыдні моды Паўночнай Амерыкі. На шоу былі прэзентаваныя ўкраінскія аўтэнтычныя строі канца XIX — пачатку XX стагоддзя.
Падтрымаць Вольгу Дземка можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram