«Беларуская ідэнтычнасць у 2025 годзе: як захаваць і ўмацаваць» — асобная панель, прысвечаная тэме беларускай культуры і нацыяльнай ідэнтычнасці, запланавана ў праграме канферэнцыі «Новая Беларусь». На ёй спікеры, сярод якіх прадстаўніца па справах нацыянальнага адраджэння Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Аліна Коўшык, старшы даследчык Цэнтра новых ідэй Генадзь Коршунаў, кіраўнік Беларускай Рады культуры Сяргей Будкін, абмяркуюць актуальныя праблемы беларускай культуры і іх вырашэнне.
Што значыць быць беларусам/скай сёння? Як інтэграваць вывучэнне культуры, гісторыі і мовы ў жыццё і адукацыю беларусаў? Як стымуляваць стварэнне і распаўсюд якаснага кантэнту на беларускай мове ў інтэрнэце? Як уцягнуць большую колькасць людзей у культурныя мерапрыемствы і праекты? Якім мусіць быць вобраз Беларусі і беларусаў для нас саміх і замежнікаў? — гэтыя і іншыя пытанні будуць узнятыя на дыскусіі.
Акрамя вышэйназваных асобаў, у панелі прымуць удзел: прадстаўніца Інстытута Беларускай кнігі, літаратуразнаўца Наталля Русецкая, куратарка Віленскага беларускага музея імя І. Луцкевіча Паўліна Вітушчанка, пісьменніца, журналістка Ганна Златкоўская. Мадэраваць сустрэчу будзе выконваючы абавязкі дырэктара Белсат TV, журналіст Аляксей Дзікавіцкі.
Абмеркаванне адбудзецца 3 жніўня а 16.30.
Нагадаем, што канферэнцыя «Новая Беларусь» пройдзе ў Вільні 3-4 жніўня.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram