На Гродзеншчыне адкрылі новы культурна-адукацыйны цэнтр — «Беларускі дранік»

У гарадскім пасёлку Воранава Гродненскай вобласці адкрылі культурна-адукацыйны цэнтр «Беларускі дранік» у дзень правядзення бульба-Фэста «Воранаўскі дранік», перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У некалькіх залах можна даведацца пра гісторыю з’яўлення бульбы на беларускай зямлі, атрымаць інфармацыю пра гатункі, якія вырошчваюцца ў гаспадарках раёна, пазнаёміцца з мноствам рэцэптаў страў з цёртай бульбы і жыхарамі Воранаўшчыны, якія захавалі ўнікальныя спосабы прыгатавання бульбы.

Фота: БелТА

Ёсць тут і дэгустацыйная зала, стылізаваная пад сялянскую кухню. Галоўная страва на дэгустацыйным стале, знакамітыя «нацыянальныя дзеруны» — унікальны рэцэпт з вёскі Нача. Яны рыхтуюцца з бульбы, здробненай на буйнай тарцы, да іх дадаюцца белыя грыбы, яйкі, смятана і трохі мукі. Блінцы запякаюцца ў печы ў чыгунах ў сметанковым соусе.

Як распавяла намеснік дырэктара абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Наталля Рамановіч, унікальны рэцэпт «нацыянальных дзеруноў» стаў складовай часткай дасье, якое перададзена на папярэдні разгляд у камісію ЮНЕСКА для ўнясення ў спіс Сусветнай спадчыны. Таму Воранаўскі раён не выпадкова стаў сталіцай драніка.

Фота: БелТА

Цэнтр пачне актыўна працаваць з 1 верасня, калі стартуе навучальны год і дзеці пачнуць прыходзіць цэлымі класамі.

У 2022 годзе традыцыі прыгатавання і спажывання страў з таркаванай бульбы ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!