На Фестывалі Конрада прадставілі анталогію «Літаратура ў выгнанні» з вершамі Уладзіміра Някляева і Андрэя Хадановіча

У кракаўскім Тэатры Славацкага ўчора адбылася прэзентацыя анталогіі «Літаратура ў выгнанні», выдадзенай Інстытутам культуры Віла Дэцыя (Instytut Kultury Willa Decjusza). У зборнік, аздоблены працамі беларускай мастачкі Лесі Пчолкі, увайшлі і творы сучасных беларускіх паэтаў Уладзіміра Някляева і Андрэя Хадановіча.

«Новавыдадзеная анталогія — гэта магутны поліфанічны зборнік гісторый пра выгнанне, ідэнтычнасць, страту, а таксама пра надзею, творчасць і новыя пачаткі. У яго ўвайшлі вершы, проза і эсэ, напісаныя на розных мовах падчас рэзідэнцый ICORN у Віле Дэцыя», — адзначаюць укладальнікі.

Акрамя беларускіх літаратараў у анталогіі прадстаўлены галасы творцаў з Сірыі, Афганістана, Украіны, Ірана, Турцыі.

Учора ў межах літаратурнага Фестывалю Конрада, які ладзіцца з 20 па 26 кастрычніка, на прэзентацыі зборніка публіцы чыталі свае вершы Зулема Гуцьерэс, Хаўер Л. Мора, Хулуд Шараф і Андрэй Хадановіч.

Андрэй Хадановіч з паэткамі і паэтам з Сірыі і Кубы на Фэстывалі Конрада ў Кракаве. Фота: Jadwiga Czeska-Kosiba.

Плануецца, што «Літаратура ў выгнанні» будзе даступная на кніжным кірмашы ў Кракаве, у выбраных кнігарнях, а таксама, уласна, на Віле Дэцыя.

Міжнародны Фестываль Літаратуры імя Джозэфа Конрада (Conrad Festival) — гэта найбуйнейшы штогадовы літаратурны форум у Цэнтральнай Еўропе, які праходзіць у Кракаве. Названы ў гонар славутага польска-брытанскага пісьменніка, фестываль мае выразна міжнародны характар, збіраючы сусветных літаратараў, філосафаў і дзеячаў культуры для дыскусій вакол актуальнай тэматыкі. Праграма ўключае аўтарскія сустрэчы, прэзентацыі, лекцыі і ўручэнне прэстыжнай Узнагароды Конрада за найлепшы празаічны дэбют. Ён з’яўляецца адной з найважнейшых культурных падзей Кракава як Горада літаратуры UNESCO.

Інстытут Культуры Віла Дэцыя ў Кракаве займае гістарычны рэнесансны палац XVI стагоддзя і з’яўляецца вядучым цэнтрам міжнароднага культурнага дыялогу ў Польшчы. Асноўная місія Інстытута — садзейнічанне міжкультурнаму супрацоўніцтву і абарона свабоды творчасці. Віла асабліва вядомая як адзін з ключавых цэнтраў, што прымае творцаў у выгнанні (пісьменнікаў, журналістаў) у межах праграмы ICORN (Міжнароднай сеткі гарадоў-прытулкаў), забяспечваючы ім бяспечнае месца для працягу дзейнасці і займаючыся выданнем іхніх твораў, у тым ліку анталогіі «Літаратура ў выгнанні».

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!