Магіла Старшыні Рады БНР Пятра Крэчэўскага на Альшанскіх могілках у Празе. Фота: Таццяна Нядбай.
У сталіцы Чэхіі праходзіць фестываль сучаснай беларускай культуры «Прадмова». У дзень памінання продкаў — на Дзяды — беларускія пісьменнікі, выдаўцы, прадстаўнікі мясцовай беларускай супольнасці наведалі Альшанскія і Новыя габрэйскія могілкі ў Празе, каб пакласці кветкі і запаліць знічы.
Здымкамі і лаканічным допісам «У пошуках сваіх» у сваіх сацыяльных сетках падзяліліся паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч і паэтка і старшыня Беларускага ПЭНа Таццяна Нядбай.
У маршрут пражскіх Дзядоў увайшлі месцы спачыну выдатных суайчыннікаў і дзеячаў БНР.
Пётра Крэчэўскі — Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі (1919–1928). Менавіта ён у 1921 годзе дамогся пераносу сядзібы Урада БНР у Прагу, зрабіўшы чэшскую сталіцу галоўным асяродкам беларускай палітычнай эміграцыі.
Васіль Захарка — Старшыні Рады БНР (1928–1943) і ягоная жонка Пелагія. Ён прысвяціў жыццё захаванню дзяржаўнага архіва БНР і працягу дзейнасці беларускіх інстытуцый у Заходняй Еўропе.
Міхась Забэйда-Суміцкі — выдатны беларускі оперны спявак і педагог родам з Гродзеншчыны. Забэйда-Суміцкі спяваў на 16 мовах свету і бліскуча выконваў сусветныя арыі (напрыклад, неапалітанскую «Dicitencello vuje» або арыі з опер «Рыгалета», «Травіята», «Яўген Анегін»). І пры гэтым ва ўсіх кантрактах і праграмах ён заўсёды ставіў умову: другое аддзяленне канцэрта абавязкова складаецца з беларускіх песень.
Таксама літаратары завіталі на Новыя габрэйскія могілкі да магілы сусветнага класіка Франца Кафкі — аўтара слынных раманаў «Працэс», «Замак»,«Амерыка» ды іншых твораў.
Памяць пра тых, хто зберагаў незалежную Беларусь, і пашана да сусветнай літаратурнай спадчыны — у адным маршруце пражскіх Дзядоў.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram