Reform.news

На Дзяды беларускія літаратары ўшанавалі памяць суайчыннікаў у Празе — фотафакт

Reform.news · 1 ноября 2026, 18:54

https://reform.news/na-dzyady-belaruskiya-litaratary-d1-9eshanavali-pamyacz-suajchynnika-d1-9e-u-praze-fotafakt/

У сталіцы Чэхіі праходзіць фестываль сучаснай беларускай культуры «Прадмова». У дзень памінання продкаў — на Дзяды — беларускія пісьменнікі, выдаўцы, прадстаўнікі мясцовай беларускай супольнасці наведалі Альшанскія і Новыя габрэйскія могілкі ў Празе, каб пакласці кветкі і запаліць знічы.

Здымкамі і лаканічным допісам «У пошуках сваіх» у сваіх сацыяльных сетках падзяліліся паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч і паэтка і старшыня Беларускага ПЭНа Таццяна Нядбай.

У маршрут пражскіх Дзядоў увайшлі месцы спачыну выдатных суайчыннікаў і дзеячоў БНР.

Пятра Крэчэўскага — Старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі (1919–1928). Менавіта ён у 1921 годзе дамогся пераносу сядзібы Урада БНР у Прагу, зрабіўшы чэшскую сталіцу галоўным асяродкам беларускай палітычнай эміграцыі.

Фота: Таццяна Нядбай.

Васіля Захаркі — Старшыні Рады БНР (1928–1943) і ягонай жонкі Пелагіі. Ён прысвяціў жыццё захаванню дзяржаўнага архіва БНР і працягу дзейнасці беларускіх інстытуцый у Заходняй Еўропе.

Фота: Таццяна Нядбай.

Міхася Забэйды-Суміцкага — выдатнага беларускага аперанага спевака і педагога родам з Гродзеншчыны. Забэйда-Суміцкі спяваў на 16 мовах свету і бліскуча выконваў сусветныя арыі (напрыклад, неапалітанскую «Dicitencello vuje» або арыі з опер  «Рыгалета», «Травіята», «Яўген Анегін»). І пры гэтым ва ўсіх кантрактах і праграмах ён заўсёды ставіў умову: другое аддзяленне канцэрта абавязкова складаецца з беларускіх песень.

Фота: Андрэй Хадановічй.

Таксама літаратары завіталі на Новыя габрэйскія могілкі да магілы сусветнага класіка Франца Кафкі — аўтара слынных раманаў «Працэс», «Замак»,«Амерыка» ды іншых твораў.

Фота: Андрэй Хадановіч.

Памяць пра тых, хто зберагаў незалежную Беларусь, і пашана да сусветнай літаратурнай спадчыны — у адным маршруце пражскіх Дзядоў.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Реклама

Добавить комментарий