Цырымонія закрыцця Алімпійскіх гульняў, якая адбудзецца сёння, 11 жніўня, на культавым стадыёне «Стад дэ Франс» у Парыжы, да апошняга трымае ў сакрэце імёны музычных выканаўцаў, што прымуць удзел у шоу. Чакаецца, што ў імпрэзе, рэжысёр якой — ужо вядомы зараз пастаноўшчык Томас Джолі, выступяць амерыканскія артысты: рэпер Снуп Дог, Білі Айліш і рок-гурт Red Hot Chili Peppers. Гэтаксама прэса ставіць на з’яўленне амерыканскай R’n’b-спявачки H.E.R. і актора Тома Круза, які мусіць выканаць незвычайны трук у гонар пераходу Алімпіяды з Парыжу ў Лос-Анджэлес.
Вядома, што да зорных выканаўцаў на цырымоніі закрыцця далучацца больш за сто артыстаў, танцораў і акрабатаў.
Частка імпрэзы будзе адбывацца ў паветры, у суправаджэнні эфектных светлавых эфектаў і французскага стылю ў касцюмах, паведамляе Olimpics.com. Рэжысёр мяркуе перанесці гледачоў у мінулае, у вытокі Гульняў, але таксама і ў будучыню, «і ў канчатковым выніку да пазачасавага сусвету».
«Я распрацаваў шоу, у якім Алімпійскія гульні зноў знікаюць, і нехта прыходзіць і засноўвае іх. Гэта вельмі візуальнае, вельмі харэаграфічнае, вельмі акрабатычнае шоу з оперным вымярэннем, якое мусіць стварыць выдатную візуальную фрэску і развітацца са спартсменамі з усяго свету», — распавёў пра галоўнае пасланне перформансу Томас Джолі, які стаў вядомы ўсяму свету пра пастаноўку цырымоніі адкрыцця Алімпіяды ў Парыжы.
«11 жніўня 2024 года Алімпійскія гульні скончацца, і алімпійскі агонь будзе згашаны, — кажа рэжысёр. — Гэты момант нагадае нам, наколькі каштоўныя гэтыя Алімпійскія гульні — унікальны помнік агульнаму вопыту — наколькі ён крохкі».
Пачнецца цырымонія закрыцця XXXIII Алімпійскіх гульняў а 22.00 па мінскім часе. Паглядзець шоу можна ў найпроставым эфіры на афіцыйным сайце МАК.
Наступная Алімпіяда пройдзе ў Лос-Анджэлесе ў 2028 годзе.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram