Французская газета Le Parisien пацвердзіла выступленне на цырымоніі адкрыцця Летніх Алімпійскіх гульняў у Парыжы сёння, 26 ліпеня, а 19.30, сусветнавядомых спявачак Селін Дыён і Ледзі Гага. Чакаецца, што французска-канадская і амерыканская аўтаркі выканаюць дуэтам песню Эдыт Піяф «La Vie en Rose». Гэтаксама ў шоу, якое адбудзецца на сцэне на рацэ Сене, з’явіцца французская спявачка малазійскага паходжання Ая Накамура — яна будзе спяваць песні з рэпертуара Шарля Азнавура разам Рэспубліканскай гвардыяй.
Цікавосткай праграмы стане і выступленне французскага метал-гурта Gojira разам са швейцарскай опернай спявачкай Марынай Віёці. Неаднаразова намінаваныя на прэмію «Грэмі», Gojira раней гастралявалі разам з Metallica і Slipknot — і, бадай, стануць першым бэндам, які «дасць хэві-металу» на Алімпійскіх гульнях.
Таксама ўсе сусветныя медыя адзначаюць вяртанне Селін Дыён на сцэну пасля перапынку. Нагадаем, што ў 2020 годзе ў выканаўцы выявілі неўралагічную хваробу, з-за якой яна была вымушана адмяніць канцэртны тур па Еўропе. З’яўленне зоркі на цырымоніі адкрыцця будзе першым выступам спявачкі за апошнія гады.
Рэжысёр шоу прадстаўлення на вадзе — Томас Джолі. Мяруецца, што ён зрабіў стаўку ў канцэрце менавіта на жаночыя галасы.
Летнія Алімпійскія гульні ў Парыжы з’яўляюцца 33-мі па ліку. Упершыню ў гісторыі сусветных спаборніцтваў яны пройдуць не на стадыёне, а на галоўная воднай артэрыі Парыжу — рацэ Сене — і ўздоўж яе.
Ад Беларусі на Алімпійскіх гульнях выступяць 16 спартоўцаў у нейтральным статусе. Па Беларускім тэлебачанні ні цырымоні адкрыцця, ні саміх спаборніцтваў не пакажуць. Апошні раз такое было ў 1984 годзе, заўважыла Tribuna.com Беларусь.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram