Пісьменнік Ласла Краснахоркаі, які называе свой літаратурны даробак «рэальнасцю, даследаванай да вар’яцтва», атрымаў Нобелеўскую прэмію за «захапляльную і візіянерскую творчасць, якая сярод апакаліптычнага жаху сцвярджае сілу мастацтва».
Сапраўды, у адным са сваіх інтэрв’ю літаратар казаў, што апакаліпсісу чакаць не варта, «трэба зразумець, што мы ўжо ўсе ў ім жывём». Жыццё ўвогуле набірае сілу толькі ва ўмовах крызісу, упэўнены пісьменнік. Здаецца, што менавіта той чалавек, сталенне якога адбывалася ў краіне сацыялістычнага блоку, мог так даследаваць жыццё ва ўмовах вайны, якія б формы тая не прымала.
Ласла Краснахоркаі нарадзіўся ў горадзе Дзьюлі на паўднёвым усходзе Венгрыі 5 студзеня 1954 года — за два гады да венгерскай рэвалюцыі, з падаўлення якой пачаліся жорсткія рэпрэсіі з боку СССР. Згадваючы сваё юнацтва, Краснахоркаі пісаў, што вырас «у цяжкім становішчы і ў краіне, дзе чалавек, пракляты падвышанай эстэтычнай і маральнай адчувальнасцю, як я, проста не можа выжыць».
Сваё роднае мястэчка ён здолеў зрабіць цэнтрам сусвету, метафарычна ўвасабляючы ў літаратуры часы венгерскага камунізму і посткамунізму і спалучаючы гістарычныя сюжэты з апакаліптычнымі.
У дзяцінстве ён хацеў быць падобным на свайго старэйшага брата, таму скраў у таго кнігу Кафкі і прачытаў яе. Ён не змог зразумець, пра што кніга, але стаў цікавіцца пісьменнікам. І, як пазней скажа, у яго сфармаваўся «адмысловы канал любові да Кафкі».
«І, можа быць, таму я вывучаў права — каб быць падобным на Кафку, — расказваў пісьменнік. — Мой бацька быў гэтым трохі здзіўлены. Ён хацеў, каб я пайшоў на юрыдычны факультэт, але быў упэўнены, што я адмоўлюся, таму што мяне цікавіла толькі мастацтва — літаратура, музыка, жывапіс, філасофія, — усё, акрамя права.
Але я пагадзіўся, збольшага, я думаю, таму, што хацеў займацца крымінальнай псіхалогіяй. У той час, у пачатку сямідзясятых, гэта была забароненая навука ў Венгрыі. Гэта было заходняе — і таму падазронае. Але галоўнай прычынай, я думаю, быў Кафка. Вядома, праз тры тыдні я не змог выносіць гэтую атмасферу, і я сышоў — не толькі з юрыдычнага факультэта, але і з самога горада».
Паходзячы з адносна заможнай сям’і, Ласла Краснахоркаі выбраў зусім іншы лад жыцця: кінуўшы ўніверсітэт, ён працаваў шахцёрам і сторажам, а таксама быў дырэктарам шасці клубаў у вельмі маленькіх вёсках і ўвесь час ездзіў паміж імі. «Гэта была выдатная праца. Мне яна падабалася, таму што я быў вельмі далёка ад сваёй буржуазнай сям’і», — згадваў пазней пісьменнік.
Поўны авантурызму, заўсёды ў шляху паміж гарадамі і вёскамі, на вакзалах і ў начных барах ён назіраў за людзьмі, вёў з імі кароткія размовы. Паступова пачаў пісаць сваю першую кнігу — «у сваёй галаве». Дарэчы, да гэтага часу, прывыкшы да неадэкватных умоў працы, Ласла Краснахоркаі працуе над сказамі, шукаючы словы спачатку ў галаве, а калі ўсё складзецца, запісвае. І больш не правіць свой тэкст.
«Было добра працаваць так, — згадваў пасля Краснахоркаі, — таму што я быў упэўнены, што літаратура — гэта духоўная сфера».
У першай кнізе, якая прынесла яму вядомасць, праяўляюцца яго галоўныя тэмы — застылы час, апакаліптычнае прадчуванне крызісу і распаду. Стыль венгерскага пісьменніка часта параўноўваюць з Мікалаем Гогалем, Сэмюэлем Бекетам і, вядома, з Францам Кафкам.
«Калі я не чытаю Кафку, я думаю пра Кафку. Калі я не думаю пра Кафку, я сумую па думках пра яго. Калі я думаў пра яго нейкі час, я дастаю яго і чытаю зноў. Вось як гэта працуе», — казаў Краснахоркаі. «Сатанінскае танга» — гэта раман-прытча ў духу Кафкі і Бекета, ён сапраўды выбудаваны па мадэлі танга: сюжэт ідзе за фігурамі танца, які вядзе персанажаў спачатку наперад, а потым зноў назад, да пачатку.
Дзеянне рамана адбываецца ў аддаленым маленькім мястэчку, падобным да таго, дзе вырас пісьменнік. Квазібіблейскі сюжэт апісвае вясковую ферму няўдачнікаў незадоўга да падзення камуністычнага ладу ў Венгрыі. Людзі там співаюцца, мараць вырвацца ў вялікі свет і чакаюць месію, а месія, вядома ж, аказваецца проста яшчэ адным дробным жулікам, а іх мары пра ўтопію ўвасабляюцца ў фарс.
Наступны раман аўтара «Меланхолія супраціву» — антыўтапічная прыпавесць аб гратэскавым існаванні людзей у свеце, ізаляваным ад знешніх сувязяў. Кніга апісвае жудасны цырк, які прыбывае ў маленькае мястэчка. Галоўная забаўка цырка — шкілет кіта — правакуе анархію, якой можа супрацьстаяць толькі дыктатура. Тэмай рамана становіцца выбар паміж жорсткім парадкам і пагрозай хаосу. З аднаго боку, раман чытаецца як алегорыя таталітарызму, аднак творы гэтага аўтара часта супраціўляюцца адназначным маральным высновам. У нядаўнім інтэрв’ю ён катэгарычна заяўляе, што «мастацтва – гэта экстраардынарны адказ чалавецтва на пачуццё страчанасці, якое з’яўляецца нашым лёсам».
Прачытаўшы гэтую кнігу, філосафка Сьюзан Зонтаг назвала Краснахоркаі майстрам апакаліпсісу сучаснай літаратуры.
Апісваючы Краснахоркаі як вялікага эпічнага пісьменніка цэнтральнаеўрапейскай традыцыі, якая праходзіць праз Франца Кафку да Томаса Бернхарда, Нобелеўскі камітэт адзначыў, што яго пазнейшыя творы набываюць больш сузіральны і тонка вывераны тон, на які паўплывалі яго падарожжы ў Кітай і Японію.
Цяпер венгерскі пісьменнік жыве ў Берліне і Трыесце. Яго твор 2021 года «Herscht 07769» быў прызнаны вялікім сучасным нямецкім раманам з-за яго дакладнасці ва ўвасабленні сацыяльных хваляванняў у краіне. Раман напісаны адным сказам і пачынаецца з камічна змрочнай эпітафіі «Надзея — гэта памылка», ён распавядае пра тое, як студэнт-фізік, перакананы ў тым, што ягоныя разлікі паказваюць, што свет вось-вось абрынецца, спрабуе заручыцца дапамогай тагачаснай канцлеркі Нямеччыны Ангелы Меркель, напісаўшы ёй серыю вар’яцкіх лістоў.
У 2015 годзе Ласла Краснахоркаі атрымаў прэстыжную Букераўскую прэмію па літаратуры.
Ён стаў другім венгерскім нобелеўскім лаўрэатам пасля Імрэ Кертэша, які атрымаў прэмію ў 2002 годзе «за творчасць, у якой далікатнасць асобы супрацьпастаўлена варварскаму дэспатызму гісторыі».
Летась пераможцай стала паўднёвакарэйская пісьменніца Хан Ган. У 2015 годзе — беларуская пісьменніца Святлана Алексіевіч.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram