«Мы не даносілі, мы падавалі сігналы!»: неспакойнае Мінскае мора ў новым спектаклі «Купалаўцаў»

Культура
Сцэна са спектакля «Мінскае мора». Фота: reform.news

Кожная вайна, масавы гвалт альбо тэрор мае шмат пластоў, то-бок па-рознаму прыжываюцца ў грамадстве. Пакуль паміж сабой ваююць ідэйныя супернікі, звычайныя людзі вырашаюць свае прыватныя праблемы: кампенсуюць крыўды ды фобіі і змагаюцца за месца пад сонцам.

І як жа ў такіх спрыяльных умовах, калі «не да законаў», не напісаць данос, каб пакаралі таго, хто не падабаецца, каго ненавідзіш, бо жадаеш іншай партыі для дачкі ці пачуваешся абдзеленым лёсам? Але насамрэч данос больш лагічна пісаць на дзяржаву, распавёўшы яго змест роднаму дзядзьку-гэбэшніку. Каб не гэты апошні сюжэт, трагікамічная гісторыя сямейных разборак у спектаклі «Купалаўцаў» на сцэне Драматычнага тэатра «Мінскае мора» так бы моцна не кранала. Бо даносы – былі і будуць, гэта частка чалавечай прыроды. Але спрыяльную глебу для іх стварае, дастаючы самае гнюснае з чалавечага нутра, менавіта дзяржава.

«Мы не даносілі, мы падавалі сігналы!»: неспакойнае Мінскае мора ў новым спектаклі «Купалаўцаў»
Сцэна са спектакля «Мінскае мора». Фота: reform.news

«Проста заўсёды, калі сістэма грунтуецца на страху, пагрозах і жорсткай ідэалогіі, якой бы яна ні была, – у грамадстве пачынаецца стукацтва. І гэтая тэма застаецца, на жаль, актуальнай не толькі для Беларусі», – тлумачыў ідэю спектакля рэжысёр Войцех Урбаньскі.

«Мы ж нармалёвыя людзі былі. На дзень народзінаў хадзілі, шашлыкі разам смажылі, жартавалі смешна. І пасля гэтага нехта садзіцца ў аўтобус ці пасля ноччу ў прыбіральні бярэ тэлефон і піша літары на блізкага чалавека. Аддае свайго блізкага чалавека гэтай галоднай велізарнай свінні, якая вырасла тут за трыццаць гадоў. У гэтай свінні лыч у Віцебскай вобласці, адна нага ў Магілёўскай, адна ў Гродзенскай, а задніца Прыпяць перакрыла. Аддаем свайго блізкага чалавека гэтай свінні, каб яна нас не зжэрла», — з горыччу канстатуе Мікіта (Міхась Зуй), сын Капітана, памянуць якога планавала сям’я — удава Наталля Мікалаеўна (Зоя Белахвосцік), прыёмная дачка Ніначка (Валянціна Гарцуева) і яе муж Вася (Дзмітрый Есяневіч).

Аднак спакойна памянуць – атрымліваецца не надта, таму што на сцэне з’яўляецца брат нябожчыка – адстаўны афіцэр КДБ Пётр Несцярук (Алег Гарбуз), які вырашае даказаць сабе і іншым, што ён не самы амаральны член гэтай сям’і. І гэта ў яго атрымліваецца: падчас унутраных разборак ускрываецца так шмат гнайнікоў, што нават ён не вытрымлівае. Бо даносы пішуць амаль усе, нібы крывадушша і мана з’яляецца галоўным каркасам гэтай «ячэйкі грамадства».

«Мы не даносілі, мы падавалі сігналы!»: неспакойнае Мінскае мора ў новым спектаклі «Купалаўцаў»
Сцэна са спектакля «Мінскае мора». Фота: reform.news

У спектаклі «Мінскае мора» яно — Заслаўскае вадасховішча — пастаянна прысутнічае на сцэне ў якасці сімвалічнага фона і эмацыйнага рэха. Лецішча ў Калодзішчах — лакацыя ўсёй дзеі — на першы погляд, даволі спакойнае, крыху занядбанае месца. Менавіта сюды прыязджаюць сямейнікі, каб згадаць добрым словам бацьку, мужа і цесця – загадкавага Капітана, пра прафесію якога сведчыць макет карабля на сцэне.

Сцэнаграфія спектакля – вельмі лаканічная і з гэтай прычыны – сімвалічная: памінальныя стол, металічны каркас дома, фаргменты простага інтэр’ера. Яшчэ адзін важны прадмет – крэсла, на якім сядзеў сам Васіль Быкаў, факт, які некага ў сям’і кранае, а некага раздражняе. «Быкаў у доме быў, а грошай у доме не было», — кажа Пётра Несцярук, брат Капітага і адзін з сыноў бацькоў-апазіцыянераў. Гэта крэсла нібы пазначае кропку, з якой разыходзяцца шляхі братоў у супрацьлеглых кірунках – аднаго да далёкіх марскіх прастораў, другога – у мясцовае КДБ.

«Мы не даносілі, мы падавалі сігналы!»: неспакойнае Мінскае мора ў новым спектаклі «Купалаўцаў»
Сцэна са спектакля «Мінскае мора». Фота: reform.news

Цікава, што п’еса, на аснове якой пастаўлены спектакль, задумвалася больш дакументальнай. Сцэнарыст Ілля Пруднік напісаў тэкст пад назвай «Неабыякавыя» на падставе базы даносаў КДБ, якую ў 2024 годзе выклалі кіберпартызаны.

Рэжысёр спектакля Войцех Урбаньскі, які ўжо працаваў з Купалаўцамі над «Зэкамеронам», тлумачыў, што напачатку існавала ідэя зрабіць на падставе матэрыялу штосьці кшталту палітычнай акцыі ў форме прамога выказвання – з нарэзкай даносаў. Але ад ідэі адмовіліся, зразумеўшы, што іх галоўныя гледачы – беларусы – і так усё добра ведаюць. «Мы сустракаліся, чыталі даносы, абмяркоўвалі і шукалі форму, як пра гэта распавесці. Прыйшлі ў выніку да таго, што неабходная пʼеса, якая будзе цікавая сама па сабе, а не толькі даносамі. Зразумела, што яны граюць важную ролю, але сама гэтая гісторыя, сама пʼеса – яна большая, чым пра даносы…»расказваў Войцех Урбаньскі.

У выніку атрымалася «і смешна, і страшна, і цікава», – як падсумаваў артыст Алег Гарбуз перад прэм’ерай.

Песні на словы і музыку Лявона Вольскага ствараюць яшчэ адзін пласт спектакля, праз іх пераасэнсоўваюцца асабістыя пазіцыі герояў. У завяршальнай песні пра Капітана сям’я ўрэшце згадвае навошта сабралася і што яе яднае. Таму апошнія радкі спяваюць ужо разам:

«Вось і сканаў між азёраў і рэк

Тутэйшы, але ўжо марскі чалавек.

Ляжыць у сваёй беларускай зямлі

У драўляным апошнім сваім караблі».

***

Спектакль прадтрыманы Art Power Belarus.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!

REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.