«Мы яшчэ не закальцавалі эпоху. Пачакайце». Фотапраект Сяргея і Дзмітрыя Брушко паказалі ў Музеі Вольнай Беларусі

Культура
Дзмітрый Брушко. Марш новай Беларусі. 23 жніўня 2020 года. Фото: Reform.by.

Выстава «REVISION 30», якая адкрылася ў Музеі Вольнай Беларусі, выбудавана на аснове фотаархіваў Сяргея і Дзмітрыя Брушко – бацькі і сына. Лічба 30 у назве – гады паміж здымкамі. Фатаграфіі Дзмітрыя зроблены ў асноўным ў 2020-м, адымаем трыццаць — і атрымліваем 1990-я. Два пераломныя перыяды нашай гісторыі. Фотакніга са здымкамі Сяргея Брушко, прысвечаная першаму пераломнаму перыяду, так і называлася — «Змена».

«Мы яшчэ не закальцавалі эпоху. Пачакайце». Фотапраект Сяргея і Дзмітрыя Брушко паказалі ў Музеі Вольнай Беларусі
Фрагмент экспазіцыі. Фота: Reform.by

Сяргей Брушко (1958-2000) – легенда беларускай дакументальнай фатаграфіі, у час перабудовы і першыя гады незалежнасці Беларусі ён працаваў у маладзёжнай газеце «Чырвоная Змена», якая лічылася даволі прагрэсіўнай для свайго часу. Пасля яго ранняй смерці ў сына застаўся велізарны архіў, які ён апрацаваў і выдаў у выглядзе фотакнігі, далучыўшы да здымкаў успаміны сведкаў падзей.

У 2020-м Дзмітрый Брушко працаваў фатографам партала Tut.by і фактычна паўтарыў бацькаву гісторыю, дакументуючы пераломны час. Гэтыя здымкі – знакавыя і сімвалічныя – разляталіся па айчынных і міжнародных медыя. Як, напрыклад, знакамітае фота з нявестай на матацыкле на фоне шэрагаў АМАПу.

Першы здымак, які адкрывае выставу, Дзмітрый зрабіў наўмысна з мэтай параўнання. Яму было цікава знайсці падлеткаў, якія фатаграфаваў бацька, і зняць іх праз некалькі дзясяткаў год. Такі сацыяльны эксперымент.

Астатнія фатаздымкі збіраліся ў пары паводле фармальных і сэнсавых перасячэнняў у архівах двух фатографаў. Як змянілася наша краіна за 30 гадоў, якую спадчыну пакінула нам папярэдняе пакаленне? – фотопраект ставіць гэтыя пытанні і прапануе адказы на іх.

Упершыню гэты праект-параўнанне Дзмітрый паказаў у Германіі ў 2021 годзе (праект быў створаны пры падтрымцы беларусаў Заходняй Германіі), прымеркаваўшы яго да гадавіны распаду СССР. Тады фатограф тлумачыў, што яны з бацькам – вельмі розныя людзі, і здымалі ў розны час, з дапамогай розных тэхналогій. Аднак іх лучыць тое, што яны пражылі і адчулі два важныя перыяды беларускай гісторыі.

«Мы яшчэ не закальцавалі эпоху. Пачакайце». Фотапраект Сяргея і Дзмітрыя Брушко паказалі ў Музеі Вольнай БеларусіПараўнанне – вельмі плённы метад, паміж дзвюма выявамі — шмат зазораў, якія кожны глядач напаўняе сваімі інтэрпрэтацыямі і ўспамінамі. Задача аўтара праекта – стварыць гэтыя кропкі напружання, а іскра асэнсавання ўзнікае ў свядомасці гледача. Аднак для гэтага фатаграфіі павінны ўтрымліваць дух свайго часу, зафіксаваны ў гэтай канкрэтнай секундзе моманту здымкі. Ці, як тлумачыць Дзмітрый, пах.

Бацька паспеў навучыць сына-фатографа некалькім правілам. Першае: падчас здымкі галава павінна быць халодная, а сэрца гарачае, ні ў якім разе не наадварот. Гэта, згадвае Дзмітрый, дапамагло выжыць у самых складаных сітуацыях 2020 года. Другое правіла – здымаць пахі. Каб ад фатаграфіі пахла пачуццём, напрыклад, свабодай ці страхам, ці надзеяй.

«Мы яшчэ не закальцавалі эпоху. Пачакайце». Фотапраект Сяргея і Дзмітрыя Брушко паказалі ў Музеі Вольнай Беларусі
На адкрыцці выставы фатограф прысутнічаў віртуальна.

«Чорная-белая і каляровая здымка паказвае, што гэта розныя эпохі, — сказаў Дзмітрый Брушко гледачам, што прыйшлі на адкрыццё. — І сэнсы таксама іншыя, як і наша ўспрыманне. Мы сталі іншымі. Я цяпер здымаю Дні культуры Беларусі ў Гётэ-інстытуце ў Германіі, і Аляксандр Філіпенка сказаў у сваім выступе, што зараз адбывацца пракрастынацыя, усе стаміліся. Што мы выйшлі на вуліцы, паказалі, якія мы прыгожыя, і гэтым усё закончылася. Не, гэтым не закончылася. Усё вельмі моцна змянілася ў параўнанні з трыццаццю папярэднімі гадамі. Гэтая выстава і сведчыць пра тое, што ўсё працягвае змяняецца, проста не так візуальна заўважна. Змен цяпер не відаць, але яны адбываюцца. Выстава дае магчымасць паглядзець на гісторыю збоку, праз прызму часу… Нічога яшчэ не скончылася, усё працягваецца. Мы яшчэ не закальцавалі эпоху. Пачакайце…»
«Мы яшчэ не закальцавалі эпоху. Пачакайце». Фотапраект Сяргея і Дзмітрыя Брушко паказалі ў Музеі Вольнай Беларусі

«REVISION 30» прысвечана святкаванню Дня Волі і 106-м угодкам абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

Выставу можна наведаць да 21 красавіка 2024 года.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.news


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: