Музычную драму «Сарматыя» паказалі ў Варшаве — фотафакт

Апошнім паказам беларускага тэатральнага фестывалю INEX FEST, што цягам гэтага лета праходзіў ў Варшаве, стаў музычны монаспектакль «Сарматыя» паводле аднайменнай паэмы Марыі Мартысевіч.

Сцэна са спектакля «Сарматыя». Фота: Reform.by

«Сарматыя» — твор, які ад пачатку стаў жыць сваім жыццём. Паэма Марыі Мартысевіч была выдадзена ў 2018 годзе, як сведчыць аўтарка, нечакана для яе. Марыя публікавала ў Фэйсбуку вершаваныя лісты, якія яе лірычная гераіня пісала на сваю радзіму з краіны, якую называла Сарматыяй. Яна апісвае мясцовыя звычкі і прызнаецца ў каханні да аднаго сармата. Чытачы гэтых допісаў натхнілі аўтарку выдаць кнігу, якая з’явілася з дапамогай краўндфандынгу, а напрыканцы 2021 года рэжысёрка Паліна Дабравольская стала рыхтаваць да пастаноўкі ва Уроцлаве музычны монаспектакль паводле гэтай паэмы.

Сцэна са спектакля «Сарматыя». Фота: Reform.by

З гэтай прычыны з’явіўся польскі пераклад Багданы Задуры, што таксама быў выдадзены асобнай кнігай.

Сцэна са спектакля «Сарматыя». Фота: Reform.by

На кожным этапе гэтых пераўвасабленняў адкрываўся новы пласт, закладзены ў паэме ад самага пачатку, бо міфапаэтычная форма твора была напоўнена прыхаванымі сэнсамі і адкрытая бясконцым інтэрпрэтацыям.

Сцэна са спектакля «Сарматыя». Фота: Reform.by

Аднак цікава, што і беларусы, і палякі адчыталі ў вобразе міфалагічнай Сарматыі сваю радзіму.

Аднайменны музычны спектакль выконваецца адной актрысай — Палінай Дабравольскай. Яна пісала музыку да паэмы Марыі Мартысевіч амаль паўтары гады. Фрагмент народнай песні пра каханне, якая стала эпіграфам да паэмы Марыі Мартысевіч, Паліна спявае ў спектаклі некалькі разоў, зрабіўшы невялікі акцэнт на трагічным каханні, хоць паэма адназначна прачытваецца як фемінісцкая: тут шмат іроніі над падставовай, першабытнай маскуліннасцю. Паэтка тлумачыць гэты фемінізм як вымушаны і гістарычны — асаблівасці беларускага фемінізму завязаныя на метадычным вынішчэнні тутэйшых мужчын. «Прарэджванне мужчын побач з захаваннем жанчын — гэта нездаровая сітуацыя акупацыі, фемінізмам тут і не пахне. Проста жанчыны заступалі мужчын, калі іх не было. Як толькі мужчыны зноў з’яўляліся, нават кволенькія і ніякія, яны зноў бралі кіраванне«, — расказвае Марыя ў адным з інтэрв’ю.

Сцэна са спектакля «Сарматыя». Фота: Reform.by

Аднак хлёсткія словы, брутальныя вобразы, красамоўныя касцюмы і рэзкая эмацыйная мова цела актрысы разрываюць рамкі гісторыі пра каханне.

Сцэна са спектакля «Сарматыя». Фота: Reform.by

Выразным візуальным акцэнтам спектакля з’яўляюцца касцюмы беларускай дызайнеркі Анастасіі Рабавай. Рэжысёрка Паліна Дабравольская выкупіла яе калекцыю для свайго паказу, для яе гэтыя белыя сукенкі — і спроба няўдалага пераўвасаблення галоўнай гераіні ў сарматку, і клетка, у якую яна добраахвотна ўлазіць і з якой выбіраецца незадоўга да сваёй гібелі.

Сцэна са спектакля «Сарматыя». Фота: Reform.by

Частка візуальнага аповеду адбываецца на трох вялікіх экранах, на якіх дэманструецца відэа, зробленае Палінай Дабравольскай, і анімацыя, ствараная Юліяй Рудніцкай паводле ўласных ілюстрацый да беларускага выдання паэмы «Сарматыя». І тут, у адрозненне ад тэксту паэмы, каханак-сармат з’яўляецца перад нашымі вачыма, у тым ліку ў выглядзе сокала.

Сцэна са спектакля «Сарматыя». Фота: Reform.by

Надзвычай важным чыннікам спектакля сталася знішчэнне межаў паміж дзеяй і гледачом — актрыса рухалася на падмостках, што былі выбудаваны на сцэне, а гледачы размяшчаліся побач, маглі ўступаць з актрысай у камунікацыю і назіраць кожны фрагмент спектакля як улучаныя ў яго сведкі.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!