Музей Вольнай Беларусі працягвае працу выставы Ніны Маргаевай «Крок насустрач» і ў яе межах арганізуе дабрачынную выставу-продаж. Да ўдзелу ў гэтай ініцыятыве запрашаюцца беларускія мастакі і мастачкі, якія гатовыя прадставіць свае творы на продаж у падтрымку Ніны. Ужо вядомыя імёны некаторых удзельнікаў і ўдзельніц: мастачкі Лера Лазук, Света Баева, Ксіша Ангелава, музыка і мастак Піт Паўлаў.
«Крок насустрач» — гэта выстава, у якой Ніна Маргаева даследуе штодзённае жыццё праз простыя прадметы і пейзажы, што ператвараюцца ў знакі асабістых перажыванняў і эмоцый. Асноўная серыя работ «Жыццё на пятым паверсе» адлюстроўвае самоту і ізаляцыю, уласцівую гарадскому жыццю, дзе кожны элемент інтэр’ера становіцца метафарай унутранага стану чалавека.
Дабрачынная выстава-продаж, якая будзе дапаўняць экспазіцыю, накіравана на збор сродкаў для падтрымкі Ніны Маргаевай, якой у студзені 2023 года быў дыягнаставаны бакавы аміятрафічны склероз (БАС) — рэдкае і невылечнае захворванне, што абмяжоўвае рухальную актыўнасць і патрабуе пастаяннай медыцынскай дапамогі. 100% сродкаў ад продажу твораў (за вылікам падаткаў) будуць накіраваны на лячэнне і аплату неабходнай падтрымкі.
Мастакі і мастачкі могуць прынесці свае працы для ўдзелу да 24 кастрычніка. Удзельнічаць можна ананімна, пры гэтым раскрыццё імёнаў адбудзецца толькі па жаданні аўтара падчас продажу.
Адкрыццё выставы-продажу адбудзецца 26 кастрычніка ў 16:00. Падчас адкрыцця адбудзецца музычны выступ Піта Паўлава, акрамя таго, ён распавядзе аб прадстаўленых працах.
Выстава будзе працаваць да 2 лістапада ўключна.
Час працы музея для перадачы работ:
Аўторак – пятніца: 16:00–20:00
Субота – нядзеля: 12:00–20:00
Па пытаннях удзелу звяртайцеся ў Instagram або на пошту freebelarusmuseum@gmail.com.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram