«Маё жыццё мела сэнс дзеля маёй беларускасці», – гэту фразу прэзідэнткі Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонкі Сурвілы журналіст, выкладчык Варшаўскага ўніверсітэта і адказны рэдактар Сяргей Падсасонны вынес у эпіграф выдання «У восем гадоў я была на вайне». Кніга ўспамінаў адной са знакавых постацяў беларускай культуры сёння, 12 сакавіка, выйшла ў выдавецтве Беларускага ПЭНа «Полацкія лабірынты». Навінка з’яўляецца перакладам з французскай мовы і па-беларуску публікуецца ўпершыню.
Напярэдадні выхаду кнігі, прымеркаванай да 90-годдзя Івонкі Сурвілы (якое мы будзем святкаваць 11 красавіка), Reform.news распытаў рэдактара выдання Сяргея Падсасоннага пра тое, як складаўся гэты зборнік. Чаму кніга ўспамінаў васьмігадовай дзяўчынкі пра ўцёкі з Беларусі ў 1944 годзе падчас Другой сусветнай вайны рэзануе з сённяшнім часам, і чаму прыклад Івонкі Сурвілы можна навучыць сучаснае пакаленне.
— Сяргей, хто стаў ініцыятарам гэтага перавыдання, на вокладцы якога стаіць пазнака Атава — Варшава?
— Прапанова паступіла да мяне ад Згуртавання беларусаў Канады, ад яе старшыні Аляксандры Логвін. Калі бываю ў Канадзе, то заўжды заязджаю ў Атаву — і гэта сустрэчы, вядома, з Івонкай Сурвілай, і з Аляксандрай Логвін, з якой мы можам гутарыць гадзінамі. І падчас візіту ў 2024 годзе мне паказалі французскую версію гэтай кнігі. Памятаю, спытаў тады: «А беларускамоўная версія гэтай кніжкі ёсць?». І ўсе неяк паціснулі плячыма. Тады я агучыў прапанову, што было б файна падумаць пра такі пераклад.
І вось калі прыехаў у Канаду ўжо летась, раптам высветлілася, што беларускі пераклад усё ж такі існуе — яго зрабіў мясцовы беларус Аляксей Федарэнка. Яшчэ ў 2017 годзе. І мы размаўлялі з Аляксандрай, і яна раптам агучыла ідэю, што было б файна рабіць штосьці з гэтым перакладам. «Можа, ты б гэтым заняўся?» — звярнулася яна. У мяне дар мовы адняло, «З вялікай любоўю і абсалютна буду рады гэтай працы», — усё, што я мог сказаць у адказ. І мы пачалі гэта рабіць.
— Як я разумею, што калі гэта быў верасень 2025 года, то кніжка пастаўла за чатыры з паловай месяцы? Гэта вельмі сціслы тэрмін.
— Так, абсалютна. Але я даўно працую ў журналістыцы, і калі мне кажуць, што штосьці немагчыма, то заўжды перапытваю: а вы спрабавалі? Перакананы, што варта заўжды спрабаваць. Атрымаецца — так атрымаецца (усміхаецца). І гэтым разам я дзейнічаў гэтак.
Было адразу зразумела, што пераклад, які мы маем, мае патрэбу ў верыфікацыі. Але мой блізкі сябар Кшыштаф Жэброўскі — перакладчык з французскай мовы, які за час нашага знаёмства вывучыў і беларускую, даў згоду на ўдзел у праекце. Было так, што я чытаў старонку па-беларуску, а ён — па-французску, абзац за абзацам, сказ за сказам, і так крок за крокам мы верыфікавалі ўвесь тэкст. Гэта вельмі важная праца.
Паралельна я звязаўся з Таццянай Нядбай, старшынёй Беларускага ПЭНа, і пранаваў ёй выдаць кнігу ў «Полацкіх лабірынтах». Яна адказала, што мала часу, але тэарэтычна гэта магчыма. Мы пабудавалі графік працы так, што кніга мусіць была з’явіцца да Дня Волі (але, вядома, выданне рыхтавалася да ўгодкаў Івонкі Сурвілы, да яе 90-годдзя), і дзейнічалі згодна з ім. Усё атрымалася.
Заўважу, што праект мной і маімі калегамі быў ажыццёўлены на валанцёрскіх пачатках. Згуртаванне беларусаў Канады настойвала, каб мы ўзялі заробак, але для мяне гэта кніга — мой унёсак з агульную беларускую справу. У першую чаргу, мы гэта робім для сваёй гісторыі.
— Пытанне да выбару мовы, на якой рабіўся пераклад. Ці разглядалася, скажам, тарашкевіца? Я так разумею, што вы былі вольныя зрабіць сучасную адаптацыю перакладу з французскай, на якой пісала ўспаміны Спадарыня Івонка?
— Мы ўсё ж такі вырашылі, што кніга мусіць быць не для вузкага кола, а тая, якую лёгка змогуць чытаць усе. І абралі наркамаўку. Хоць варыянт з тарашкевіцай, прызнаюся, разглядаўся. Моўнае пытанне абмяркоўвался са Спадарыняй Івонкай у тым ліку. Але вырашылі захаваць сувязь з сучаснасцю — таму спынілі выбар на наркамаўцы, і моўная адаптацыя, вядома, заняла пэўны час.
Звярну ўвагу таксама і на аўтарскае біяграфічнае эсэ, якое ёсць у кнізе. Для мяне было важна стварыць тэкст, які, з аднога боку, дазволіў бы тым, хто не знаёмы са Спадарыняй Івонкай, адкрыць для сябе яе асобу. З іншага боку, я таксама ўлічваў і таго чытача, які ведае старшыню Рады БНР — і намагаўся дадаць у эсэ штосьці новае. У мяне да мінулага году адбылося тры інтэрв’ю са Спадарыняй Івонкай у розныя часы (і я карыстаўся гэтым матэрыялам), але таксама для падрыхтоўкі біяграфічнага тэксту я дадаткова зладзіў шмат анлайн-сустрэч — мы шмат гадзін правялі разам са спадарыняй Івонкай у Зуме. Прызнацца, пісаць біяграфію чалавека, які, на шчасце, ёсць, — вялікая адказнасць. Ці прыме ён тое, што ты бачыш і чуеш?
— Сяргей, у прадмове кніга пазіцыянуецца як гісторыя ўцёкаў паміж жыццём і смерцю: «Успаміны страху і болю, якія перажыла васьмігадовая дзяўчынка Івонка, пакідаючы Беларусь разам з сям’ёю ў 1944 годзе». Мне цікава, што вас асабіста зачапіла ў гэтай гісторыі? Што вы ў ёй убачылі менавіта як сучаснік?
— Ведаеце, калі я гляджу на гэту гісторыю — беларускай сям’і, якая ўцякае ад Чырвонай Арміі, то ў мяне ўзнікае ўражанне, што ўва ўсім ў гэтым было нейкае вышэйшае прызначэнне. Васьмігадовая Івонка ідзе праз вайну, праз смерць, якая яе проста абмінае, і апынаецца ў рэшце рэшт у бяспецы. З аднога боку, гэта гісторыя — вельмі простая. Такіх гісторый шмат. З іншага боку… узнікае няспыннае пачуццё, што гэта выратаванне мела вялікую мэту.
Спадарыня Івонка ў адным з інтэрв’ю са мной неяк прамовіла такую фразу: «Маё жыццё мела сэнс дзеля маёй беларускасці». Я тады звярнуў увагу на гэтыя словы, занатаваў іх, і цяпер выкарыстаў у якасці эпіграфа да кнігі. Бо ў іх для мяне скалалася абсалютна ўсё!
Чалавек выжыў у часы ліхалеццяў, прайшоў такія іспыты, — усе гэта дзеля таго, каб рабіць штосьці для Беларусі. 90 гадоў для Спадарыні Івонкі не існуе нічога іншага! Мова, гісторыя, культура, фонд «Дзеці Чарнобыля», каб дапамагчы беларускім дзецям, Рада БНР… Усё, каб дапамагчы нейкі чынам Беларусі — гэта небывалы прыклад у сённяшніх умовах для нас усіх.
Мяне ў гэтай гісторыі вывеў вось гэты прамень святла — беларускасць.
— Не магу не пагадзіцца, Сяргей. Але падзялюся з вамі сваім уражаннем ад кнігі. Для мяне было вельмі істотна, што гэта гісторыя адгукаецца ў сучаснасці, мы бачым у ёй шмат паралеляў з акутальнымі падзеямі. Тыя ж уцёкі беларусаў з краіны пасля 2020 года, калі дзясяткі тысяч людзей апынуліся за мяжой не па сваёй волі. Разарваныя сем’і, сувязі. У спадарыні Івонкі часы ліхалеццяў прыпалі на пару дзяцінства. Але таксама можам падумаць і пра дзяцей рэвалюцыі 2020 года: падлеткам, якім цяжка было адаптавацца ў новай краіне, у новым асяродку. Зачапіла ў кнізе тое, што, у пэўным сэнсе, гісторыя паўтараецца…
— Тут таксама варта памятаць тое, што падкрэслівае Спадарыня Івонка. Яе маці праз усе межы несла кніжку «Гісторыя Беларусі». Як скарб, як нешта вельмі важнае. Дзесяць месяцаў уцёкаў праз пантоны, караблі, бамбёжкі, але кніжка «Гісторыя Беларусі» дабіраецца да волі разам з сям’ёй. Мне падаецца, што кожны эмігрант сёння таксама можа задаць сябе пытанне: «А што я забраў з сабой? Што прывёз у новую краіну? Што для мяне было самае каштоўнае?». Для сям’і Шыманцоў (дзявочае прозвішча Івонкі Сурвілы — Reform.news) найбольш каштоўным было беларускае слова. І яны гэта перадалі сваім дзецям — у прыватнасці, Спадарыні Івонцы, якая не ведала рускай мовы, бо з дзяцінства размаўляла на беларускай.
Яны захавалі, нягледзячы ні на што, сваю мову, культуру, сябе — і далей ужо Спадарыня Івонка прысвяціла сваё жыццё служэнню Беларускасці. Ці ж гэта не ўражальны прыклад, які нас шмат чаму можна навучыць? Незалежна ад таго, дзе мы зараз знаходзімся: у Польшчы, Афрыцы, ці, скажам, Беларусі.
— Гісторыя сям’і Івонкі Сурвілы ўражвае і тым, што пагружае ў вір тых падзей. Мы бачым, як сям’я перасякае адну мяжу за другой, і, лічы, на ўласныя вачы бачым гісторыю Еўропы. Скажам, ва ўспамінах узгадваецца Прусія, якой ужо не існуе. Можам заўважыць, як змянілася Еўропа, межы яе дзяржаваў, і таксама знайсці пераклічку з актуальнымі падзеямі. Са шляхам эмігрантаў сёння. Ці вы не згодны?
— Тут кожны з нас можа пабачыць у гэтай гісторыі і Польшчу, і Нямеччыну, тую краіну, што цяпер з’яўляецца часовым ці ўжо сталым домам для многіх беларусаў. Таксама ўспаміны Івонкі Сурвілы нагадваюць пра тое, што людзі становяцца эмігрантамі не па сваёй волі. Ніхто не бяжыць ад добрага жыцця, усе ўцякаюць, каб выжыць, уратаваць сваю сям’ю, палепшыць свой дабрабыт. І таму гэта трагічная гісторыя, якую назіраю ў гэтай кнізе, адгукаецца рэхам у лёсе кожнага з нас.
Але заўважу, што ў гісторыі Івонкі Сурвілы — аптымістычны фінал. Наша гераіня трапляе ў Данію, дзе ёй дапамагаюць добрыя людзі, потым у Францыю. Паступае ў Сарбону. Гэта ўсё збег нейкіх абставінаў, але таксама вялізная праца. Людзі ў эміграцыі заўжды пастаўлены ва ўмовы падвойнай цяжкасці. З анічога, без дакументаў, без фармальнага старту, які маюць «карэнныя» жыхары, яны вымушаны пачынаць усё з нуля. Але і вынік падвойны, бо дасягаем вяршыняў — і тут можна захапіцца поспехамі Спадарыні Івонкі, якая вывучыла столькі моваў!
— Чатыры, здаецца?
— Там цэлы спіс! Дацкая, французская, гішпанская, вядома, англійская… Нагадаю, што Івонка Сурвіла ўзначальвала перакладчыцкі аддзел Федэральнага бюро перакладаў у Канадзе. Заўважу, што рускую мову яна вывучала як замежную, бо ейная родная — беларуская.
Усё гэта знак таго, што калі хочаш, то дасягнеш шмат чаго. Але нічога лёгка не даецца — за ўсім гэтым стаіць вялізная праца.
— Але вяртаючыся да пытання пра межы, да перакрайвання Еўропы пасля Другой сусветнай вайны, складана не задумацца пра тое, якая будучыня чакае сёння еўрапейцаў?
— Мяркую, што калі мы кажам пра межы, то гэта перадусім украінскае пытанне. І ў мінулым, і ў сучаснасці — гэта дзеці на вайне, уцёкі з вайны, і таксама адаптацыя ў новай культуры. Спадзяюся, што межы Украіны застаннуца такія, якімі павінны быць, бо гэта агульнае памкненне Еўропы.
Вядома, усё можа змяніцца, мы можам апыніцца ў стане вайны таксама і тут. Але заўважу, што сёння, што тады ў ваеннай і паваеннай Еўропе вораг быў адзін і той жа — Масква. Бо ад каго ўцякала сям’я Шыманцоў з Беларусі? Ад НКУС. Калі б не было пагрозы, што бальшавікі расстраляюць бацьку за беларускасць, а маці за гэта ж не трапіць пад рэпрэсіі, то навошта было пакідаць родную краіну? Сям’я ўцякала ад карных органаў Масквы, яе палітыкі.
А што адбывалася з тым, хто апынуўся па савецкім баку мяжы? Давайце тут тады ўзгадаем прыклад Ларысы Геніюш. Які драматычны лёс! Лагеры, допыты, а потым на дадатак бясконцы пераслед, сачэнне, даносы, і гэтак далей. Вось як павітала Савецкая Беларусь пісьменніцу. Масква нічога добрага беларусам ніколі не прынесла — і гэта трэба памятаць. Калі ў кагосьці да гэтай пары ёсць ілюзіі, то для мяне гэта сведчанне неадукаванасці. Варта чытаць гісторыі лёсаў беларусаў, каб пераканацца, што ў нашай гісторыі, што ў гісторыі дэмакратычнай Еўропы, вораг заўсёды быў адзіны і той жа.
— Сяргей, яшчэ адна цікавостка кнігі, на якую хацелася б звярнуць увагу — фотаздымкі, а таксама малюнкі, мастацкія творы Спадарыні Івонкі. Вельмі было цікава адкрыць гэту іпастась старшыні Рады БНР. Якім чынам сабіраўся, а потым і адбіраўся гэты матэрыял?
— Што наконт фотаздымкаў з сямейнага архіву, то іх у Спадарыні Івонкі, што называецца, «поўная хата». І можна было б падрыхтаваць асобнае выданне — фотаальбом, які змяшчае летапіс яе жыцця. Усё ж такі 90 гадоў, гэта не жарты: вельмі шмат краінаў, сустрэчаў, цікавых падзей было ў яе жыцці.
Але для мяне рамкай для выбару фотаадбіткаў у кнігу сталі, так бы мовіць, «вузлавыя моманты» яе жыцця. І прызнаюся, што было вельмі шмат фотаздымкаў — кандыдатаў на гэту ролю. Мы адбіралі прэтэндэнтаў разам з старшынёй Рады БНР, а потым сядзелі і дыскутавалі над кожным здымкам: прыбярэм ці пакінем? Гандаль, што называецца, ішоў за кожную выяву.
Фотаздымкі тут прадстаўлены пераважна з архіва Спадарыні Івонкі — дзякуючы Алесю Каралькевічу гэта ўсё было сабрана і сістэматызавана. Аднак частка фотаздымкаў — з майго асабістага архіву, бо падчас кожнай нашай сустрэчы я рупіўся пра фатаграфіі на памяць. І яны ў кнізе таксама ёсць.
— А што наконт малюнкаў? Адзін з іх вынесены і на вокладку кнігі.
— Так, для мяне было істотным паказаць гэту іпастась Спадарыні Івонкі. Нагадаю, што ейны тата быў мастаком, і сама Івонка Сурвіла вучылася ў Вышэйшай мастацкай школе ў Парыжы. Яна хацела займацца жывапісам, але трэба было выжываць, і таму яна паступіла на гуманітарны факультэт Сарбоны — на лінгвіста. І мастацкую школу прыйшлося кінуць, хоць прафесар па малюнку прызнаваў яе таленты і бачыў вялікі патэнцыял. Спадарыня Івонка ўсё ж абрала перакладчыцкую сцяжыну, але мастацтва не сышло з яе жыцця. Яна малявала ўвесь час з перарывамі ў трагічныя моманты жыцця, і лічыць сябе не беспадстаўна прафесійнай мастачкай.
Дома ў прэзідэнткі Рады БНР — сапраўдны мастацкі музей. Там мноства карцінаў — і ейных, і яе бацькі. А калі паглядзець на яе працы, то там творы ў самых розных тэхніках: жывапіс, малюнкі, гравюры, эстампы. Магчыма, гэтыя працы будуць некалі ў галерэі, музеі, і мы будзем з захапленнем потым казаць: маўляў, паглядзіце, гэта карціны Спадарыні Івонкі.
Што датычыцца выбару выяў у кнігу, то таксама было шмат дыскусій, што туды дадаць. І вырашылі зрабіць акцэнт на беларускасці. Падкрэсліць гэты аспект. І ў фінале кнігі я хацеў, каб абавязкова была «Пагоня», каб «Жыве Беларусь!» прагучала яскравай кропкай у гэтай кнізе.
— Здаецца, мы пагаварылі з вамі пра самыя розныя таленты Спадарыні Івонкі. Але не хацелася б абмінуць галоўнага — тое, што яна па-ранейшаму старшыня Рады БНР, і гэта пераемнасць, якая захавалася да гэтых часоў, не можа не ўражваць. Ці не змянілася стаўленне да гэтай пачэснай пасады за апошні час, на вашу думку?
— Для мяне ў кнізе было асабліва важна падкрэсліць вартасць БНР. Бо мы, падаецца, ужо пачынаем забываць, што ў нас ёсць урад у выгнанні, ёсць прэзідэнтка Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. І на сённяшні момант Рада БНР — не проста сімвал, а легальны орган, які быў абраны ў свой час.
Заўважу, што перадачы гэтай легальнай улады у Беларусь не адбылося. Калі б Лукашэнка абраў дэмакратычны шлях, то ў 1994 годзе, ці потым у 1996-м Рада БНР магла бы перадаць яму свае паўнамоцтвы. Але Лукашэнка пайшоў у зусім іншым кірунку, і мы засталіся адзінай краінай на постсавецкай прасторы, дзе гэта перадача не ажыццявілася.
І калі гаворыць, да прыкладу, пра Аб’яднаны пераходны кабінет, то, заўважу, што гэты орган прызначаны, а не абраны.
Калі пра Каардынацыйную Раду, што яна абраная, на жаль, невялікай часткай беларусаў. Мы ведаем, што выбары 2020 года былі сфальфікаваныя, але, на жаль, не маем адпаведных дакументаў, што Святлана Ціханоўская з’яўляецца абранай прэзідэнткай.
А Рада Беларускай Народнай Рэспублікі абраная на Першым Усебеларускім з’ездзе прадстаўнікамі самых розных беларускіх арганізацый . І ёсць дакументы, і ўстаўныя граматы — гэта стоадсоткава легальны орган. Так, гэта адбылося больш за 100 гадоў таму, але без БНР не было б потым БССР, а потым і Рэспублікі Беларусь. Беларусь шмат гадоў была пад Масквой, але гэта ўсё ж гісторыя пра пераемнасць, якую мы павінны расказваць нашым нашчадкам.
Вы маеце рацыю, шмат хто сёння ўжо пачаў забываць ці першапачаткова не разумеў, што такое інстытуцыянальнасць Рады БНР, у чым яе важнасць. І чаму 25 Сакавіка — такая істотная дата. Але менавіта існаванне БНР дае нам глебу пад нагамі і права гаварыць, што ў нас ёсць свая дзяржава, а не толькі зямля.
— Спадарыня Івонка ўвесь час кажа, што рана ці позна гэта абавязкова адбудзецца — дэмакратычная Беларусь, беларуская Беларусь. І мне падаецца, што ваша кніжка — гэта яшчэ адна цаглінка, унёсак у агульную справу, каб мы ўбачылі гэту Беларусь. Але якая цана стаіць за свабодай для Беларусі?
— Ведаеце, маскалі «разарвалі» Рэч Паспалітую на кавалкі ў ХVIII стагоддзі. І ўсё ж такі Польшча аднавіла сваю незалежнасць. Не ведаю, колькі нам давядзецца чакаць, сто ці дзвесце гадоў, пытанне іншае — ці захаваем мы нашу беларускасць праз гэтыя гады?
І дзейнасць Івонкі Сурвілы, і гэта кніжка — крокі, каб захаваць яе. І таму для мяне важна размаўляць па-беларуску, паказваць, што мы маем сваю мову, культуру, сваіх актораў, пісьменнікаў, сваю літаратуру. Калі я бачу, якія ў нас цудоўныя пісьменнікі, колькі ў нас кніжак выходзіць, і як пераследуюць за гэта, тым больш расце перакананасць, што беларуская мова і культура ніколі не знікнуць. Калі чую моладзь, якая размаўляе па-беларуску, калі бачу поўныя залі на беларускіх спектаклях — усё гэта дае мне веру, што беларускасць застанецца. Але гэта не значыць, што мы заўтра паедзем у Беларусь… Усё, што мы можам — трымаць Беларусь у нас саміх.
— Сяргей, і напрыканцы я бы хацела папрасіць вас стварыць славесны партрэт Івонкі Сурвілы, улічваючы ваша сяброўства і працу над гэтай кнігай. Якой паўстае прэзідэнтка Рады БНР вачыма Сяргея Падсасоннага?
— Зрэшты, цікавы момант, што Івонцы Сурвілы — 90, а Сяргею Падсасоннаму — 45 (усміхаецца). Ёсць да чаго імкнуцца.
Мне падаецца, што Івонка Сурвіла — гэта абсалютны аптымізм, незалежна да таго, што ёй давялося прайсці ў жыцці. А гэта, нагадаю, драматычныя і трагічныя рэчы. І вышэйзгаданыя ўцёкі з Беларусі. і Чарнобыль, які яна перажывала як асабістую трагедыю. Гэта і смерць блізкіх: мужа, дачкі. «Гэта ўсё, — прызнавалася яна, — ужо думала, што больш не мае сэнсу жыць далей». Але вось беларускасць яе заўсёды падымала. І яна ва ўсім гэтым заставалася святлом, ставілася да людзей з цеплынёй, заўсёды была з усмешкай, несла аптымізм.
Каб дажыць да 90 гадоў — трэба быць добрым чалавекам. Калі нясеш нянавісць, маеш зло да людзей, помсціш — не дажывеш да такога веку. У гэтым чалавеку няма зла, нянавісці, няшчырасці — і гэта для мяня вялікі прыклад, як таму навучыцца. Вось мой партрэт спадарыні Івонкі, і гэта мяне хацелася б данесці ў кнізе пра яе.
— Падсумоўваючы, хоча правесці такую паралель. У Вялікабрытаніі ёсць Лізавета ІІ, а ў нас — Івонка Сурвіла.
— Так, яна наша Каралева Беларускасці.
Набыць кнігу «У восем гадоў я была на вайне» можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram