Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў стварыў сваё ўласнае выдавецтва пад назвай Surma

Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў запускае ўласную кніжную марку Surma, пад якой будуць выходзіць кнігі беларускіх і замежных аўтараў.

Першая кніжка — раман Гінтараса Граяўскаса «Гісторыі пра адважнага рыцара Тэнксалота і дракона містара Кайндлі» — ужо выйшла. З літоўскай на беларускую захапляльныя гутаркі паміж драконам і рыцарам пераклала Сабіна Брыло.

Запыталіся ў прэс-сакратара творчай арганізацыі і галоўнага рэдактара сайту bellit.info Ціхана Чарнякевіча пра новую ініцыятыву.

Лагатып выдавецтва Surma

«Surma — выдавецтва нашага саюза беларускіх пісьменнікаў, які месціцца ў Вільні. Для пісьменніцкай арганізацыі мець уласныя выдавецкія серыі ці брэнды абсалютна натуральна. У Літве, напрыклад, выдавецтва Літоўскага саюза пісьменнікаў — адно з найпрэстыжнейшых.

Мы пакуль што працуем у пілотным рэжыме, не хапае некаторых спецыялістаў, таму нейкі час, прынамсі сёлета, плануем рабіць калабарацыі з іншымі беларускімі выдаўцамі. Так, кніга Граяўскаса выдадзеная ў супрацы з «Камунікатам», які ў 2025 годзе ўжо дапамагаў нам з друкам анталогіі сучаснай літоўскай паэзіі «Горад на гары». Аднак, вядома, выдаваць будзем не толькі пераклады.

МСБП цяпер рыхтуе да друку дэбютны раман Яны Гульцяевай, адной з пераможцаў нашага конкурсу да 100-годдзя Васіля Быкава. Сёлета ж абвесцяць вынікі Літаратурнага конкурсу па дзіцячай літаратуры. Пераможцам мы таксама гарантуем выданне кніг у нашым выдавецтве.

Ёсць планы і на выданне літоўскай дзіцячай літаратуры ў перакладзе на беларускую мову.

Яшчэ адзін кірунак — прызёры прэміі Ежы Гедройця. МСБП забяспечвае за другое месца стыпендыю ў Швецыі, а за трэцяе — выданне кнігі. Адпаведна, чакаем рукапісы кніг Сяргея Лескеця і Змітра Бартосіка, якія нядаўна ўваходзілі ў тройку. Было б добра выдаць іх ужо сёлета».

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!