Беларуская рэжысёрка Мара Тамковіч на дыскусіі пасля паказу фільма "Пад шэрым небам" на 4-м фестывалі «Pod wspólnym niebem». Фота: сацсеткі Цэнтра мыслі Яна Паўла ІІ.
Дзве стужкі беларускіх рэжысёраў будуць паказаны ў межах міжнароднага фестывалю «Pod wspólnym niebem» («Пад агульным небам») у Варшаве. Гэты культурніцкі форум ужо пяты год запар збірае на адной пляцоўцы кінематаграфістаў з Беларусі, Украіны, Грузіі, Індыі, В’етнама і Балгарыі, адкрываючы варшаўскім гледачам кіно блізкіх і далёкіх суседзяў.
У межах сёлетняй юбілейнай эдыцыі, якую ладзіць Цэнтр мыслі Яна Паўла ІІ, гледачам прэзентуюць 20 фільмаў. Многія з гэтых карцін ужо адзначаны ўзнагародамі на найважнейшых сусветных кінафестывалях, а галоўнае — яны амаль недаступныя ў шырокім польскім пракаце, што робіць летнія паказы ўнікальнай магчымасцю для гледачоў.
Беларускі кінавечар прызначаны на 15 ліпеня (пачатак а 20:15). Сёлета праграма блоку пабудавана на максімальным кантрасце дзвух фільмаў — старой міфалагічнай Беларусі і новай, часам разгубленай эміграцыі.
«Казка» Якуба Станкевіча (2026) — польская прэм’ера глыбокай дакументальнай арт-стужкі ад Belsat DOC. Гісторыя пра мастака Віктара з Падляшша, які збег ад цывілізацыі ў лясную зямлянку. Праз свае карціны ён асэнсоўвае трагічныя гістарычныя раны Беларусі — як мінулыя, так і гарачыя свежыя. Стваральнікі апісваюць стужку як містычную, трохі светлую і адначасова трагічную казку.
«Лебядзіная песня Фёдара Озерава» Юрыя Сямашкі (2025) — іранічнае і сюррэалістычнае драмедзі пра 25-гадовага мінчука ў зімовай Варшаве. Герой марыць пра музычны трыумф, але замест гэтага завісае ў Tinder і шукае па горадзе «чараўнічы світар з рамонкамі», пакуль свет вакол коціцца да катастрофы. Гэта вельмі дакладны зрэз псіхалагічнага стану маладога пакалення рэлакантаў.
Нагадаем, што прэм’ера кіно адбылася на Берлінскім кінафестывалі, а таксама стужка атрымала прэмію глядацкіх сімпатыяў і маладога журы на кінафестывалі аўтарскага кіно ў Мадрыдзе.
Праграма фэсту вельмі насычаная, таму мы выбралі пяць знакавых замежных стужак, на якія варта звярнуць увагу.
Падрабязней дазнацца пра фестываль можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram