Дзве стужкі беларускіх рэжысёраў будуць паказаны ў межах міжнароднага фестывалю «Pod wspólnym niebem» («Пад агульным небам») у Варшаве. Гэты культурніцкі форум ужо пяты год запар збірае на адной пляцоўцы кінематаграфістаў з Беларусі, Украіны, Грузіі, Індыі, В’етнама і Балгарыі, адкрываючы варшаўскім гледачам кіно блізкіх і далёкіх суседзяў.
У межах сёлетняй юбілейнай эдыцыі, якую ладзіць Цэнтр мыслі Яна Паўла ІІ, гледачам прэзентуюць 20 фільмаў. Многія з гэтых карцін ужо адзначаны ўзнагародамі на найважнейшых сусветных кінафестывалях, а галоўнае — яны амаль недаступныя ў шырокім польскім пракаце, што робіць летнія паказы ўнікальнай магчымасцю для гледачоў.
Беларускі кінавечар прызначаны на 15 ліпеня (пачатак а 20:15). Сёлета праграма блоку пабудавана на максімальным кантрасце дзвух фільмаў — старой міфалагічнай Беларусі і новай, часам разгубленай эміграцыі.
Беларускі фокус: ад містычных балот да варшаўскага Tinder

«Казка» Якуба Станкевіча (2026) — польская прэм’ера глыбокай дакументальнай арт-стужкі ад Belsat DOC. Гісторыя пра мастака Віктара з Падляшша, які збег ад цывілізацыі ў лясную зямлянку. Праз свае карціны ён асэнсоўвае трагічныя гістарычныя раны Беларусі — як мінулыя, так і гарачыя свежыя. Стваральнікі апісваюць стужку як містычную, трохі светлую і адначасова трагічную казку.
«Лебядзіная песня Фёдара Озерава» Юрыя Сямашкі (2025) — іранічнае і сюррэалістычнае драмедзі пра 25-гадовага мінчука ў зімовай Варшаве. Герой марыць пра музычны трыумф, але замест гэтага завісае ў Tinder і шукае па горадзе «чараўнічы світар з рамонкамі», пакуль свет вакол коціцца да катастрофы. Гэта вельмі дакладны зрэз псіхалагічнага стану маладога пакалення рэлакантаў.
Нагадаем, што прэм’ера кіно адбылася на Берлінскім кінафестывалі ў 2025 годзе, і за гэты час стужка атрымала прэмію глядацкіх сімпатыяў і маладога журы на кінафестывалі аўтарскага кіно ў Мадрыдзе, была паказана на міжнародным кінафестывалі ў Паўднёвай Карэі.

Што яшчэ паглядзець?
Праграма фэсту вельмі насычаная, таму мы выбралі пяць знакавых замежных стужак, на якія варта звярнуць увагу.
- «Мядовы месяц» («Miesiąc miodowy») рэжысёркі Жанны Азірнай, Украіна — 8 ліпеня (20:15). Псіхалагічная драма пра маладую пару, якая апынулася ў пастцы ў сваёй кватэры ў прыгарадзе Кіева ў першыя дні паўнамаштабнага расійскага ўварвання. Фільм-даследаванне таго, як вайна змяняе чалавецы стасункі за лічаныя гадзіны.
- «Не герой» («Not a Hero») Рымы Дас, Індыя / Сінгапур — 29 ліпеня (20:15). Польская прэм’ера свежай стужкі ад адной з самых самабытных рэжысёрак сучаснай Індыі. Гэта тонкая сацыяльная драма, якая паказвае жыццё звычайных людзей на фоне імклівага глабальнага свету.
- «Ты — космас» («Jesteś wszechświatem») Паўло Острыкава, Украіна / Бельгія — 5 жніўня (20:45). Фантастычная камедыйная драма. Гісторыя пра касмічнага дальнабойшчыка, які застаецца апошнім чалавекам у сусвеце пасля выбуху Зямлі, пакуль не выходзіць на сувязь з французскай вучонай на іншай касмічнай станцыі.
- «Месяц — мой бацька» («Księżyc to mój ojciec») Георгія Ававілі, Грузія / Люксембург — 19 жніўня (20:45). Маштабная еўрапейска-грузінская капрадукцыя ад прызнанага майстра кінематографа. Глыбокая філасофская драма аб сувязі пакаленняў, каранях і чалавечай адзіноце.
- «Урокі Благі» («Lekcje Błagi») Стэфана Камандарава, Балгарыя — 23 ліпеня (20:15). Для аматараў вострых сацыяльных трылераў у рамках «Балгарскіх чацвяргоў». Гісторыя пра 70-гадовую настаўніцу-ўдаву, якая стала ахвярай тэлефонных ашуканцаў і, страціўшы ўсе грошы, сама ступіла на шлях крымінальных разборак. Фільм сабраў мноства ўзнагарод на міжнародных фэстах.
Падрабязней дазнацца пра фестываль можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
