Чырвоны касцёл. Фота: katolik.life
Пра тэрміны завяршэння рамонту будынка касцёла Святога Сымона і Святой Алены распавёў кіраўнік Адміністрацыі Маскоўскага раёна Сяргей Рубанаў, паведамляе карэспандэнт агенцтва «Мінск-Навіны».
«Ужо пачаты работы па рэканструкцыі, рэстаўрацыі касцёла, — сказаў Рубанаў. — Разумеем, што працы сур’ёзныя. Было парушана аздабленне, але самае асноўнае — інжынерныя сеткі, якія ўплываюць не толькі на электразабеспячэнне, але таксама на ацяпленне. Ёсць нарматыўны тэрмін работ — 20 месяцаў, яны вядуцца. У 2027 годзе гэты касцёл будзе ўжо функцыянаваць».
Пра гэты тэрмін вясной паведамляла выданне Katolik.life, якое адшукала дакументацыю па рамонце і напісала, што новы комплекс рамонтна-аднаўленчых работ уключае «замену і рамонт унутраных і вонкавых інжынерных сетак».
Хоць на сайце «Мінскпрамбуда», які ў 2017-2019 гадах па замове «Мінскай спадчыны» праводзіў першую маштабную рэканструкцыю Чырвонага касцёла (дарэчы, храм тады не зачынялі), пазначана, што на тым этапе ўжо была праведзена замена «ўсіх інжынерных сетак, унутраных і вонкавых камунікацый».
Рамонтныя працы пачаліся ў Чырвоным касцёле ў чэрвені 2025 года. Нагадаем, у ноч на 26 верасня 2022 года ў будынку адбыўся невялікі пажар: загарэлася праводка, у выніку была пашкоджаная маёмасць у адным невялікім памяшканні касцёла.
Аднак мінскія ўлады зачынілі Чырвоны касцёл, які па-ранейшаму належыць дзяржаве, заявіўшы, што капітальны рамонт патрэбны ўсяму будынку. Паводле афіцыйнай версіі, увесь гэты час распрацоўвалася і дапрацоўвалася праектная дакументацыя для рамонту касцёла.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram