Арт-дырэктар і сузаснавальнік Беларускага Свабоднага тэатра Мікалай Халезін плануе завяршыць у гэтым сезоне працу над кнігай аб Беларускім Свабодным тэатры. Пра свае планы ён распавёў у апошнім выпуску YouTube–шоу «Перетрем с Халезиным».
За гэты год драматург і рэжысёр напісаў тры п’есы. Такой прадуктыўнасці раней не было, гэты надзвычай плённы творчы перыяд, адзначыў творца.
«Цяпер па дзвюх п’есах трэба стварыць кінасцэнар, таму што гэта рэальна кіно. А таксама ў гэтым сезоне мне трэба закончыць кнігу», – паведаміў драматург.
«[Гэта будзе кніга] аб Свабодным тэатры, аб жыцці ў Беларусі, па-за Беларуссю, – дадаў ён. – Рэфлексія пра тое, што адбывалася і як адбывалася з намі. У кнігі вельмі цікавы фармат, выдаўцы кажуць, што такога яшчэ ніхто не рабіў. Хутчэй за ўсё выданне выйдзе ў Вялікабрытаніі і Амерыцы».
Таксама рэжысёр крыху «раскрыў карты» пра адну з трох яго п’ес.
«Яе працоўная назва «Пуцін 2.0», і толькі ўчора быў закончаны пераклад гэтай п’есы з англійскай мовы. Гэта жорсткая камедыйная гісторыя, якая з постсавецкіх краін можа быць пастаўлена толькі ва Украіне. З дэмакратычных краін – ува многіх», – падзяліўся культурны дзеяч.
Мікалай Халезін падкрэсліў, што для яго прынцыпова, каб п’еса з’явілася менавіта на сцэне камерцыйнага тэатра.
«Я хачу, каб гэта стала значнай падзеяй з першага кроку», – сказаў ён.
У шоу Мікалай Халезін распавёў пра тры яскравыя, на яго погляд, кінематаграфічныя і літаратурныя творы, праз якіх можа пазнаёміцца з беларускай сучаснай культурай.
З кінематаграфічных ён вылучыў фільм «Акупацыя. Містэрыі» Андрэя Кудзіненкі, «Крышталь» Дар’і Жук і дакументальную стужку «У адзіночку» сумеснага аўтарства Наталлі Каляды, Эндру Сміта і Мікалая Халезіна.
З літаратурных – гэта «Сабакі Еўропы» Альгерда Бахарэвіча, «Па што ідзеш, воўча?» Евы Вежнавец (Святланы Курс), і «Слон» Сашы Філіпенкі.
«Я мару зрабіць спектакль паводле кнігі «Слон», – заўважыў рэжысёр. – Бо гэта самае сучаснае, самае важнае выказванне беларусаў. Бо ніхто не будзе разбірацца з нашымі «сланамі», калі не мы».
Пакуль жа датычна апошніх гучных пастановак Беларускага Свабоднага тэатра – оперы «Дзікае паляванне караля Стаха» і спектакля «KS6: Small Forward (KS6: Легкий Форвард)» з Кацяй Сныцінай – вядуцца перамовы аб гастролях.
«Калі ўсё складзецца, то 2025-2026 гады – гэта будзе Францыя, Германія, Аўстралія, і можа быць, з’явіцца штосьці яшчэ», – дадаў Мікалай Халезін.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram