«Джокер: Вар’яцтва на дваіх» Тода Філіпса з Хоакінам Феніксам і Ледзі Гага ў галоўных ролях, «Марыя» Пабла Ларыяна, дзе оперную дзіву Марыю Калас будзе іграць Анджэліна Джалі, «Квір» Лука Гуадан’іна — тут рэй будзе весці Даніэль Крейг, «Пакой па суседству» Педра Альмадовара з Тыльдай Суінтан, Джуліянай Мур і Джонам Туртура… Конкурсная праграма 81-га Венецыянскага кінафестываля багатая на зорныя імёны ў стужках выбітных рэжысёраў. Але таксама на адным з найбуйных форумаў будуць і работы, што не адразу трапяць у міжнародны пракат — на іх і звернем увагу ў аглядзе. Прысвечаныя актуальным тэмам, артавыя, незвычайныя — яны прэтэндуюць на асобную нішу на фестывалі.
Так, у праграме Biennale College Cinema заяўлены ігравы фільм украінскай рэжысёркі Жанны Азірнай «Мядовы месяц». У карціне дзеянне адбываецца за дзень да пачатку ўварвання Расіі ва Украіну. Маладая пара разам з сябрамі святкуе наваселле ў новай кватэры пад Кіевам. Але замест далейшага рамонту маладых чакае… расійская акупацыя. Героі не паспяваюць эвакуявацца, хаваюцца ў сваёй кватэры, і іх мядовы месяц замест ідыліі пераўтвараецца ў іспыт — як персанальны, так і для пары. «Драма стасункаў маладых людзей у замкнёнай прасторы», — так характаразуе гэту стужку ўкраінскі крытык Дар’я Бадзьёр.
Яшчэ адно ўкраінскае кіно ў праграме — «Песні павольна палаючай зямлі» Вольгі Журба — дакументальная карціна прымае ўдзел у пазаконкурснай праграме. ( І трэба дадаць, што дакументальнае кіно ў цэлым — заўважнае на Венецыянскай Мостры). У стужцы Вольга Журба стварае візуальную фрэску паўсядзённасці людзей, якія перажывалі поўнамаштабнае ўварванне. Вакзал, моргі, школы, фермы, бальніцы, кватэры і двары — глядач бачыць людзей, якія жывуць у гэтым свеце, поўным гора, разрушэння, смерці.Так, людзі скалечыныя бядой, але жывыя.
«Песні зямлі…» не траўміруюць, не правакуюць кактэйлі адрэналіну і картызолу ў крыві, не крычаць на публіку. Гэта адзін з нешматлікіх украінскіх фільмаў пра драматычныя падзеі нашай найноўшай гісторыі, які можна назваць прынцыпова, экзістэнцыяльна сумным. Гэтая стужка паказвае, што адбываецца з зямлёй, тэрыторыяй, людзьмі, жыццём, у рэшце рэшт, калі супраць іх вядзецца захопніцкая і несправядлівая вайна», — адзначае Дар’я Бадзьёр.
Цікава, што ў пазаконкурснай праграме Мостры прысутнічае і дакументальная стужка расійска-канадскай аўтаркі Анастасіі Трафімавай — «Рускія на вайне». «Я вырашыла зняць гэты фільм у адчайнай спробе зразумець краіну, дзе я нарадзілася, і мой народ», — распавядае пра сваю працу аўтарка. Анастасія заўважае, што яна сфакусавала свой аб’ектыў на рускіх салдатах — іх гісторыі, спадзяецца яна, паспрыяюць больш глыбокаму разуменню гэтай бессэнсоўнай і траўматычнай вайны. «Нягледзячы на тое, што мы знялі антываенны фільм, я разумею, што ў цяперашнім геапалітычным кантэксце наша кіно можа быць аб’ектам нападаў і парадку дня, які не ўваходзяць у яго рамкі», — асцярагаецца кінематаграфістка.
Таксама шэраг карцін на Венецыянскім аглядзе прысвечаны і ізраіль-палестынскаму канфлікту.
Так, дакументальнае кіно «Ізраіль Палестына на шведскім тэлебачанні 1958-1989» ў пазаконкурсе прапануе шведскі рэжысёр Ёран Х’юга Олсан. Фільм складаецца з унікальных і візуальна запамінальных кадраў, мабыць, з найбольш поўнага архіва ў свеце, які паказвае абодва бакі канфлікту: архіва Шведскага тэлебачання. У карціне можна прасачыць як медыя адной краіны ўспрынялі адзін з самых працяглых канфліктаў у свеце.
«Гэта, безумоўна, самы балючы фільм, які я — мы — калі-небудзь здымалі. Нягледзячы на тое, што працаваць з матэрыялам было абсалютнай асалодай — прыгожыя вобразы з неверагодна цікавымі героямі ўперамешку са сведчаннямі людзей і геапалітычнымі падзеямі — ход гісторыі становіцца ўсё больш пакутлівым. Мы сапраўды спрабавалі прадэманстраваць павагу як да аўтараў відэаматэрыялу, так і да ўдзельнікаў, з, магчыма, састарэлым намерам прапагандаваць такія паняцці, як мір і ўзаемаразуменне», — распавёў пра сваю працу Ёран Х’юга Олсан.
Па-за конкурсам дэманструецца і дакуменальная стужка ізраільскага дакументаліста Амоса Гітая «Чаму вайна», у якой аўтар звяртаецца да перапіскі паміж Альбертам Эйнштэйнам і Зігмундам Фрэйдам. У 1932 годзе вядомы фізік і гуманіст быў запрошаны Лігай Нацый напісаць ліст на любую тэму любому чалавеку. Альберт Эйнштэйн вырашыў перапісвацца з Зігмундам Фрэйдам аб пазбяганні вайны. Па гэты дзень перапіска аб вайне двух вялікіх мысляроў усіх часоў як ніколі актуальная. Амос Гітай натхняецца перапіскай гэтых выбітных людзей, каб весці дыялог і з сучаснікамі.
Гэтаксама не абмінем увагай новую ігравую карціну грузінскай рэжысёркі Дэа Кулумбегашвілі «Красавік». Дэбютная праца кінематаграфісткі — «Пачатак» — стала сенсацыяй Міжнароднага фестываля ў Таронта ў 2020 годзе. У новай стужцы аўтарка распавядае пра акушэрку Ніну, якая ў выніку смерці немаўля трапляе пад пільную ўвагу грамадскасці. «У гэтай карціне маёй мэтай было даследаваць і аналізаваць дыхатамію і канвергенцыю паміж існаваннем і жаноцкасцю. Гэта натуральна прывяло мяне да тэм нараджэння і смерці», — дзеліцца сваёй унутранай устаноўкай у гэтым кіно Дэа Кулумбегашвілі.
І яшчэ адна карціна, на якую, як кажуць, кінапрэса ўжо разабрала квіткі — «Санаторый пад пясочным гадзіннікам» братоў Квей, заснаванай на прозе Бруна Шульца. Спалучаючы ігравое кіно і лялечную анімацыю, кінематаграфісты распавядаюць гісторыю Юзэфа, які едзе ў санаторый наведаць свайго бацьку.
«Юзэф выявіць, што заблытаўся ў трывожнай павуціне ўспамінаў, фантазій і бачанняў, якім ён можа толькі падпарадкавацца. Ён знойдзе свайго бацьку, страціць яго ў сне, выявіць адразу некалькіх, а затым страціць яго назаўжды. Нават сам Юзэф стане множным: адзін памрэ, другі будзе асуджаны бясконца блукаць па калідорах санаторыя, а апошні сядзе ў той жа цягнік, на якім прыбыў», — распавядаюць пра сваю новую стужку «спадкаемцы» Яна Шванкмайера Сцівен і Цімаці Квей.
«Залатога льва» за ўклад у кінематограф на 81-м Венецыянскім фестывалі атрымала амерыканская актрыса Сігурні Уівер.
Журы галоўнага конкурса ўзначальвае французская актрыса Ізабель Юпер.
Падрабязней пра праграму Венецыянскай Мостры можна дазнацца тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram