Святлана Ціханоўская павіншавала ўсіх беларусаў, што святкуюць Вялікдзень. У святочным звароце яна пажадала напоўніцца надзеяй і захоўваць дабрыню.
«Хрыстос Уваскрос! Сапраўды Уваскрос! Сёння мы вітаемся гэтымі словамі, і яны напаўняюць нас надзеяй. Гэтая надзея ў кожнага свая. А якая надзея ў нашага народа? «Людзьмі звацца» – казаў класік. Засноўваць сем’і, гадаваць дзяцей, будаваць свой дом і мець годнае жыццё на сваёй зямлі сярод сваіх людзей…
Сёння гэтыя простыя рэчы патрабуюць не толькі надзеі, але нашых з вамі намаганняў. Каб выстаяць і прайсці праз гэты цёмны час. Я жадаю ўсім нам у гэты светлы дзень Вялікадня трывала напоўніцца гэтый надзеяй, не падаць духам, а штодзённа захоўваць у сабе святло і дабрыню. Змагацца за нашыя сем’і, за нашых блізкіх, за наш народ», — заклікала палітык.