Мастацкая галерэя ў Полацку адзначае сваё 45-годдзе адмысловай выставай

Выстава «Полацкая лінія» адкрылася ў Полацку з нагоды 45-годзя Мастацкай галерэі. На выставе паказалі паказалі графічныя і жывапісныя творы 14 беларускіх мастакоў, якія ў розныя часы жылі і працавалі ў Полацку і так ці іначай з галерэяй былі звязаныя.

На адкрыцці выставы. Фота: polotsk.museum.by

У 1981 годзе галерэя была заснавана спачатку пры мясцовым краязнаўчым музеі, супрацоўнікі якога прыклалі шмат намаганняў, ствараючы канцэпцыю будучай інстытуцыі і прадумваючы першую экспазіцыю.

На адкрыцці выставы. Фота: polotsk.museum.by

Менавіта тады пачала мэтанакіравана фармавацца калекцыя і праводзіцца выставы. У часы, калі камуністычныя ідэолагі актыўна вялі барацьбу з фармалізмам, полацкая галерэя, у процівагу афіцыйнаму мастацтву, не толькі экспанавала творы, далёкія ад пануючага мэйнстрыму, але і калекцыянавала іх. Менавіта тут, у Полацку, атрымала першае прызнанне творчае аб’яднанне «Няміга 17». І менавіта ў Полацку знаходзіцца лепшы збор выяўленчага мастацтва краіны, які запаўняе «белыя плямы» дваццаці гадоў мінулага стагоддзя (1975 — 1995).

Напрыклад, тут можна ўбачыць раннія творы Зоі Літвінавай, Святланы Катковай, Аляксея Марачкіна, Галіны Гаравой, а таксама працы Ізраіля Басава і іншых выдатных аўтараў. Паралельна вялася работа па фарміраванні калекцыі твораў мастакоў-палачан аб’яднання «4-63» – Аляксандра Канавалава, Алега Ладзісава, Васіля Васільева і Галіны Васільевай, а таксама мастакоў Віцебскага рэгіёна.

З калекцыі мастацтва ХХ стагоддзя. Фота: belarus.by

7 верасня 2002 года галерэя працягнула працу ў сценах адрэстаўраванага езуіцкага калегіума. Сёння Полацкая мастацкая галерэя — філіял Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка.

Экспазіцыя і фонды галерэі, акрамя згаданых твораў беларускага мастацтва XX стагоддзя, уключаюць калекцыі іканапісу, партрэтнага жывапісу XVIII–XX стагоддзяў.

Выстава «Сценапіс XII–XIX стагоддзяў Спаса-Праабражэнскага храма ў Полацку». Фота: belarus.by

Асаблівае месца займае ўнікальная выстава «Сценапіс XII–XIX стагоддзяў Спаса-Праабражэнскага храма ў Полацку», якая прадстаўляе захаваныя роспісы Спаскай царквы.

Царква размяшчаецца на тэрыторыі Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра, што знаходзіца на беразе ракі Палаты, за 2 км ад Верхняга замка. Сёння яна ўяўляе сабой храм ХІІ сагоддзя, дапоўнены надбудовамі ХVІІ – ХІХ стагоддзяў.

Работы па раскрыцці фрэсак царквы ажыццяўляліся адначасова з адслаеннем і пераносам на новую пастаянную аснову позняга алейнага жывапісу XVIII–XIX стагоддзяў. Фрэскі засталіся ў Спаскім саборы, а адслоены жывапіс перанесены ў галерэю, дзякуючы чаму сёння можна ўбачыць тры варыянты роспісу: у храме – фрэскі XII стагоддзя, а ў галерэі – пераважна жывапіс 1837 і 1885 гадоў.

Выстава «Сценапіс XII–XIX стагоддзяў Спаса-Праабражэнскага храма ў Полацку». Фота: belarus.by

Такім чынам, выстава з’яўляецца вынікам навукова распрацаванага тэхналагічнага працэсу па расслаенню і кансервацыі шматслаёвага насценнага жывапісу, выкананага у розныя стагоддзі. Кожны міліметр з амаль 1000 кв. метраў фрэскавага жывапісу быў раскрыты з-пад некалькіх слаёў алейнага жывапісу, ачышчаны ад пылу і сажы, апрацаваны адмысловым замацоўваючым складам і сёння ўпрыгожвае сцены дзеючага храма манастыра.

У галерэі таксама маюцца выставачныя залы, дзе праходзяць зменныя выставы, а таксама граверная майстэрня, дзе можна стварыць гравюру ўласнага дызайну, выкарыстоўваючы старажытную методыку.

Выстава «Полацкая лінія», прысвечаная 45-годдзю Мастацкай галерэі, будзе працаваць да 23 сакавіка 2026 года.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!