Скрыншот з відэа.
Марыя Калеснікава сёння, 14 снежня, падчас прэс-брыфінгу ў Чарнігаве падзялілася пра тое, як ёй было няпроста ў зняволенні: як чалавеку, і як творчай асобе.
— Я планую [зараз] надаць час сваёй улюбёнай сям’і, сябрам: свайму атачэнню, буду займацца здароўем, і вядома, як чалавек мастацтва: я не магу сябе аддзяліць [сябе] ад мастацтва. Напэўна, любы музыкант мяне зразумее: я пяць гадоў не чула жывых музычных інструментаў, жывога голасу. І ў мяне неверагодны голад [на музыку], які неабходна спатоліць. Тое самае датычыцца галерэй, музеяў, тэатраў. На шчасце, у мяне была магчымасць чытаць, я вельмі шмат чытала, як і ўсе мы, мяркую. Мы, напэўна, можам біць рэкорды па колькасці прачытаных кніг і спаборнічаць у гэтым. Музыка, мастацтва, тэатр, вандроўкі — гэта тое, чым я планую на пэўны час запоўніць сваё жыццё і, канешне, стасункі з любімымі і дарагімі мне людзьмі.
На пытанні, якія былі ўмовы ўтрымання, палітык і музыкант адказала паліткарэктна:
— Умовы ўтрымання былі, напэўна, такія ж, як ва ўсіх асуджаных Рэспублікі Беларусь. Я зараз сяджу перад вамі, а ў раёне 9 раніцы [учора] я працавала на фабрыцы. Мне складана адказаць на гэта пытанне. Умовы ўтрымання такія, што я зараз перад вамі знаходжуся, жывая, здаровая, усміхаюся. Напэўна, гэта гаворыць пра тое, што не ўсё так дрэнна, як можа падасца. Хоць гэта вельмі складаны час, месца, складаныя ўмовы. Але нават там можна заўжды знаходзіць магчымасць пэўны чынам сябе падтрымліваць.
Што датычыцца таго, якім чынам я даведалася, што знаходжуся ва Украіне, я даведалася пра гэта, калі апынулася ва Украіне.
Журналістаў таксама цікавіла, ці не шкадуе Марыя Калеснікава, пра свой выбар у 2020 годзе, які каштаваў ёй так шмат.
Яна адказала, што гэта пытанне — адно з тых, якое найчасцей ёй задаюць у апошнія гады.
— Гэта, напэўна, самае частае пытанне, якое мне задавалі за апошнія пяць гадоў, усе: пачынаючы ад людзей, якія былі побач са мной на суседніх месцах у камерах, і заканчваючы тымі, хто вёў следства, — сказала Калеснікава. — І нават праз пяць гадоў мне гэтае пытанне не перастаюць задаваць. Не. Я ні пра што не шкадую. Лічу, што бываюць такія часы, якія ставяць перад намі складаныя пытанні, і мы павінны рабіць складаны выбар. Я зрабіла гэты выбар вельмі лёгка, таму што я была і застаюся абсалютна ўпэўненай, што я падтрымала правільную ідэю. Я падтрымала свае каштоўнасці, якія выказвае Віктар Дзмітрыевіч і Эдуард Бабарыка, яго сын. Я не адна, нас такіх вельмі шмат. Нават цяпер, прайшоўшы праз вельмі вялікія выпрабаванні і надзвычай вялікія пакуты, якія для мяне часткова скончыліся, а для многіх людзей яны яшчэ працягваюцца, я заўсёды пра гэта памятаю… Усё роўна лічу, што ў такія пераломныя моманты, калі ты можаш, значыць, ты павінен. І вось, бадай, гэта адказ на вашае пытанне.
У сённяшнім брыфінгу ва Украіне разам з Марыяй Калеснікавай прымалі ўдзел палітыкі Віктар Бабарыка, публіцыст Аляксандр Федута, а таксама юрыст «Вясны» Уладзімір Лабковіч.
Што былыя палітзняволеныя сказалі, адказваючы на пытанне пра вайну ва Украіне, можна прачытаць тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram