Фестываль "Шлях цмока". Фота: berezinsky.by
Настаў час летніх фестываляў. Для беларусаў унутры краіны сезон пачаўся даволі сумна: сёлета многія традыцыйныя імпрэзы і open-air не адбудуцца.
Зачынілася «Пясочніца». Фестываляў Wostrau у Нясвіжы і Festiwow на мінскім стадыёне «Дынама», якія арганізоўвалі Яўген і Алег Лабуці, таксама не будзе, але вось іх Viva Braslav застаўся, затое з «зашкварнымі» музыкамі.
«Сонцастаянне» ў Пружанах не адбудзецца. Фолк фестываль «Свята Сонца» ў Дудутках, які збіраў гасцей амаль 10 гадоў, да юбілею не дажыў.
За мяжой амаль большасць беларускіх фестываляў захаваліся.
Сабралі самыя адметныя фэсты (выкінуўшы афіцыёз, накшталт «Славянскага базару») у Беларусі і непадалёк.
Мінск
20 і 21 чэрвеня
Праект пройдзе ў Мінску ў фармаце вялікага гарадскога пікніка ў Батанічным садзе.
Арганізатары запусцілі праграму падтрымкі гастранамічных ініцыятыў, дзякуючы якой на фестывалі з’явіцца больш новых імёнаў і смелых канцэпцый.
Што тычыцца музыкі, у новым сезоне разам з партнёрамі арганізатары вырашылі падтрымаць таленавітых, але пакуль не вельмі раскручаных айчынных выканаўцаў, каб пазнаёміць гасцей фестывалю з якаснай беларускай музыкай. А дапоўняць атмасферу замежныя хэдлайнеры. Імёны ўдзельнікаў і гастранамічную карту раскрыюць пазней.
Квіткі тут.
Мінск
27 чэрвеня
Беларускае «Купалле» пройдзе ў самым цэнтры Мінска ў культурнай прасторы «Рэха» — ва унутраным дворыку, будынку і новай адкрытай пляцоўцы ў скверы.
Абяцаюць дзве музычныя сцэны з выступленнямі папулярных артыстаў і народнай музыкай. Таксама рыхтуюць майстар-класы па традыцыйных рамёствах, танцах і абрадах; маркет рамеснікаў з унікальнымі вырабамі і сувенірамі; фотазоны ў тэматычным стылі для яркіх здымкаў; дзіцячыя зоны, фудкорты са святочнымі напоямі і стравамі нацыянальнай кухні; дабрачынную латарэю і магчымасць пазнаёміцца з культурай Беларусі ў нефармальнай абстаноўцы.
Квіткі тут.
Парк «Палянка» ў Жабінкаўскім раёне Брэсцкай вобласці
18 ліпеня
У сярэдзіне лета ў Брэсцкай вобласці пройдзе адзіны open-air-фестываль электроннай музыкі ў Беларусі.
Электронная музыка будзе суправаджаць гасцей на працягу ўсяго дня. Свае кампазіцыі прадставяць Дзмітрый Молаш — заснавальнік фестывалю і адзін з самых вядомых progressive-артыстаў Беларусі, Upteka – прадстаўнік Tech House сцэны з яркім аўтарскім стылем, Аляксей Пустэльніцкі – артыст і прадзюсар, які прэзентуе новыя трэкі на мерапрыемстве, а таксама Milana – адзіная дзяўчына-дыджэй на Брэсцкай сцэне.
Квіткі тут.
Горад Браслаў Віцебскай вобласці
24 — 26 ліпеня
Браслаўскі спартыўна-музычны open-air фестываль мае амаль пятнаццацігадовую гісторыю.
Па традыцыі, у праграму свята ўваходзіць пляжная частка — спаборніцтвы па валейболе, футболе, крос-кантры, велізарная колькасць атракцыёнаў для дзяцей і дарослых, палёты на верталёце і паветраным шары, фудкорты; а таксама музычная частка — выступленні топавых беларускіх, расійскіх, замежных груп і DJ розных напрамкаў да самай раніцы.
Ужо вядома, што хэдлайнерамі і ўдзельнікамі фестывалю стануць Дзіма Білан, МАП, Ваня Дзмітрыенка, гурт «Комната культуры», а таксама беларускія выканаўцы Lyriq (Кірыл Ермакоў) і постпанк-праект «Давай на ты».
Нагадаем, што Дзіма Білан за паездку ў акупаваны Крым трапіў у базу звестак украінскага Цэнтра «Міратворац», МОТ (Мацвей Мельнікаў) таксама ў базе «Міратворца», ён удзельнічаў прапагандысцкіх мерапрыемствах у акупаваным Крыме.
Квіткі тут.
Мсціслаў
1 жніўня
Рыцарскі фэст па традыцыі пройдзе на Замкавай гары — унікальным музеі пад адкрытым небам, гісторыка-археалагічны помнік, дзе ў XII стагоддзі зарадзіўся Мсціслаў. На час фэсту яна ажывае, напаўняючыся крыкамі бітваў, музыкай, смехам і тысячамі захопленых гасцей. Арганізатары плануюць зрабіць «Рыцарскі фэст-2026» самым відовішчным за ўсе гады.
У мінулым годзе галоўнай тэмай свята была — «белая магія», сёлета тэмай стане мастацтва сярэднявечных вулічных прадстаўленняў. Эпіцэнтрам увагі будуць артысты, якія працуюць без страхоўкі: канатаходцы, эквілібрысты.
Тэхнічнае абсталяванне галоўнай сцэны таксама выйдзе на новы ўзровень. Гіганцкі святлодыёдны экран з шматканальным гукам дазволіць кожнаму гледачу разгледзець драбнюткія дэталі паядынкаў і выступаў. Батальная праграма фестывалю традыцыйна ўражвае: поўнакантактныя рыцарскія дуэлі, масавыя бугурты, дзе сыдуцца дзясяткі цяжкаўзброеных воінаў, і, вядома, штурм замка.
Падчас фэсту разгорнецца аўтэнтычны рамесны квартал. Кавалі, ганчары, гарбары і цесляры правядуць майстар-класы. Па тэрыторыі будуць блукаць жывыя персанажы: суровы князь з дружынай, міфалагічныя пачвары, фанфарысты і вяшчальнікі. Асобнай увагі заслугоўвае батлеечнае прадстаўленне — лялечны тэатр сярэднявечча, а таксама выстава зброі розных эпох: ад рыцарскіх мячоў да арбалетаў.
Кульмінацыяй стане вячэрняя праграма. Абяцаюць фолк-канцэрта і грандыёзнае вогненнае шоу.
Бярэзінскі біясферны запаведнік
22-23 жніўня
У канцы лета Бярэзінскі біясферны запаведнік будзе прымаць VII фестываль славянскай міфалогіі . У праграме – жывая музыка ў выкананні артыстаў з Беларусі і Расіі. Удзельнікаў канцэрта арганізатары трымаюць у сакрэце.
Але вядома, што гледачам традыцыйна прадставіцца магчымасць пагасціць у містычнай вёсцы, здзейсніць начную прагулку па імерсіўнай міфалагічнай экасцяжынцы. Запланаваны конкурс касцюмаў на галоўнай сцэне, інтэрактыўны тэматычны квэст, праграмы для дзяцей і дарослых, майстар-класы, выставы, фотазоны. На два дні госці фестывалю змогуць размясціцца ў кемпінгах і намётавым мястэчку.
Квіткі тут.
Ліда
29 жніўня
У сакавіку было абвешчана, што фестываль LIDBEER не адбудзецца «па прычынах, якія не залежаць ад арганізатараў», аднак неўзабаве забарону адмянілі і адзначыць 150-годдзе легендарнага брэнда «Лідскае піва» ўсё ж вырашылі правядзеннем фестывалю.
Сёлета LIDBEER абяцае стаць асабліва яркім і насычаным. На прасторнай бясплатнай тэрыторыі, якая працягнецца ад Лідскага замка да вуліцы Кірава, разгорнуцца забавы на любы густ: кіламетровыя фудкорты, утульныя чилл-зоны, горад майстроў і тэматычныя прасторы для адпачынку і забаў.
Галоўная падзея — выступленні разнастайных артыстаў на галоўнай сцэне, здольных захапіць любую аўдыторыю. Для жадаючых адчуць асаблівую атмасферу — асобная платная зона ля сцэны.
Арганізатары падрыхтавалі некалькі зон для пражывання: стандартныя кемпінгі, пляцоўкі для аўтадомаў, а таксама прэміяльны глэмпінг.
Квіткі ў платную зону тут.
Варшава
21 чэрвеня
Тэатральная студыя «Купалінка» запрашае святкаваць Купалле на беразе Віслы.
Будуць спяваць песні, танчыць, плесці вянкі, шукаць папараць-кветку і новых сяброў.
У праграме, як заўжды, конкурс на найлепшы строй, міні-Купалле для дзетак, выступы любімых артыстаў, скокі праз вогнішча ды вольны мікрафон, сюрпрызы ад «Купалінкі».
І канешне ж, пусцяць вянкі ў раку, каб мары і надзеі споўніліся.
Познань
20–21 чэрвеня
Фэст пройдзе каля возера Lednica (Biwak Lednica) і стане спланаванай выпадковасцю і фіналам мастацкай рэзідэнцыі беларускіх творцаў, арганізаванай Logos NGO i Фундацыяй Кут.
Арганізатары не ведаюць, што дакладна будзе прадстаўлена ў выніку, таму што абралі даць самае каштоўнае — свабоду творчасці тым мастакам, перформерам і музыкам, якія наведаюць рэзідэнцыю. Галоўныя матэрыялы і кропкі натхнення: месца, час і людзі, а сутыкнуцца яны непасрэдна перад падзеяй. У кантакце з прыродай народзяцца музыка, перформансы, медыя-арт і інсталяцыі.
Напярэдадні, у пятніцу, запрашаюць разбіць намёты і нефармальна адкрыць фестываль на кэмпінгу Biwak Lednica, а цягам наступных двух дзён — разам праводзіць час на прыродзе, назіраць за творчым працэсам і адкрываць яго вынікі.
Далучыцца можна ў любы момант.
Інфармацыя тут.
Варшава
27 чэрвеня
У адрозненне ад іншых святкаванняў Купалля, арганізатары адзначаюць, што для іх важная не столькі рэканструкцыя мінулага, колькі «актуальная музыка, святло, супольнасць і электронная сцэна». «Варушняк» пройдзе ў варшаўскім клубе Rejs і наведаць яго змогуць толькі поўнагадовыя асобы
Вечарына будзе падзеленая на дзве сцэны паводле музычных кірункаў: «Вянок» і «Скала». Выступяць Макс Старцаў, Алекс Чумак, Snake Two і звыш 20 іншых артыстаў.
Арганізатары абяцаюць лекцыі, фуд-корт і арт-інсталяцыі да світанку.
Квіткі тут.
Гарадок
16–19 ліпеня
Фэст «Тутака» — гэта платформа для шырокага спектра форм творчага дыялогу: ад канцэртаў, выстаў, кінапаказаў да творчых сустрэч, лекцый і публічных дыскусій, якія разам ствараюць унікальны вобраз сучаснай незалежнай культуры і грамадзянскай супольнасці.
Праграму фестывалю ствараюць для дарослага, свядомага гледача, дбаючы пра камфорт бацькоў: пакуль вы занураецеся ў дэбаты і лекцыі, вашы дзеці бяспечна і творча адкрываюць свет на майстар-класах або гуляюць у спецыяльнай дзіцячай зоне.
Квіткі тут.
Кракаў
1 жніўня
Кракаўскі пікнік Letucień пройдзе 1 жніўня ў кракаўскім парку Ёрдана (Park Jordana).
За сем гадоў маленькі пікнік вырас у вялікі беларускі фестываль, на якім будуць арганізаваны галоўная, этна- і электронная сцэны; больш за 40 беларускіх майстроў на кірмашы; смачная ежа на фудкорце; цікавыя лекцыі і майстар-класы; дзіцячая і спартыўная прасторы.
https://www.instagram.com/picnic.letucien
Імпрэзу можна падтрымаць тут.
Вільня
20 чэрвеня
Адной з ключавых кропак сямейнага беларуска-літоўскага фестывалю «Пад чароўным дрэвам» стане літаратурная пляцоўка з удзелам беларускіх і літоўскіх пісьменніц, пісьменнікаў ды мастачак, якія працуюць на ніве дзіцячай літаратуры.
Акрамя дыскусій і размоваў можна будзе паслухаць жывую музыку, а затым паўдзельнічаць у майстар-класах ад Аўшры Кюдулайтэ і Лізы Лянкевіч і намаляваць сваіх візуальных персанажаў. Старэйшыя дзеці змогуць стварыць сваю невялічкую гісторыю разам з выкладчыцай і паэткай Дар’яй Роскач.
Праграма тут.
Нойбург-на-Дунаі (Нямеччына)
19 — 21 чэрвеня
Беларусы Нямеччыны запрашаюць на беларуска-баварскі летнік «Мюнхеншчына фэст». Удзельнікаў чакаюць тэматычныя майстар-класы і імпрэзы, шмат музыкі, вечары ля вогнішча і новыя знаёмствы. Удзельнікі пры наяўнасці кампетэнцыі могуць правесці ўласны майстар-клас.
Поўная праграма і расклад летніку будуць апублікаваныя пасля 15 чэрвеня. Унёсак для ўдзельнікаў складзе ад 100 еўра для дарослых і 50 еўра для дзяцей за тры дні летніку.
Просяць мець з сабою: намёт, турыстычны дыванок/матрац, спальны мяшок, кубак, лыжку, міску, нож, дажджавік, ручнік, цёплую вопратку, сродкі аховы ад камароў/сонца/кляшчоў.
Заяўку запоўніць можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram