Нямецкае Таварыства флейты ўзнагародзіла Марыю Калеснікаву званнем ганаровага сябры — ім ушаноўваюцца тыя, хто дасягнуў вяршыні майстэрства ў ігры на флейце. Прызнаючы дасягненні Марыі, Таварыства адзначае яе смеласць і стаўленне творчага чалавека, для якога творчасць і грамадзянская пазіцыя ўзаемазвязаны.
Падчас цырымоніі ўзнагароджання быў прыведзены адказ Марыі Калеснікавай на пытанне, што такое свабода: «Для мяне свабода — гэта адзіны спосаб існавання, гэта заўжды шлях. Гэта не рашэнне, не штосьці, што ты ўжо трымаеш у руках. Свабода пастаянна развіваецца ўнутры, разам з жыццём, назапашаным досведам. Да свабоды заўжды вядзе цяжкі шлях. Гэта выбар — мая адказнасць перад сабой. Мы выбіраем паміж свабодай і прыняццем таго, што ўжо існуе».
Сябра прэзідыума Каардынацыйнай Рады, кіраўнік выбарчага штаба Віктара Бабарыкі Марыя Калеснікава была затрымана 7 верасня 2020 года. 6 верасня 2021 года суддзя Сяргей Епіхаў прызнаў Марыю Калеснікаву разам з юрыстам Максімам Знакам вінаватымі па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 361 («Заклікі да дзеянняў супраць нацыянальнай бяспекі»), ч. 1 арт. 357 («Змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам»), ч. 1 арт. 361-1 («Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і кіраўніцтва ім»). Максім і Марыя былі прыгавораны да 10 (Максім) і 11 (Марыя) гадоў пазбаўлення волі. Знаку прызначылі ўзмоцнены рэжым калоніі, Калеснікавай — агульны.
11 студзеня 2022 года Марыю перавялі ў гомельскую ПК № 4.
24 траўня 2022 года КДБ дадаў яе ў спіс асоб, «датычных да тэрарыстычнай дзейнасці».
28 лістапада 2022 года Марыю даставілі ў хірургічнае аддзяленне гомельскай бальніцы хуткай дапамогі і прааперавалі з прычыны прабадной язвы і перытаніту. Праз некалькі дзён палітзняволеную перавялі назад у калонію, у медыцынскі стацыянар, дзе ёй дазволілі сустрэцца са сваім бацькам.
У сярэдзіне студзеня 2023 года сябру Каардынацыйнай Рады перавялі ў атрад. Марыя ўжо пачала працаваць, але стамлялася пасля змены. Палітзняволеная пачала набіраць пакрысе вагу.
У канцы сакавіка 2023 года з’явілася інфармацыя аб тым, што палітзняволеная знаходзіцца ў ПКТ.
За апошнія дзевяць месяцаў звестак пра Марыю Калеснікаву не паступала.