Пасля юбілейнага вечара Уладзіміра Мулявіна ў філармоніі, дзе зала ў адзіным парыве ўстала пад гукі «Малітвы», удава аўтара музыкі Ірына Відава выступіла з рэзкай заявай. Спявачка апублікавала афіцыйнае паведамленне, у якім забараніла выкарыстоўваць любыя творы Алега Моўчана без яе пісьмовай згоды. Як паведамляе «Наша Ніва», адначасова з гэтым пачалася зачыстка ў сеціве відэазапісаў з юбілейнага вечара Мулявіна, дзе зала ўстала пад легендарны спеў.
У заяве, апублікаванай на афіцыйным сайце кампазітара, Ірына Відава абгрунтоўвае сваё рашэнне «шматгадовай непавагай» спявака Пятра Ялфімава да аўтарскага права. (Менавіта пад выкананне Пятром Ялфімавым «Малітвы» публіка ў філармоніі ўстала ў парыве шанавання). Але, як кажуць, не адной «Малітвай»… Спіс твораў, на якія накладзены забарона, уражвае сваім маштабам. Відава пачанае з самых папулярных хітоў: «Малітва», «Стася», «Чырвоная ружа», «Слуцкія ткачыхі», «Лявоніха», і заканчвае «ўсіх іншых твораў, аўтарам музыкі якіх з’яўляецца Моўчан Алег Уладзіміравіч».
Больш за тое, удава патрабала спыніць трансляцыю любога запісу гэтых песень у выкананні Ялфімава па тэлебачанні і радыё.
Спадчынніцы Мулявіна, якія адмовіліся ад сумеснай дамовы з удавой Моўчана, апынуліся па іншы бок барыкадаў.
Рэзкая актыўнасць удавы выглядае асабліва цікава, калі ўлічыць кантэкст. Паводле назіранняў журналістаў, роўна год таму, у студзені 2025-га, Пётр Ялфімаў выконваў тую ж «Малітву» на прапагандысцкім «Марафоне адзінства» ў «Мінск-Арэне». Тады прэтэнзій аб «непавазе» не ўзнікала — магчыма, праз тое, што акампаніятарам выступаў Коля Лукашэнка.
Аднак як толькі ролік з філармоніі, дзе песня загучала як сімвал нацыянальнай еднасці, стаў вірусным у незалежных медыя, Відава імгненна ўключыла юрыдычны механізм і пачала паляванне на «пірацкія» відэа ў інтэрнэце.
Сённяшняя сітуацыя стала лагічным працягам шматгадовай стратэгіі сям’і Моўчанаў, якія яшчэ пры жыцці кампазітара ператварылі аўтарскае права ў інструмент жорсткага кантролю і цэнзуры. Самым гучным прэцэдэнтам стаў суд 2014 года супраць лідаркі рок-гурта Naka Насты Шпакоўскай. Тады падставай для іску стала выкананне «Малітвы» ў межах праекта Сяргея Будкіна «Re:Песняры». Моўчан не толькі запатрабаваў вялікую фінансавую кампенсацыю, але і прынцыпова выступіў супраць «самавольнай» рок-аранжыроўкі, якая, на яго думку, псавала твор.
Тады ў судзе Шпакоўская спрабавала адстаяць думку, што «Малітва» — гэта духоўны гімн, створаны ў дзяржаўным калектыве пад кіраўніцтвам Мулявіна, і ён не павінен быць прыватнай уласнасцю аднаго чалавека. «Яна стала гімнам таму, што яе спяваў Мулявін, наш пясняр, а не таму, што яе напісаў Моўчан. Цяпер мы ўсе будзем залежаць ад чалавека, які вырашае, колькі трэба плаціць», — казала тады спявачка.
Праз 12 гадоў гэтыя словы гучаць прароча. Калі ў 2014-м спрэчка ішла вакол эстэтыкі аранжыроўкі, то ў 2026-м пад ударам апынулася само права грамадства на калектыўную памяць. «Малітва» на словы Янкі Купалы аказалася ў закладніках прыватных крыўдаў і выбарачнай лаяльнасці. Калі права забараняць і «выдаляць» відэа з інтэрнэту становіцца важнейшым за магчымасць беларусаў чуць свой культурны код, спадчына перастае быць жывой і ператвараецца ў прадмет юрыдычнага гандлю.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram