Алена Кіш. Дзева на водах.1930-49.
У галерэі «Лабірынт» на трэцім паверсе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адкрылася выстава «Маляваная душа», прымеркаваная да 130-годдзя з дня нараджэння Алены Кіш (1896–1949).
На выставе паказваюць маляванкі — як традыцыйныя, так і іх інтэрпрэтацыі сучаснымі творцамі.
Найбольш актыўна гэты від народнага мастацтва развіваўся ў 1930-50-х гады, хоць маляваныя дываны ствараліся і раней, але не дайшлі да нашага часу. Такія дываны былі амаль у кожным сялянскім доме. Яны прадаваліся на рынках. Мастакі хадзілі па вёсках, кватаравалі ў вяскоўцаў, бралі заказы на роспіс і набіванне дываноў. У вёсках і буйных мястэчках жылі і працавалі самадзейныя мастакі, якія выконвалі заказы на хаце. Попыт на такое мастацтва быў вельмі вялікім і трымаўся да таго часу, пакуль гэтыя ўнікальныя творы не былі выціснуты фабрычнай прадукцыяй.
Выстава «Маляваная душа» арганізаваная сумесна з гісторыка-культурным музеем-запаведнікам «Заслаўе» і Беларускім саюзам майстроў народнай творчасці. З фондаў музея-запаведніка «Заслаўе» прывезлі каля 30 унікальных маляваных дываноў. Сярод іх лепшыя творы Алены Кіш — «Дзева на водах», «Ліст да каханага», «Рай». Уласна гэта тры асноўныя сюжэты творчасці мастачкі, якая ніколі не атрымлівала адмысловай адукацыі, але ўвайшла ў сусветныя энцыклапедыі наіўнага мастацтва.
У сваіх працах Алена Кіш праз майстэрскую стылізацыю ўсіх элементаў кампазіцыі стварыла ўнікальную вобразную мадэль. Пры гэтым яна прытрымлівалася прынцыпаў народнай маляванкі — у яе кампазіцыях спалучаліся рэалістычныя і дэкаратыўныя элементы. Цэнтр дывана адводзіўся фігуратыўнай, пазнавальнай выяве, а краі палатна ўпрыгожваліся арнаментальнай кампазіцыяй.
Мастацтва Кіш адкрылі беларускія мастакі ў 1970-я гады, у прыватнасці Уладзімір Басалыга, які ў дзяцінстве бачыў яе дываны. Цяпер большасць твораў гэтай аўтаркі захоўваецца ў Заслаўі.
На выставе паказалі работы сучаснікаў мастачкі — Язэпа Драздовіча, Фёдара Сухавілы, Ніканора Зосіка. А таксама творы безыменных вясковых майстроў, чые працы былі сабраны ў этнаграфічных экспедыцыях.
Язэп Драздовіч вылучаецца з гэтага шэрагу, ён быў прафесійным мастаком, атрымаў асновы мастацкай адукацыі. У яго дыванах злучаліся элементы традыцыйнага, самадзейнага і прафесійнага мастацтва.
Выстава паказвае «маляванку» як асаблівую эстэтычную сістэму і яе пераасэнсаванне сучаснымі аўтарамі. Напрыклад, у экспазіцыі можна ўбачыць працы, створаныя ў 2000-я гады падчас першых творчых пленэраў, прысвечаных памяці мастачкі.
Некаторыя аўтары 2010–2020-х гадоў звяртаюцца да свету Алены Кіш праз іншыя тэхнікі – жывапіс, афорт, літаграфію, выцінанку, батык, габелен. Стылістычна гэтыя працы не адносяцца да наіўнага мастацтва, іх аўтары вольна інтэрпрэтуюць сюжэты дываноў і іх кампазіцыйныя прынцыпы.
Выстава будзе працаваць да 31 жніўня.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram