Максім Знак стаў пераможцам прэміі Цэнтра Вацлава Гавела «Парушэнне спакою»

Культура
Максім Знак

Беларускі юрыст, пісьменнік і палітычны актывіст Максім Знак стаў лаўрэатам прэміі Цэнтра Вацлава Гавела «Парушэнне спакою», якая прысуджаецца адважнаму пісьменніку ў небяспецы.

Журы адзінагалосна абрала яго пераможцам у конкурсе, заўважыў Беларускі ПЭН.

«У цяперашні час Максім Знак адбывае 10-гадовы тэрмін зняволення ў Беларусі за сваю мірную палітычную дзейнасць і стаў сімвалам інтэлектуальнага супраціву. Яго зборнік турэмных апавяданняў «Зэкамерон», натхнёны «Дэкамеронам» Бакача, сведчыць пра моц літаратуры за кратамі.

Кніга складаецца са 100 замалёвак, якія адлюстроўваюць абсурднасць, іронію, жорсткасць і чалавечнасць у беларускай пенітэнцыярнай сістэме, прапаноўваючы як гарачае асуджэнне дзяржаўных рэпрэсій, так і сцвярджэнне чалавечай годнасці», — адзначаецца на сайце прэміі.

Саліл Трыпаці, былы старшыня Камітэта пісьменнікаў у зняволенні PEN International і цяперашні член праўлення PEN International, пракаментаваў выбар журы:

«Максім Знак не толькі валодае бясхібнай грацыяй і іроніяй, якія былі ўласцівы Вацлаву Гавелу, але і праяўляе настойлівасць у пошуках справядлівасці і свабоды для свайго народа мірнымі сродкамі.

[У сваім творы] ён прыводзіць нас у турму, дзе ён сам знаходзіцца, і распавядае яркія гісторыі пра іншых зняволеных, адзначаючы іх цёмны гумар і робячы іх больш чалавечнымі. Урад, магчыма, хоча сцерці іх, але Знак сведчыць і памятае. Ён — варты пераможца, які «парушае спакой»; няхай ён хутка будзе на волі».

Прэмія «Парушэнне спакою» вылучае аўтараў выбітных твораў мастацкай літаратуры, літаратурнай публіцыстыкі, біяграфій, мемуараў, драматургіі або паэзіі, якія праяўляюць адважнасць у іншадумстве і зазнаюць несправядлівы пераслед за абарону дэмакратыі і правоў чалавека.

Сёлета ў намінантах прэміі разам з Максімам Знакам былі: алжырскі і французскі журналіст і пісьменнік Камель Дауд, кубінскі музыкант Майкель Асорбо і турэцкая сацыялагіня Пінар Селек.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.

Последние новости