Максім Знак. Фота: Марыя Карнеенка.
Юрыст, музыка і былы палітвязень, які стаў адным з сімвалаў беларускага супраціву 2020 года, Максім Знак паведаміў у фэйсбуку, што яго музычныя запісы з’явіліся на асноўных музычных стрымінгавых платформах.
У сваім допісе ён патлумачыў, што яго часта запытвалі, чаму яго музыкі няма на папулярных платформах. «Падтэкст быў такі — варта толькі перакласці трэкі з Soundcloud (дзе я быў Max Bai) ў іншае месца… дык адразу gloria mundi наваліцца навалай. Ну ўсё, здзейснілася! То чакаем натоўпаў)
Вядома ж ніякая пляцоўка не вытрымае такога наплыву аматараў маёй музыкі, таму (а таксама з-за розных пляцовачных густаў сяброў) мы размясцілі ўсе на розных сэрвісах — агулам на 25.
Цяпер песні Знака можна знайсьці, увёўшы ў пошуку «Maksim Znak» на такіх сэрвісах, як Spotify, Apple Music і YouTube Music.
Знак удакладніў, што пакуль выкладзены толькі песні, запісаныя на студыі да 2020 года. Апошнія 5 год студыйных запісаў не было, але над гэтым цяпер ідзе праца.
З выкладзенага музыка рае альбом «Ветразь» — там аранжыроўкі, зробленыя з прафесійнымі музыкамі і выбітная праца мультыінструменталісткі, спявачкі, выкладчыцы па вакалу Una Perasetskaya.
Кантэнт з’явіўся ў анлайн-сэрвісах дзякуючы сыну музыкі — Алесю Знаку
У планах Максіма Знака «рабіць новае (вельмі шмат ужо напісана песен, але пакуль «не запісваецца»). Усе новае будзе з’яўляцца на ўсіх пляцоўках. Першымі з’явяцца «Маякі».
«Пабег глядзець, як круціцца лічыльнік праслухоўванняў. Цікава, ці пераадолее хоць адна з песен 1000 за сёння?», — піша Знак напрыканцы.
Нагадаем, што Максім Знак у мінулым месяцы даў інтэрв’ю нашаму выданню, у якім распавёў, як творчасць нараджаецца нават у самых невыносных умовах.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram