Фрагмент афішы да спектакля.
9 і 10 жніўня ў Тэатры Бота (Teatr BOTO) у Сопаце адбудзецца прэм’ера пастаноўкі «LITHOPEDION II». Гэты спектакль, створаны ў эстэтыцы сацыяльнага хорару, стаў новым праектам беларускай рэжысёркі Жэні Давідзенкі.
Жэня Давідзенка — выпускніца Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, якая зараз актыўна і паспяхова працуе ў Польшчы. Яе пастаноўкі і перфарматыўныя чытанні адрозніваюцца сацыяльным кантэкстам, рэфлексіяй над досведам эміграцыі, сістэмным гвалтам і чалавечай тоеснасцю (сярод яе прагучалых работ — спектакль пра вопыт палітычнай эміграцыі «Да дому наўпрост 10 гадзін язды» ў Гданьскім Тэатры Шэкспіра і рэквіем «Расстраляныя» да Ночы расстраляных паэтаў).
Пункт выхаду для новага спектакля — рэальная і балючая медыцынская з’ява літапедыёна («каменнага дзіцяці»), калі мёртвы плод застаецца ў целе гадамі. У гэтай інтэрпрэтацыі феномен перарастае ў метафару досведу, замарожанага сістэмамі, бюракратычнымі працэдурамі і сацыяльнымі механізмамі выключэння.
Як адзначаюць стваральнікі, гісторыі гераінь сплятаюцца ў апавяданне пра асоб, якія функцыянуюць на мяжы бачнасці — завіснуўшы паміж жыццём і выжываннем, між інстытуцыйнай апекай і гвалтам сістэмы. Спектакль закранае вострыя тэмы беспашпартнасці, эмацыйнага і фізічнага вычарпання, а таксама права на элементарную бяспеку.
Над стварэннем атмасферы і візуальнага шэрагу працавала інтэрнацыянальная каманда.
Драматычны тэкст для пастаноўкі напісала вядомая польская драматургіня Марта Сакалоўска (Marta Sokołowska) — лаўрэатка прэстыжных літаратурных узнагарод і аўтарка тэкстаў пра маргіналізаваныя групы і сацыяльныя рэфлексіі.
За гукавое афармленне і музыку адказвае Патрыцыя Высакіньска (Patrycja Wysokińska). Візуальнае аблічча спектакля — сцэнаграфію і касцюмы — распрацавала беларуская мастачка Алена Грыбянчук.
У пластычным вырашэнні дапамагае харэограф Патрык Гацкі (Patryk Gacki), а за відэаэфекты і плакат адказваюць Джэкі Рыдз (Jacky Reed) і Аляксандра Катарска (Aleksandra Katarska).
На сцэне гісторыю рэалізуюць актрысы: Марта Герман (Marta Herman), Уршуля Кабеля (Urszula Kobiela) і Марэна Нечуя-Урбаньска (Morena Nachuja-Urbańska).
Пастаноўка створаная ў межах Праграмы OFF Polska пры падтрымцы Гданьскага цэнтра сучаснага мастацтва і арт-інкубатара Goyki 3 у капрадукцыі з Тэатрам BOTO.
Час і месца: 9 і 10 жніўня а 18.00, Teatr BOTO, Сопат.
Набыць квіткі можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram