Reform.news

«Магчыма, мы апынуліся ў магутным месцы трансфармацыі»: Аляксандр Ждановіч і Вольга Сіліванчык пра выставу ў Варшаве, творчасць і выклікі эміграцыі

Reform.news · 17 ноября 2026, 12:59

https://reform.news/magchyma-my-apynulisja-magutnym-mescy-transfarmacyi-aljaksandr-zhdanovich-i-volga-silivanchyk-pra-vystavu-varshave-tvorchasc-i-vykliki-jemigracyi/

У Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве сёння адкрываецца выстава Вольгі Сіліванчык «Святло-Адчувальнасць». У межах праекта таксама адбудуцца мастацка-тэатральныя лабараторыі для дзяцей і дарослых разам з акторам Аляксандрам Ждановічам.

«Рым — Варшава — Беларусь: агульная культурная прастора» — ідэя, якая аб’ядноўвае праект. У жывапісе Вольгі Сіліванчык святло і колеры Італіі сустракаюцца з памяццю і роздумам пра Беларусь. У цэнтры яе творчасці — праца з натуры, атмасфера і непасрэднае ўражанне.

Творцы пазнаёміліся на здымках фільма пра беларусаў у Італіі. З таго часу іх жыццё падзелена паміж Польшчай і Італіяй.

Перад адкрыццём выставы паразмаўлялі з Аляксандрам Ждановічам і Вольгай Сіліванчык пра сумесныя праекты і розныя краіны.

Вольга Сіліванчык — беларуская мастачка, жывапісец і педагог. Скончыла Мінскае мастацкае вучылішча імя Глебава, цяпер жыве і працуе ў Італіі. Удзельніца рымскіх мастацкіх аб’яднанняў 100 Pittori di Via Margutta і Art Studio Tre, міжнародных выстаў, фестываляў і пленэраў, лаўрэатка мастацкіх конкурсаў і прэмій.

Аляксандр Ждановіч — беларускі актор тэатра і кіно, педагог, вядомы як шматгадовы вядучы дзіцячай праграмы «Калыханка». Стваральнік дзіцячай тэатральнай студыі «Радасць» і інклюзіўнага тэатральнага праекта, былы мастацкі кіраўнік міжнароднага фестывалю батлеечных і лялечных тэатраў «Нябёсы».

Вольга Селіванчык перад адкрыццём выставы. Фота: В.С.

Выстава

— «Святло-Адчувальнасць» — гэта ваш агульны сумесны праект. Навошта такая складаная лагістыка. Перавозіць творы з Італіі, дамаўляцца з памяшканнем у Варшаве, ладзіць майстэрні? З якой мэтай вы арганізавалі гэты праект у такой складанай форме? Што чакаеце ад яго?

Аляксандр Ждановіч: Адказваючы на ваша пытанне, можна было б пабудаваць нейкі канцэптуальны, мудрагелісты адказ. Але ад сябе скажу шчыра: я проста хацеў, каб карціны Вольгі, з якімі я пазнаёміўся ў Італіі, убачылі ў Варшаве. Вось і ўсе. Вясной я прывёў яе ў Музей Вольнай Беларусі і сказаў: давайце зладзім выставу!

Магчыма, калі б я ведаў з якімі складанасцямі нам прыйдзецца сутыкнуцца, апусціліся б рукі. Але часта калі вельмі жадаеш, калі маеш сапраўдную «блакітную мару», яна дапамагае і вядзе цябе!

Вольга Сіліванчык: Калі Саша прапанаваў арганізаваць маю выставу ў Варшаве, я, вядома, узрадавалася. Хоць выдатна разумела, які аб’ём працы нас чакае. Адна справа арганізаваць выставу там, дзе ты жывеш, і зусім іншая перавезці дзясяткі карцін праз палову Еўропы, вырашыць масу тэхнічных і арганізацыйных і фінансавых пытанняў.

Але для мяне сапраўды важна, што гэтая выстава адбудзецца менавіта ў Варшаве, дзе сёння жыве столькі беларусаў. За гады жыцця ў Італіі я стварыла цэлы жывапісны свет, якім мне даўно хочацца падзяліцца са сваімі суайчыннікамі.

Аляксандр Ждановіч: Для нас асабіста гэты праект — стварэнне прасторы, дзе мы можам аб’яднацца з Вольгай. Мы жывем у розных краінах, працуем у розных мастацкіх жанрах, але нас аб’ядноўвае Беларусь, памяць пра яе і жаданне працягваць ствараць беларускую культуру незалежна ад месца, у якім знаходзімся.

Фрагмент экспазіцыі выставы. Фота: В.С.

— Чаму такая назва выставы і якія на ёй будуць творы і праекты?

Аляксандр Ждановіч: Назва «Святло-Адчувальнасць» нарадзілася з самой ідэі выставы. Выстава складаецца з двух заляў, двух бакоў творчасці мастачкі: «святло» і «адчувальнасць». Першы — пленэрны жывапіс, створаны ў Рыме ды іншых кутках Італіі. Гэта карціны напоўненыя прыгажосцю і паэзіяй паўднёвай краіны.

Вольга Сіліванчык: Для мяне жывапіс пачынаецца са святла. Менавіта святло нараджае колер, стварае атмасферу, настрой. Мяне можа спыніць зусім звычайны куток горада, проста таму, што ў гэты момант на яго незвычайна падае святло. І мне хочацца адрызу захаваць сваё ўражанне на палатне.
А ў другой зале зусім іншы свет. Гэта працы, звязаныя з Беларуссю, з падзеямі 2020 года, лёсамі людзей, якія перажылі рэпрэсіі і эміграцыю. Гэта частка майго праекта «Голас надзеі», які я прадстаўляла ў Рыме ў 2024 годзе.

Але для мяне гэта не два асобныя светы. Гэта два бакі аднаго чалавека. Бо мастак не можа быць адчувальным толькі да прыгажосці святла і зусім неадчувальным да таго, што адбываецца вакол яго.

Аляксандр Ждановіч: Хацелася давесці да гледача думку пра тое, што не гледзячы на трагічны досвед, няважна, уласны досвед мастачкі ці наш агульны, заўсёды можна захоўваць і святло, і надзею. Можна быць адчувальным і да болю, і да прыгажосці, і гэта не супярэчыць адно аднаму.

Карціна Вольгі Сіліванчык з экспазіцыі выставы.

Творчасць і сутворчасць

— Шчасце ў жыцці – знайсці свайго чалавека, унікальная рэч – знайсці таго, з кім можна яшчэ рабіць сумесныя праекты. Як вы ўяўляеце свой творчы тандэм, што кожны з вас дае іншаму?

Вольга Сіліванчык: Цікава ў нашым тандэме тое, што мы людзі розных творчых прафесій і ў кожнага ёсць свой свет. Саша акцёр, чалавек тэатра, літаратуры і слова. Я мастак, мыслю перадусім візуальнымі вобразамі, колерам і формай.

Аляксандр Ждановіч: Калі мы разам наведваем мастацкую выставу, ці аглядаем спектакль — гэта пераўтвараецца ў гарачую дыскусію. Кожны з нас можа адкрыць другому шмат новага і цікавага. Нам цікава разам у жыцці. Хочацца, каб гэта адбілася і на тым, што мы робім разам і паасобку.

Наш саюз, тандэм, называйце як хочаце, з самага пачатку мы бачылі як творчы. Ідэя рабіць нешта вар’яцкі-цудоўнае разам прывяла нас да тэатральна-мастацкай лабараторыі. Бла-бла-латорыі, як я жартую. Мастачка + актор + дзеці. Асноўным быў план звязаны з манатыпіей, творчай гульнёй на развіццё візуальнай фантазіі. Ад тэатра мы дадалі акторскія ажыўленні нафантазаваных персанажаў.

Мы маем шматлікія цікавыя планы. Стварэнне лялечнага тэатрыка. Ілюстраванне новых кніжак. Усе толькі пачынаецца…

Карціна Вольгі Сіліванчык з экспазіцыі выставы.

— Вольга, у вас да жывапісу быў няпросты шлях. Чаму вы пачалі пісаць карціны?

Вольга Сіліванчык: Жывапіс стаў маім усвядомленым прафесійным выбарам яшчэ ў 2003 годзе. З тых часоў ён развіваўся паралельна з маёй працай у кіналогіі.

Пасля пераезду ў Італію абставіны склаліся так, што я цалкам засяродзілася на жывапісе і выкладанні. Рым з яго неверагодным мастацкім асяроддзем стаў для мяне велізарнай крыніцай натхнення і адкрыў новыя творчыя магчымасці.

Была і больш празаічная прычына: праблемы з хрыбетнікам і перанесеная аперацыя. Праца кінолага патрабуе сур’ёзных фізічных нагрузак, якія сталі для мяне немагчымыя. Вядома, працу мастака таксама не назавеш лёгкай, але ў маёй сітуацыі яна апынуўся больш прыдатным.

Так што жывапіс не стаў нечаканай зменай прафесіі. Хутчэй, з двух кірункаў, якімі я займалася шмат гадоў, адзін паступова стаў галоўнай справай майго жыцця.

— Аляксандр, вы звярнуліся да малявання пасля сустрэчы з Вольгай. Ці гэта быў працяг ранейшых творчых пошукаў?

Аляксандр Ждановіч: Я маляваў паўжыцця. У Мінску некалькі разоў ладзілі невялічкія выставы маіх работ у тэатры, дзе я служыў, у музеі тэатра і музыкі. Два гады вучыўся на іканапісных курсах. Але пасля 2020 года нешта абарвалася ўнутры, тады я думаў, што назаўжды. І вось сустрэча з цудоўнай мастачкай не тое, каб натхніла… Я б яшчэ гады чакаў натхнення. Проста Вольга сказала: вось табе палатно, вось пэндзлі, сядай, працуй! У выніку адна з маіх карцін цяпер у калекцыі сям’і Шыліных, якія ладзяць выставы беларускіх мастакоў у еўрапейскіх гарадах. Жыццё — непрадказальнае!

Карціна Вольгі Сіліванчык з экспазіцыі выставы.

Эміграцыя як месца сілы

— Што дае творчасць у эміграцыі – магчымасць абстрагавацца, знаходзіць новыя сувязі і знаёмствы? Ці наадварот – новыя складанасці? Што не хапае вам як творцам – каманды, памяшкання, падтрымкі інстытуцыяў? Што трэба для творчага шчасця?

Вольга Сіліванчык: Для мяне жывапіс з’яўляецца спосабам быць шчаслівай. Я шчаслівая, калі пішу. Мне добра ў самім працэсе.

І ў эміграцыі гэта асабліва важна. Калі вакол столькі нявызначанасці, калі многае даводзіцца пачынаць зноўку, творчасць становіцца тым, што дапамагае захаваць унутраную апору.
Вядома, эміграцыя для мастака звязаная і з цяжкасцямі. Ты апынаешся ў іншым культурным і прафесійным асяроддзі, дзе трэба зноўку выбудоўваць сувязі, шукаць магчымасці працаваць, выстаўляцца, знаходзіць свайго гледача. Гэта няпроста.
Але адначасова эміграцыя адкрывае новыя гарызонты. Я пазнаёмілася з цікавымі людзьмі, удзельнічаю ў міжнародных пленэрах і выставах. Сама стала аўтарам творчых праектаў і педагагічных праграм.

Аляксандр Ждановіч: Не толькі творчасць, але звычайнае жыццё ў эміграцыі, гэта выклік. Не кожны можа даць гэтаму рады. Твой прафесійны статус губляецца. Трэба пераадольваць шмат перашкод, моўных, культурніцкіх, фінансава-бытавых.

Але з іншага боку такую сітуацыю можна ўспрыняць, як трамплін, бо… каб зрабіць віно, трэба раздушыць вінаград, дыяменты ўтвараюцца пад ціскам, з аліў выціскаецца алей, насенне расце ў цемры. Таму калі мы пачуваемся раздушаным, пад ціскам ці ў цемры, важна памятаць — магчыма мы апынуліся ў магутным месцы транфармацыі. Можна скарыстацца гэтым, каб адкрыць для сябе новыя шляхі і новыя здольнасці…

Выстава адкрыецца сёння, 17 лістапада, у Музеі Вольнай Беларусі па адрасе: Foksal 11/1, Варшава. І будзе працаваць да 30 лістапада.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Реклама

Добавить комментарий