Мабільная галерэя «Shklatar» прэзентавала выставу «Пясок», аднак толькі на дзень

У варшаўскай Studio ISKRA беларускія мастакі з Варшавы і Берліна — Андрэй Анро, Васіліса Паляніна і Аляксандр Адамаў — прэзентавалі аднадзённую выставу «Пясок».

Аб’екты Аляксандра Адамава. Фота Reform.by.

Творы, зробленыя за апошнія два гады, з’яднаныя ідэяй трансфармацыі: гэта трансфармацыя цеплазахавальнага матэрыялу ў куртку для бежанцаў ці агрэсіўнай прылады для баранавання зямлі ў мяккі загадкавы аб’ект — як у праектах Аляксандра Адамава; перавод страчанага інтэр’ера беларускага храма ў віртуальную рэальнасць — як у рабоце Андрэя Анро; метафарычныя пераўтварэнні Васілісы Палянінай у прасторы міфа.

Васіліса Паляніна. Blessed rain. 2023. Праект «Твары Лесу». Фота Reform.by.

У сукупнасці экспазіцыя з’яўляецца пераасэнсаваннем пераменаў у жыцці ўсходнееўрапейскага грамадства.

«Грамадства ёсць сукупнасцю адзінак, якія атрымалі ў суме і масе сваёй новыя ўласцівасці — як і пясок, зліпаецца пад шчыльнасцю часу і рассыпаецца зноў да ўдару маланкі. І зноў новая форма — шкло — і новыя ўласцівасці — далікатная празрыстасць«, — паведамляе анатацыя выставы.

Андрэй Анро. Крык. Алей. 2022. Фота Reform.by.

Выстава «Пясок» — з-за яе кароткачасовасці — магла б прайсці незаўважанай, аднак гэта першы праект новай галерэі, які варта зафіксаваць.

Галерэя «Shklatar» мае ў сваё назве шэраг зашыфраваных культавых для беларускай арт-прасторы паняццяў і лакацый. Гэта і намёк на раман Артура Клінава, і асацыяцыі з галерэяй «Ў». Мастакі новай галерэі — Андрэй Анро, Васіліса Паляніна і Аляксандр Адамаў — жывуць у розных краінах, таму месца новых выстаў галерэі застаецца пакуль невядомым, як і склад удзельнікаў.

Аднак само ўзнікненне такога, хоць пакуль даволі эфемернага праекта дае надзею на актывізацыю і актуалізацыю прафесійнага мастацкага жыцця. Варта толькі дачакацца новых выстаў.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!