Людзі культуры, якіх мы страцілі ў 2024 годзе

Напрыканцы 2024-га згадаем, каго мы страцілі ў культуры за гэты год.

 

Твор скульптара Ігара Голубева перад Чырвоным касцёлам.
  • 1 студзеня памерла майстрыха аўтарскай лялькі Ірына Ражко — кіраўніца Майстэрні аўтарскай лялькі, выкладчыца курсаў па вырабе аўтарскай лялькі. Яна арганізоўвала і ўдзельнічала ў шматлікіх выставах.
  • 4 студзеня памёр пісьменнік і краязнаўца Яўген Гучок. Удзельнічаў у арганізацыі грамадскага аб’яднання «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны», а таксама Беларускага народнага фронту «Адраджэнне». Першыя вершы Гучка былі надрукаваныя яшчэ ў 1959 годзе.
  • 10 студзеня 2024 года ва ўзросце 91 год пайшла з жыцця Ірына Назімава, беларускі мастацтвазнаўца, педагог, аўтарка даследаванняў па тэорыі і гісторыі беларускага і сусветнага выяўленчага мастацтва, праблемах эстэтычнага выхавання, адзін са старэйшых навуковых супрацоўнікаў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь (з 1957 года).
  • 15 студзеня ва ўзросце 66 гадоў памёр вядомы беларускі фотограф, прадстаўніком «новай хвалі» творчай фатаграфіі 1980‑х Уладзімір Парфянок. Ён быў крытыкам і аналітыкам фотамастацтва, куратарам выставачных праектаў і адным з заснавальнікаў галерэі візуальных мастацтваў Nova, выкладчыкам Школы фатаграфіі ў Мінску, супрацоўнікам Нацыянальнага Цэнтра сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь, кіраўніком дыскусійнага клуба BLOW UP, навуковым супрацоўнікам Мемарыяльнага музея-майстэрні Заіра Азгура.
  • 21 студзеня памёр паэт Міхаіл Ганчароў. Вершы публікаваліся ў зборніку «Весь» (Рыга, 1992), у альманахах «Маналог» і «Мінская школа». У 1995 годзе ў Мінскім выдавецтве «Вінаград» выйшла кніга вершаў Міхаіла Ганчарова «Хрустальны шар». Лаўрэат фестываляў і конкурсаў аўтарскай песні ў Смаленску (1982) і Вільні (1988). Яму было 66 гадоў
  • 24 студзеня памёр архітэктар Яраслаў Ліневіч ва ўзросце 92 гадоў. У 1989—1994 гадах быў галоўным архітэктарам Мінска. З’яўляецца аўтарам і сааўтарам такіх работ як генеральны план Брэста (1965), праекты планіроўкі водна-зялёнага дыяметра Мінска (1970) і цэнтральнай часткі Мінска (1983).
  • 7 лютага памерла артыстка Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі Алена Сафронава. Ёй быў 71 год.
  • 12 лютага памёр маладзечанскі настаўнік і паэт Лявон Цімохін, вядомы сваёй актыўнай грамадскай дзейнасцю, быў адным з пачынальнікаў грамадскага руху ў Маладзечне ў часы гарбачоўскай перабудовы, таксама яго імя сярод ініцыятараў дэкамунізацыі горада, якая часткова была праведзена ў першай палове 1990-х гадоў, калі мэрам горада быў Генадзь Карпенка.
  • 1 сакавіка 2024 года пайшоў з жыцця скульптар, сябра Беларускага саюза мастакоў Ігар Голубеў — аўтар знакавых помнікаў у Мінску і іншых беларускіх гарадах, скульптуры «Вечны вандроўнік», прысвечанай Язэпу Драздовічу, кампазіцыі «Архангел Міхаіл перамагае змея» перад Чырвоным касёлам. Аўтар помнікаў Уладзіміру Караткевічу ў Оршы, Напалеону Ордзе ў Іванаве, Еўфрасінні Полацкай у Полацку.
  • 4 сакавіка памёр акцёр Дзмітрый Малашчыцкі. Артыст з сярэдзіны нулявых граў у расійскіх, украінскіх і беларускіх фільмах і серыялах, сярод якіх «Сваты», «Мухтар. Новы след», «Мужчыны не плачуць» і іншых. У ліпені 2020 года разам з іншымі прадстаўнікамі творчых прафесій удзельнічаў у запісе відэазвароту з патрабаваннем вызваліць беларускіх палітвязняў. Акцёру было 45 гадоў.
  • 8 сакавіка памёр балетмайстар Веніямін Захараў. За сваю балетную кар’еру Веньямін Захараў выходзіў на сцэну больш за тысячу разоў — у галоўных партыях у балетах. Яму было 55 гадоў.
  • 15 сакавіка памёр мастак-графік, дызайнер, каліграф Усевалад Свентахоўскі, які аднавіў шрыфты на аснове скарынінскіх. Быў выкладчыкам факультэта дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў і ўдзельнікам шматлікіх выстаў. Мастаку было 58 гадоў.

    Графічны твор Усевалада Свентахоўскага.

  • 5 красавіка памёр беларускі пісьменнік, паэт і перакладчык Мікола Маляўка. Самай важнай кнігай у сваім жыцці ён лічыў зборнік «Старая зямля», у якую ўвайшло каля 300 санетаў. Гэтая кніга прысвечана яго роднай вёсцы і яе жыхарам. На вершы паэта былі напісаны песні, паводле драматычных твораў ставіліся спектаклі. Яму было 82 гады.
  • 14 красавіка памёр мастак Мікола Крукаў. Працаваў у галіне манументальнага і станковага жывапісу ў Гродзенскім мастацкім камбінаце. Быў майстрам іканапісу, партрэта, жанравага жывапісу і анімалістыкі. Яму было 64 гады.
  • 22 красавіка памёр спевак і артыст тэатру Лявон Габрусёнак. Ён быў актыўным ўдзельнікам беларускага жыцця ў Санкт-Пецярбургу. Яму было 69 гадоў.
  • 24 красавіка памёр пісьменнік Алесь Клышка. Выдаў шмат паэтычных зборнікаў, сярод якіх — «Ад каранёў да кроны», «Далёкае — блізкае», «Сустрэча», «Стрэчанне» і іншыя. Выпусціў фільм па гісторыі Менску «Менская зямля», а таксама шэраг аўдыёкнігаў і музычных стужак. У суаўтарстве з паэтам Знічом (Алегам Бембелем) выдаў чатыры кнігі роздумаў-дыялогаў. Яму было 76 гадоў.
  • 25 красавіка памёр архітэктар, рэстаратар і краязнаўца Мікалай Уласюк. Працаваў выкладчыкам у БрДТУ, выгадаваў у Брэсце не адно пакаленне архітэктараў-рэстаўратараў. Даследаваў архітэктурную гісторыю Брэста, выдаваў кнігі, у вольны час праводзіў аматарскія экскурсіі па Трышынскіх могілках. Яму было 65 гадоў.
  • 6 мая памёр баранавіцкі музыка і кампазітар Юрый Вальмус — аўтар шматлікіх музычных твораў. Яму было 52 гады.
  • 7 мая памёр мастак і музыка Васіль Пачыцкі, вядомы як аўтар карыкатур з зайцамі ў «БелГазеце», з якой супрацоўнічаў каля 10 гадоў. Быў ілюстратарам для кніг і музычных альбомаў. З’яўляўся лідарам андэграўнднага музычнага гурта «Перабор». Яму было 57 гадоў.
  • 20 чэрвеня памёр кампазітар, удзельнік «Сяброў» Мікалай Сацура. Яму было 72 гады.
  • 1 ліпеня памёр мастак Леанід Дзягілеў, які працаваў мастаком-графікам, педагогам вышэйшай школы, мастацтвазнаўцам, экадызайнерам і экспазіцыянерам. Яму было 83 гады.
  • 1 ліпеня памёр валожынскі краязнаўца Павел Арлоўскі, заснавальнік папулярнай краязнаўчай суполкі ў фэйсбуку «Наша Валожыншчына». Таксама ён стварыў у сацсетках суполку для людзей з міядыстрафіяй Дзюшэна, хваробай, на якую сам пакутаваў, і арганізоўваў у аграсядзібе «Налібоцкія васількі» Валожынскага раёна афлайн-сустрэчы людзей з такім дыягназам. Яму быў 31 год.
  • 15 ліпеня памёр беларускі кампазітар Леанід Гуцін, які працаваў у сімфанічным, вакальна-сімфанічным, камерна-вакальным і камерна-інструментальным жанрах, пісаў музыку для дзяцей. Разам з Ігарам Паліводам быў аўтарам «Раймонды». Яму было 76 гадоў.
  • 15 ліпеня памёр мастак Валерый Чайка, аўтар вітражоў літага шкла для станцыі менскага метро «Інстытут культуры», кавярні «Грунвальд» у Менску, аб’ёмна-прасторавых кампазіцый у музеі нафтавікоў у Рэчыцы і іншых. Ён таксама аўтар класічнага вітража «Крыж» з роспісам абразоў па шкле ў менскім Свята-Духавым кафедральным саборы. Яму было 73 гады.
  • 16 ліпеня памёр вядомы беларускі дыджэй Ігар Гіпс, адзін з хэдлайнераў культавага мінскага клуба «Рэзервацыя», дзе праходзілі самыя прыкметныя і неардынарныя вечарынкі тых гадоў.
  • 10 жніўня памёр пінскі краязнаўца Эдуард Злобін, аўтар шматлікіх артыкулаў па гісторыі Пінска і Піншчыны, адзін са складальнікаў гісторыка-дакументальнай хронікі «Памяць. Пінскі раён». Яму было 52 гады.
  • 31 жніўня памёр акцёр Георгій Маляўскі. Працаваў у Купалаўскім тэатры, дзе іграў у культавых спектаклях «Эмігранты», «Дракон», «Ідыліі» і «Тутэйшых». Пакінуўшы трупу ў 2020 годзе, стаў першы з актораў-купалаўцаў, хто пайшоў з жыцця, не дачакаўшыся вяртання ў родны тэатр. Маляўскаму было 77 гадоў.
  • 9 верасня памёр беларускі рэпер Ягор Марозаў (Эміа Афішл), які ўдзельнічаў у рэп-праектах Versus Battle і Minsk Independent Battle, а таксама быў чальцом беларускага рэп-гурта Minskuad. Яму было 34 гады.
  • 23 верасня памёр беларускі панк-рокер Віктар Жаркевіч. Легенда беларускага панку, Віктар «Мао» Жаркевіч у 1997 годзе быў заснавальнікам і аўтарам тэкстаў мінскага панк-гурта Hate to state. Жаркевічу быў 51 год.
  • 30 верасня памёр мінскі фотамастак Аляксей Труфанаў. Ён быў адным са стваральнікаў і ўдзельнікаў творчай суполкі META, якая была створана ў Мінску ў 1983 годзе беларускімі фотамастакамі і амаль 10 гадоў аб’ядноўвала вакол сябе фатографаў таго часу і развівала беларускую фатаграфію.
  • 8 кастрычніка памёр выдатны беларускі мастак, скульптар, графік Уладзімір Церабун, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, ганаровы грамадзянін Смаргоні, аўтар шэрагу работ як станковых, так і манументальных: скульптур, скульптур з мазаікай, кампазіцый са шкла і металу з крыніцамі асвятлення для грамадскіх будынкаў. Шмат працаваў у жанры гарадской скульптуры. Яму было 77 гадоў.
Уладзімір Церабун. Свяцязянка на возеры Свіцязь. Фота: cbibl.by.
  • 18 кастрычніка памёр мастак Віктар Лук’янаў, аўтар дзясяткаў манументальных работ у інтэр’ерах і экстэр’ерах грамадскіх будынкаў Наваполацка. Яму было 84 гады.
  • 18 кастрычніка памёр мовазнаўца Генадзь Цыхун — беларускі мовазнавец, галоўны навуковы супрацоўнік аддзелу славістыкі і тэорыі мовы Інстытуту мовазнаўства імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар філалагічных навук (1982), прафесар (1996), акадэмік Міжнароднай акадэміі Еўразіі, доктар honoris causa Сафійскага ўніверсітэта (2003), член Міжнароднага камітэта славістаў. Яму было 87 гадоў.
  • 20 кастрычніка памёр паэт і выдавец Мікола Трафімчук. З’яўляўся сябрам літаратурнага аб’яднання «Світанак», а з 1984 года – яго кіраўніком. З 1994 года – у рэдакцыі газеты “Наша доля”. У 2005 годзе Мікола Трафімчук стаў заснавальнікам і галоўным рэдактарам літаратурна-мастацкага альманаха “Гоман”. Яму было 74 гады.
  • 26 кастрычніка памёр кампазітар і харавы дырыжор і педагог Алег Елісеенкаў. Яму было 66 гадоў.
  • 28 кастрычніка ў Гродне памёр харэограф, арганізатар і мастацкі кіраўнік Народнага ансамблю танца «Вянок» Мікалай Окаракаў. Яму было 78 гадоў.
  • 1 лістапада памёр Алег Жукаў, беларускі паэт-песеннік, аўтар больш за трыста песень для расійскіх і беларускіх выканаўцаў, музыка, кампазітар, выканаўца. Яму было 87 гадоў.
  • 3 лістапада памёр доктар філалагічных навук, акадэмік, літаратуразнаўца, крытык, пісьменнік Уладзімір Гніламёдаў. Яму было 86 гадоў.
  • 7 лістапада памёр літаратуразнаўца, перакладчык і славіст Іван Чарота. Перакладаў з сербскай, славенскай, македонскай, польскай і іншых моў на беларускую і рускую, а таксама з беларускай і рускай на сербскую. У яго даробку больш за 1200 друкаваных перакладаў, у тым ліку звыш 70 кніжных выданняў.
  • 24 лістапада памёр віцебскі мастак Аляксандр Слепаў, адзін са стваральнікаў Віцебскага творчага аб’яднання «Квадрат, якое працягвала традыцыі супрэматызму і іншых напрамкаў авангарду. Нейкі час працаваў у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа. Яму было 74 гады.
  • 8 снежня 2024 года на 77 годзе пасля працяглай цяжкай хваробы пайшла з жыцця сябра секцыі крытыкі і мастацтвазнаўства Беларускага саюза мастакоў Таццяна Цюрына. З’яўляецца аўтарам кнігі «Чароўны экран» пра мастакоў візуальных мастацтваў. Асноўныя публікацыі прысвечаны жывапісу, творчаму жыццю мастакоў, агульным праблемам нацыянальнай культуры.
  • 11 снежня 2024 года на 72 годзе пайшоў з жыцця Леанід Лук’янцаў, мастак-манументаліст, педагог, выкладчык гімназіі-каледжа мастацтваў імя Ахрэмчыка.
  • Сёння, 30 снежня 2024 года, прыйшло паведамленне аб смеці Якуба Лапаткі, перакладчыка на беларускую з фінскай, іспанскай, англійскай, французскай, лацінскай ды іншых моваў. Першы лаўрэат прэміі імя Карласа Шэрмана за пераклад з фінскай мовы кнігі «Калевала» спадар Якуб пайшоў з жыцця ў Хельсінкі ва ўзросце 80 гадоў.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!