«Людзі ездзяць у вандроўкі, каб разабрацца ў тым, хто яны ёсць»: экскурсавод — пра тое, як змянілі падзеі апошніх гадоў унутраны турызм

Главное
Адноўленая сядзіба Рэйтанаў у Грушаўцы - аб'ект, які пачынае набываць папулярнасць у турыстаў. Фота: Peisatai, Вікіпедыя.

Прыток расійскіх турыстаў, цікавасць беларусаў да гісторыі свайго краю, пытанне самаідэнтыфікацыі, запуск новых культурных аб’ектаў… І пры гэтым рэпрэсіі экскурсаводаў, культурных работнікаў, цэнзура, афіцыйна прапапісаная ў новай пастанове — калі пазначыць тэндэнцыі летняга сезону 2023, то на прыкладзе сферы турызму можна ўбачыць, якія змены адбываюцца ў беларускім грамадстве і краіне за апошні час.

Разам з Reform.by падвесці вынікі перыяду адпачынкаў і шырэй — турыстычнага года — пагадзілася Таццяна К. (імя зменена) — экскурсавод з вялікім стажам, якая мае досвед арганізацыі як групавых тураў, так і індывідуальных ваяжаў па ўсёй Беларусі. З Таццянай мы пагутарылі пра тое, хто сёння з замежных турыстаў вандруе па Беларусі? Як змяніўся попыт беларусаў? Як падзеі 2020 года паўплывалі на грамадства і цікавасць да гісторыі? Як гэта — увогуле — быць экскурсаводам у краіне, якая перапісвае сваю гісторыю?

"Людзі ездзяць у вандроўкі, каб разабрацца ў тым, хто яны ёсць": экскурсавод - пра тое, як змянілі падзеі апошніх гадоў унутраны турызм
Замкавы комплекс «Мір». Фота: Alexxx1979, Вікіпедыя.

«Цяпер практычна 90% вандроўнікаў — гэта расіяне і беларусы»

— Таццяна, што сёння адбываецца на турыстычным рынку ў Беларусі? Якія змены здарыліся за апошняе лета, гады?

— Змянілася структура попыту. Вельмі шмат стала расійскіх турыстаў. Калі ў 2018-2019 гадах у Беларусь прыязджала шмат палякаў, літоўцаў — у нас жа «бязвіз», увогуле, было шмат турыстаў з розных краін, то цяпер практычна 90% вандроўнікаў — гэта расіяне і беларусы. У мяне 80% замоваў ад расійскіх турыстаў.

Што ў расійскіх турыстаў карыстаецца попытам? Як яны ставяцца да Беларусі, да нашай гісторыі?

— Усе — у захапленні. Мне падаецца, што асноўныя кірункі, якія цікавяць расіян — гэта Мінск, Гродна, Брэст, Полацк, Віцебск, плюс санаторны адпачынак. Усім тут падабаецца. Прыветліва, чысценька, роўненька і ўсё такое. Плюс тут для расіян нядорага. Асабліва зараз, калі расійскі рубль «падсеў».

Гродна і Брэст — гэта для нашых усходніх суседзяў еўрапейскія кірункі. Амаль кожны другі кажа, што паколькі Еўропа закрыта, прыехалі да вас.

А ў беларусаў назіраецца цікавасць да сваёй краіны?

— Безумоўна! Яна вырасла апошнім часам у разы. Натуральна, што не ўсе могуць атрымаць візы, каб паехаць за мяжу, і гэта трэба ўлічваць, але людзі сталі ездзіць па краіне больш. Падарожнічаюць сем’ямі — з дзецьмі, падлеткамі, меней стала групавых заявак, людзі заказваюць індывідуальныя туры. І распытваюць, цікавяцца, задаюць пытанні. Мне падаецца, што цяпер склалася такая сітуацыя ў грамадстве, што людзям і няма каму задаць тыя пытанні — пра гісторыю, этнагенез, этнічныя моманты, увогуле складаныя моманты ў гісторыі. І яны адрасуюць іх экскурсаводам. А каму яшчэ? Няма публічных пляцовак для агучвання гэтых тэм, а людзі намагаюцца для сябе іх высветліць.

"Людзі ездзяць у вандроўкі, каб разабрацца ў тым, хто яны ёсць": экскурсавод - пра тое, як змянілі падзеі апошніх гадоў унутраны турызм
Косаўскі палац Пуслоўскіх. Фота: zamok-kossovo.by.

«Мы хочам ведаць прычыны таго, што зараз адбываецца»

Таццяна, вельмі цікава. І што людзі ў цябе пытаюцца?

— У беларусаў, скажам, распаўсюджана такое пытанне: калі беларусы з’явіліся як нацыя? Ці чаму Вялікае Княства Літоўскае лічыцца нашым — яно ж літоўскае? Натуральна, гэта пытанні ад «простага» турыста, але яны маюць месца быць.

Яшчэ такая рэч, што з’явілася шмат вандроўнікаў, якія ездзяць на самоце, не чакаюць кампаніі. І яны гатовыя плаціць, каб ім зладзілі індывідуальны тур. Вось такія турысты намагаюцца разабрацца ў гістарычных падзеях — тут пытанні ўжо не такія агульныя. Скажам, я расказваю пра другі падзел Рэчы Паспалітай. Яны пытаюцца: «Вось Расія і Прусія дзеляць Рэч Паспалітую. А дзе ў гэты час знаходзіцца армія Рэчы Паспалітай? Што ў гэты час робіць парламент? Чаму яны не абараняюць сваю радзіму?». Гэта ўжо цікавасць іншага кшталту.

То-бок людзі намагаюцца разабрацца ў гісторыі і сабе, так?

— Абсалютна. У мінулым, сучаснасці. Бо ўсё, як мы ведаем, звязана. Некаторыя так і кажуць: «Мы хочам ведаць прычыны таго, што зараз адбываецца». Людзі ездзяць у вандроўкі, каб разабрацца ў тым, хто яны ёсць.

Што пытаюць расійскія турысты?

— Расіяне, якія былі ў маіх групах, цікавяцца: чаму беларусы не размаўляюць на беларускай мове. Ці, скажам: як у Заходняй Беларусі ў 1939 годзе сустрэлі савецкую ўладу? Калі вас заваявалі літоўцы? — такое пытанне таксама ёсць.

Трэба адзначыць, што расійскія турысты сустракаюцца розныя. Ёсць тыя, якія абураюцца, калі ім распавядаеш пра пэўныя старонкі гісторыі, але ёсць і тыя, якім наадварот цікава — яны хочуць ведаць наш погляд на падзеі. Яны нават эмацыйна рэагуюць на пэўныя рэчы: «Божухна, як сорамна! Як можа было ўзарваць Фару Вітаўта?». (Адзін з самых старажытных храмаў ВКЛ савецкія ўлады ўзарвалі ў 1961 годзе — Reform.by). А іншыя могуць буркнуць: «Такі быў час».

Памятаю, як адны расійскія турысты скардзіліся, што ў Беларусі расіян не любяць. Маўляў, яны праехаліся па гарадах, і экскурсаводы кажуць, што ў мінулым рускія шмат што ў Беларусі зруйнавалі. «І гэта, і тое…» — абураюцца яны. Я на гэта адказваю: «Не камплексуйце, у нас і шведы таксама пабывалі, шмат чаго ўзарвалі».

"Людзі ездзяць у вандроўкі, каб разабрацца ў тым, хто яны ёсць": экскурсавод - пра тое, як змянілі падзеі апошніх гадоў унутраны турызм
Гародня, Стары Рынак, Фара Вітаўта. Фота: Henryk Poddębski, Вікіпедыя. 1937 год.

«Шчучыншчына зараз — адзін з папулярных маршрутаў»

На тваю думку, ці паўплывалі падзеі 2020 года на цікавасць беларусаў да сваёй краіны?

— Так, людзі пачалі больш цікавіцца сваёй гісторыяй. Яны сталі наноў адкрываць Беларусь.

І я бы сказала, што на дадзеным этапе беларусы ўжо пайшлі ўглыб — галоўныя помнікі, асноўнае ўжо пагледжана — Мір, Нясвіж, Косава, і людзі пайшлі ў аграсядзібы, балоты, экалагічныя тэмы. Беларусы палюбілі ўсялякія прыродныя экскурсіі — каякі, байдаркі распісаны на месяц наперад.

Сёння ў трэндах вандроўкі на Палессе — Пінск, Моталь. Шчучыншчына ўзляцела пасля вядомай песніАлены Жалудок, і зараз адзін з найбольш папулярных маршрутаў. Хіт вельмі добра ўскалыхнуў увагу да краю, горада, а потым пачало працаваць «сарафаннае радыё». Людзі бачаць у Інстаграме фотаздымкі сяброў на фоне — і справа пайшла далей.

Ёсць хваля цікавасці да нейкіх аб’ектаў?

— Стары Замак у Гродна. Ён ужо два гады «на хвалі». Музейшчыкі з цяжкасцю спраўляюцца з той плынню наведвальнікаў, якая на іх абрынулася. Вялікі плюс, што там рэгулярна адкрываюцца новыя залы. Адкрылася адна зала — усе схадзілі, потым падрыхтавалі новыя — зноў цікавасць публікі з’явілася, нядаўна вось алебастравая зала дадалася — чаму б зноў не наведаць замак? У людзей увесь час ёсць падстава туды хадзіць.

У Косава адкрылі цэлы паверх — у Палац Пуслоўскіх едуць тыя, хто там быў і пяць, і тры, і два гады таму.

Адбыўся сёлета запуск комплекса Булгакаў у Жылічах — беларусы паехалі. Калі ёсць інфанагоды — попыт будзе.

Я зараз, напрыклад, збіралася ў Брэст групу весці. Група была там чатыры гады таму, мы паглядзелі амаль усе музеі Брэста. А чаго там новенькага? Пакуль не ведаю, што ім прапанаваць.

"Людзі ездзяць у вандроўкі, каб разабрацца ў тым, хто яны ёсць": экскурсавод - пра тое, як змянілі падзеі апошніх гадоў унутраны турызм
Ландшафтны заказнік «Ельня». Фота: altamar.by

«Гэта пытанне знаходзіцца па-за сферай маёй кампетэнцыі»

Дзяржава неяк падтрымлівае цікавасць беларусаў да спадчыны?

— Дзяржава, мне падаецца, ва інфраструктуру зусім не ўкладвае. Вось адкрыліся Жылічы, а што там побач з Жылічамі? Ці ёсць дзе пасяліцца? Дзе паснедаць? Кожны помнік, калі ён адкрываецца — гэта добрая нагода з’ездзіць у той раён, куды ты раней не дабіраўся. Паглядзець адну славутасць, другую, заночыць у мясцовым гатэлі, аграсядзібе, «зачапіць» па дарозе яшчэ цікавостку, набыць сувеніры. Ці ёсць гэта інфраструктура? Мне падаецца, з гэтым у нас бяда. Як бяда і з маркетынгам. Шмат помнікаў наведваюць толькі за кошт «сарафаннага радыё». Так не павінна быць.

Гэтым летам Міністэрства спорту і турызму вызначылася з патрабаваннямі да экскурсаводаў і гідаў- перакладчыкаў у пастанове №33 ад 4 ліпеня. У прыватнасці, там гаворыцца аб «недапушчэнні суб’ектыўных некарэктных ацэнак і выказванняў аб Беларусі і іншых дзяржавах», і аб прыняцці мер па недапушчэнні «некарэктных, правакацыйных і іншых негатыўных выказванняў або дзеянняў». Як гэты дакумент сказаўся на вашай працы?

— Шчыра кажучы, тыя пункты, якія ты працытавала — я так для сябе і не зразумела. Што такое «прыняцце мер па недапушчэнні некарэктных дзеянняў»? То-бок, калі турысты нам кажуць штосьці «некарэктнае», мы павінны спыніць экскурсію? Міліцыю выклікаць? Не зразумела.

На мой погляд, гэты дакумент проста рэгламентуе тое, што адбывалася — калі экскурсаводаў пазбаўлялі акрэдытацыі за неадпаведнасць маральна-этычнагаму вобліку. Але цяпер і кожны чалавек, які прыходзіць на экскурсію і пачынае казаць нейкую лухту,  можа цябе падставіць. Бо за яго словы, атрымоўваюцца, цябе могуць пакараць.

"Людзі ездзяць у вандроўкі, каб разабрацца ў тым, хто яны ёсць": экскурсавод - пра тое, як змянілі падзеі апошніх гадоў унутраны турызм
Адноўлены Палац Булгакаў у Жылічах. Фота: smartpress.by.

Ці ёсць слушныя патрабаванні ў гэтай пастанове?

— Там ёсць перапісаныя рэчы, якія і так існавалі — па сертыфікацыі, гэта ўсё было. Мне падаецца, што ўсё пісалася дзеля гэтых самых пунктаў пра «некарэктныя дзеянні» і «недапушчэнне некарэктных ацэнак» з нашага боку. Каб мы прытрымлівалі свае меркаванні. Хоць, па сутнасці, мы свае меркаванні і не выказваем. У нас тэарэтычна ёсць зацверджаныя кантрольны і індывідуальны тэксты — мы па гэтых тэкстах экскурсіі і вядзем.

На практыцы ўсё цяпер робіцца так. Калі турысты задаюць пытанні, якія падаюцца мне некарэктнымі, я проста на іх не адказваю.

Гэта часта здараецца?

— Здараецца. Бо людзей цікавяць нейкія рэчы, звязаныя з палітыкай, эканомікай. Але калі я пастаўлена ў такія ўмовы, калі адказваць, лічы, нельга, мне нічога не застаецца, як ухіліцца ад адказу. Я так і кажу: «Гэта пытанне знаходзіцца па-за сферай маёй кампетэнцыі».

«Увесь час мусіш балансаваць паміж гістарычнай праўдай і «палітыкай партыі»

— Як гэта ўвогуле — працаваць экскурсаводам у Беларусі ў 2023 годзе?

— З аднаго боку, як мы ўжо акрэслілі, попыт на экскурсіі, падарожжы вельмі высокі. Працы больш, чым мы можам пацягнуць. З іншага боку, ты ўвесь час паміж молатам і кавадлам, увесь час мусіш балансаваць паміж гістарычнай праўдай і «палітыкай партыі». Гэта вельмі няпроста. Пры тым, што ў нас ёсць кантрольныя тэксты, пра якія я казала вышэй, нават тое, што прапісана ў кантрольных тэкстах — усё роўна можа выклікаць пытанні. Бо тыя ўзоры пісаліся 3-5-7-10 гадоў таму. І тое, што тады падавалася нармальным, сёння можа паказацца ненармальным. Ты ўвесь час мусіш думаць, што ты гаворыш.

Людзі сыходзяць з прафесіі?

— Пакуль трымаюцца. Але гэта так — прафесійных гідаў становіцца ўсе менш.

Асабліва складана сёння знайсці гіда ў невялікіх гарадах і мястэчках. Тых, каму можа было б даверыць сваіх турыстаў.

Сёння гіду прасцей зрабіць «аглядкі» (аглядныя экскурсіі — Reform.by) па Мінску, чым везці кудысьці, дзе трэба рыхтавацца.

"Людзі ездзяць у вандроўкі, каб разабрацца ў тым, хто яны ёсць": экскурсавод - пра тое, як змянілі падзеі апошніх гадоў унутраны турызм
Экскурсавод Ігар Хмара быў затрыманы ў 2022 годзе. Зараз крязнаўца адбывае тэрмін на «хатняй хіміі» за арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх. Фото: t.me/x_mara.

Бывае і такое, што прыязджаеш у музей і разумееш, што ва ўстанове добрых супрацоўнікаў засталося на раз-два. Усіх пазвальнялі. Замест іх прыходзяць па размеркаванні ўчорашнія cтудэнты. І атрымоўваецца, што музей добры, а распавесці пра яго няма каму.

І тады мы выходзім на галоўнае пытанне — а што такое прыцягальнасць краіны ў вачах іншых? Так, у нас ёсць што паглядзець, але не толькі помнікі ствараюць імідж — яго робяць людзі. Тыя, хто цябе сустракае, распавядае, знаёміць з краем. Зараз намагаюцца задушыць экскурсаводаў няшчасных. Ну, добра, вы іх задушыце, і хто вам будзе краіну паказваць? Чыноўнікі?

Зараз гэта каста закаханых у краіну людзей яшчэ застаецца ў Беларусі. Але ці надоўга яны застануцца? Краіна паўстае праз расповед экскурсаводаў — калі яны знікнуць, то і гісторыя сыдзе.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.news


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: