Сцэна са спектакля. Фота: сацсеткі тэатра.
У аднога з найвядомых беларускіх рэжысёраў Яўгена Карняга — новы спектакль. У сталічным Тэатры лялек учора адбылася прэм’ера «Лэдзі М.цэнскага ўезду» — паводле твора Мікалая Ляскова. Як адзначаюць тэатральныя крытыкі, пастаноўка з адзнакай 18+ — моцна ўражвае мастацкай мовай і бязлітасным адлюстраваннем усепаглынальнай жарсці.
У спектаклі галоўнай гераіняй становіцца апантанасць «лэдзі Макбет» — маладой купецкай жонцы Кацярыны Ізмайлавай, якая затужыла без кахання.
«У цішыні Мцэнскай глушэчы пачуцці да прыказчыка абрушваюцца на яе раптоўнай забойчай страсцю, — нагадваецца ў анатацыі фабула твора Мікалая Ляскова. — Яўген Карняг ужо ў назве скарачае імя да безаблічнай, невядомай М., што падкрэслівае: усепаглынальная страсць зацьмявае розум, прымушаючы чалавека губляць сябе і адчуванне праўды» .
Як адзначаюць гледачы і крытыкі, пастаноўка вельмі цяжкая для прагляду і перажывання, бо ў ёй без прыўкрасаў паказаная татальная дыструктыўнасць «сляпога» пачуцця.
Усе мужчынскія персанажы ў атачэнні лэдзі М. — лялькі, толькі яна ў чалавечым абліччы здзейсняе забойства ў імя, як ёй падаецца, кахання.
Спектакль Яўген Карняг стварыў у супрацы з даўнімі паплечніцамі: мастачкай Таццянай Нерсісян і кампазітаркай Кацярынай Аверкавай.
У пастаноўцы задзейнічаны выключна жаночы склад трупы. Менавіта актрысы-жанчыны кіруюць лялькамі-мужчынамі.
«Лэдзі М. цэнскага павета» — гэта глыбокае псіхалагічнае даследаванне чалавечай прыроды, калі жаданні могуць пазбавіць здаровага розуму, — піша пра пастаноўку крытык Ларыса Цімошык. — Незвычайныя лялечныя, пластычныя і гукавыя рашэнні, што ўласціва аўтарскаму почырку Яўгена Карняга і яго каманды, прыцягваюць тэатральных гурманаў, якія не чакаюць простых адказаў — і такіх шмат, бо квіткі на першыя паказы разышліся. Спектакль пра злачынную жарсць, вядома, для дарослых, а яны разумеюць, што паход у Беларускі дзяржаўны тэатр лялек не заўсёды будзе забавай. У дадзеным выпадку дакладна — не. Глеба для роздуму» .
Квіткі на спектакль тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram