20 кастрычніка а 19-й гадзіне ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча распачынаецца серыя мерапрыемстваў праекта “Вежа міру”.
Згодна з казкай Максіма Багдановіча, толькі творцы з чыстым сэрцам і рукамі маглі пабудаваць такую вежу, бо сапраўдная творчасць — гэта заўсёды пра любоў і святло. «Але каб адшукаць сваіх паэтаў, мастакоў, кампазітараў, мы павінны таксама прыкладаць намаганні і адкрывацца для новых ведаў«, — пішуць у анатацыі праекта.
На літаратурна-музычнай імпрэзе “Золата восені” ў межах праекта “Вежа міру” будуць гучаць вершы паэтаў, якія часам застаюцца па-за нашай увагай: Мікалая Арочкі, Анатоля Клышкі, Юркі Гаўрука, Юлія Таўбіна, Канстанцыі Буйло, Алеся Гаруна з невялікімі біяграфічнымі замалёўкамі пра творцаў.
На вечарыне выступіць ансамбль салістаў “Класік-Авангард” пад кіраўніцтвам Людмілы Каліноўскай з праграмай “Золата восені”.
Уваходны квіток – 10 рублёў.
Адрас музея: Мінск, вул. М. Багдановіча, 7а.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram