На кніжным кірмашы ў Варшаве, які адбыўся на гэтых выходных, Праваабарончы цэнтр «Вясна» зладзіў лекцыю пра заснавальніка арганізацыі, грамадскага дзеяча, пісьменніка, палітвязня і лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру (2022) Алеся Бяляцкага. Падчас сустрэчы з неведвальнікамі падзеі праваабронца арганізацыі Марына Кастылянчанка распавяла пра cтудэнцкія гады спадара Алеся, заснаванне цэнтра, крымінальны пераслед і турэмнае зняволенне Нобелеўскага лаўрэата, дзеліцца «Вясна».
«Алесь заўсёды быў побач з народам, выходзіў на масавыя акцыі пратэсту, каб падтрымаць людзей у барацьбе за дэмакратыю і свабоду. Клапаціўся пра паплечнікаў і сябраў арганізацыі, але сам застаўваўся ў Беларусі нават пад пагрозай крымінальнага пераследу, — распавяла Марына Кастылянчанка падчас выступу. — Улады спрабавалі спыніць дзейнасць «Вясны» праз вялізарныя тэрміны зняволення кіраўніка арганізацыі і калегаў. Але мы працягваем нашу працу, якую амаль тры дзясяткі гадоў таму распачаў Алесь, і не спынімся, пакуль усе не будуць вольныя».
Гэтаксама праваабаронца звярнула ўвагу на тое, як можна падтрымаць Алеся Бяляцкага і яго дзейнасць, падкрэсліўшы важную ролю ў распаўсюдзе і розгаласе інфармацыі пра рэпрэсіі ў адносінах не толькі заснавальніка «Вясны» і яго паплечнікаў, але і ўсіх беларусаў і беларусак.
Нагадаем, што заснавальніка Праваабарончага цэнтра «Вясна» Алеся Бяляцкага разам з калегамі затрымалі 14 ліпеня 2021 года, а пазней асудзілі да 10 гадоў калоніі. Падчас свайго знаходжання за кратамі праваабаронца быў абвешчаны лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram